Першая сядзіба ўтварылася тут яшчэ ў XV стагоддзі. Належала яна розным гаспадарам – князям Друцкім-Горскім, нашчадкам Усяслава Чарадзея, каралеўскаму генерал-ад’ютанту Станіславу Прушынскаму... Гасцявалі тут і апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў-Аўгуст Панятоўскі, і расійскі імператар Павел І. Натхнялі магутныя лошыцкія дрэвы і кампазітара Станіслава Манюшку, і пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча... Менавіта ў Лошыцы пад Менскам пасяліў Дунін-Марцінкевіч героя сваёй паэмы “Вечарніцы”. А напрыканцы ХІХ стагоддзя сядзіба перайшла да сваяка Прушынскіх Яўстафія Любанскага. Гэта быў чалавек адметны. Менавіта ён паспрыяў таму, каб Лошыцкі парк стаўся такім адметным – адусюль прывозілі туды саджанцы рэдкіх раслінаў. А яшчэ пан Яўстафій спансараваў няўдалы замах на мінскага губернатара Курлова. А паколькі быў натурай дзейснай, любіў усё новае, то захапіўся апошняй тэхнічнай навінкай свайго часу – веласіпедам. Любанскі ўзначальваў таварыства мінскіх веласіпедыстаў і ладзіў на сваёй сядзібе іх выступленні. Ажаніўся ўладальнік Лошыцы пазнавата, у 37 гадоў, а за жонку ўзяў юную прыгажуню, дваццацігадовую Ядвігу Кіневіч, дачку прадвадзіцеля мазырскай шляхты. Любіў і песціў маладую жонку надзвычай. Напрыклад, спецыяльна для яе прывёз з Японіі рэдкае дрэва – магнолію кобус, якая дасюль расце ў Лошыцкім парку...
У 1905 годзе святкаваўся дзён народзінаў пані Ядвігі. На пышны баль з’ехаліся госці... І аднаму з іх удалося скрасці сэрца пані. Каханне не схавалася ад цікаўных вачэй. Праз два месяцы цела Ядвігі Любанскай знайшлі ў Свіслачы, каля перакуленай лодкі. Нібыта ноччу на сцежцы спусцілася яна з крутога берагу (сцежка захавалася дасюль), села ў лодку... Але як адбылася трагедыя – не ведае ніхто. Вядома, найбольш падазрона выглядалі паводзіны мужа.
Яўстафій Любанскі страшэнна гараваў. Ён чамусьці загадаў закласці акно ў пакоі памерлай жонкі цэглай і з’ехаў на Каўказ, дзе хутка памёр.
Свінцовая труна з целам пані Ядвігі захоўвалася ў Лошыцкай капліцы. У 1935 годзе новыя гаспадары сядзібы ўзарвалі непатрэбны будынак, а труну пані Ядвігі адправілі на пераплаўку для акумулятараў машынна-трактарнай станцыі. Але гісторыя на гэтым не закончылася. Кажуць, калі прыйсці ў Лошыцкі парк з 10 да 11 вечара ў час цвіцення маньчжурскага абрыкосу, і пры гэтым будзе свяціць поўня, на яе фоне можна разгледзець выразны сілуэт жанчыны ў белым адзенні. Бачылі нібыта ў гэты час жаночы сілуэт і над вадой, дзе зліваюцца Свіслач і Лошыца. І кожны год прывезеная Яўстафіем Любанскім з Японіі магнолія кобус расцвітае ў дзень нараджэння пані Ядвігі.
Расказваюць страшныя гісторыі і пра разваліны Лошыцкіх млыноў. Млыны заўсёды лічыліся прытулкам нячыстай сілы. Асабліва небяспечна прыходзіць туды ўночы, калі свеціць поўня, ды яшчэ нападпітку... Кажуць, і цяпер некаторыя небаракі сустракаліся там з цёмнымі сіламі, ды пасля не маглі ўжо пра гэта распавесці.
Але звязаны з Лошыцай і рамантычныя павер’і, напрыклад, пра заручальны дуб, да якога і цяпер многія ходзяць прасіць дапамогі ў каханні. І не дзіва – расліны тут сапраўды нібыта напоўненыя незвычайнай сілай. Травы – вышэй чалавечага росту... Дрэвы – па тры-чатыры ствалы... Нездарма тут праводзілі свае эксперыменты з раслінамі навукоўцы. Адну старую ліпу, паваленую ветрам, распілавалі, палічылі кольцы – аказалася, дрэву 240 гадоў. Сакрэт, напэўна, у тым, што 10 тысяч гадоў назад менавіта тут спыніўся апошні ляднік. 32 віды глебы знайшлі на тэрыторыі Лошыцкай сядзібы!
Сёння Лошыца аднаўляецца і робіцца адным з любімых месцаў прагулак гараджан. Галоўнае – помніць, што не страшныя гісторыі мінуўшчыны, а наша сучасная неахайнасць губіць прыгажосць таямнічых месцаў.
Непадалёк ад Залатой Горкі, уздоўж трамвайных пуцей знаходзяцца Вайсковыя могілкі, а ў іх глыбіні прыгожы будынак з чырвонай цэглы – царква Аляксандра Неўскага.
У 1877 годзе пачалася руска-турэцкая вайна за вызваленне балгарскага народу. Бралі ўдзел у ёй і беларусы. 54-ы пяхотны Мінскі полк адным з першых фарсіраваў Дунай, вызваліў горад Свіштоў... І ў 1898 годзе на Вайсковых могілках замест драўлянага быў пабудаваны цагляны храм у гонар перамогі над туркамі і ў памяць беларусаў, што аддалі жыцці за волю братняга народу. У цэнтральным нефе дасюль – дзве мемарыяльныя дошкі з імёнамі 118 беларускіх жаўнераў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага палка, якія загінулі пры ўзяцці Плеўны. Захоўваецца ў храме і паходная царква 119-га Каломенскага палка, унутры якой, на кардонках, таксама імёны загінулых.
Храму на Вайсковых могілках пашанцавала – ён ніколі не мяняў свайго аблічча, не мяняў свайго прызначэння. У час Вялікай Айчыннай вайны купал царквы прабіла бомба. Яна ўпала перад абразом Міколы Угодніка... І не разарвалася.