Читаем Імя грушы полностью

І вось я вераснёўскім днём, адсвяткаваўшы наконадні з сям’ёй і дрýжкамі дзень майго анёла-заступніка і васемнаццаты год нараджэння, мусіла адвітацца з бацькоўскімі мясцінамі і выправілася ў той губернскі горад. Менск (а так горад зваўся ў даўніх летапісах, так яго мянуе просты люд, такую назову ўжываў і галоўны герой маіх прыпамінкаў) сустрэў мяне туманам і брыдкаю імжою. Не знаю ад чаго, але даймала такое адчуванне, што то былі не драбнюткія дажджынкі, а кропелькі мёду ці яшчэ чагось ліпкага. Гэтая ліпкасць якраз і тварыла ўражанне брыды. Да ўсяго дадавалася прыгадка пра чуты мной у восем годзікаў расказ аб выпадку выпачлівасці надвор’я ў далекаватай ад Гомеля Вільні. Там у часе красавіцкае навальніцы выпалі масы нейкага рэчыва шэрага колеру, якое складалася з камякоў памерам у гарэх. І было яно ці то смалістым, ці то сцюдзяністым. Нічым не пахла. Калі навучоныя дзядзечкі бралі гэта рэчыва паліць, яно распаўсюджвала саладжавы пах. А калі кідалі ў ваду яно разбухала, нібыта жэлацін, а пасля рабілася надта падобным на дрыжэль. Мо’ і нявартым было б гэтую гісторыю тут прыгадваць, але яна доўгі час пужала мяне. Дык не дзіва, што нават намёк на штось блізкае таму прычыняў мне дыскамфорт у значна сталейшым веку. Сапраўды, я баялася шэрага жэлаціну, а зусім не таго, што ў адрозненне ад браціка не маю Wiwimacher, як спрабуюць цяпер давесці некаторыя аўстрыйскія дактары. Вось жа ўявіце мой душэўны стан, калі мне «пашчасціла» трапіць у Менску пад клейкую імжу! Хоць можа яна зусім і не была клейкаю, а толькі маё хваляванне на парозе новага жыцця выдавала такога кшталту сімптомы. Да таго ж у горад я троху спазнілася. З-за сялянскіх хваляванняў паліцыя не прапусціла наш экіпаж звычайнаю дарогай, і давялося рабіць досыць вялікі крук, каб лучыць у Менск па Барысаўскім тракце. Не зважаючы ні на што, гэта было цудоўнае відовішча. Для вачэй разгарнулася прыгожая панарама колькіх гор, узгоркаў і стромкіх абрываў, высланых штучнымі і натуральнымі газонамі, аздобленыя вялікімі садамі, памаранчнямі, шыкоўнымі кветнікамі. Рака Свіслач звівалася, быццам чорная гадзюка, якіх я ладна на глядзелася сваім часам дома, асабліва за родным бацюхнам Сажом. Уражвала неаднастайнасць свіслацкае плыні: то яна тулілася да пабярэжніцы, троху марудзячы, то быццам бы адхіналася ад сваіх берагоў, занікала ў даліне, каб потым з шумам і каскадам прабіцца на прастор і лянотна церабіць свой адвечны шлях далей праз камяністае ўзвышша. На гарах і ўзгорках красавалі будынкі: то высокія і шырокія, то вузкія і даўгаватыя, крытыя чарапіцаю (успамін пра Вялікае княства), то нарэшце чысценькія, ахайныя зялёныя і жоўтыя дамкі з чырвонымі дахамі, узорыстымі стаўнямі і кратаванай агароджай. Далей былі гаі і алеі гарадскога саду, размаітыя нязнаныя мне свецкія будынкі і царкоўныя спаруды. Мы мінулі застаўны дом ды шлагбаум (так званую рагатку), і ўрэшце я магла сказаць сама сабе: «Вось ты, Наталечка, і ў Менску! Вітаю цябе, незнаёмае места!». Папраўдзе, што я там ведала пра Менск?! Так, безумоўна, я чытвала да таго нешта ў Карамзіна і памятала, што першы ўспамінак летапісцаў пра Менск быў успамінкам пра ягонае знішчэнне паўднёварускімі князямі. У дзяцінстве мяне гэта надта дзівіла, бо малароскіх дзядзечак, каторыя ў Гомелі на Траецкім кірмашы прадавалі соль, я ніяк не магла ўявіць у ваярскіх рыцарскіх строях. То і мроіліся мне фурманкі, наладаваныя соллю, вакол старажытнага града, і чумакі, якія без памяці сыпалі “сіль” на Менск. Але ў кніжках пісалі пра кроў ды пра косці сыноў рускіх, і мне рабілася да напружання цікава – а з дочкамі што? Maman et papa нічога казаць не хацелі, зацікаўлення тутэйшай гісторыяй не ўхвалялі і засаджвалі мяне за фартэпіяна. І я іграла, зноў а зноў катуючы сябе нуднымі спалучэннямі нотаў. Дык жа атрымалася – няблага іграла…

Выйшаўшы з экіпажа я была троху разгубленай, збянтэжанай. Ведала, што вуліца Койданаўская, дзе мяне павінны былі прыняць хросная з мужам ляжала недзе паблізу. Але я не магла акілзаць спакусы хоць адным вокам глянуць на менскія вуліцы, балазе паклажу я мела нецяжкую. Стаяла я гэтак між Петрапаўлаўскім саборам і бэрнардынскімі мурамі, ня знаючы куды падацца. Увагу маю прыцягнула трохпавярховая спаруда, як падалося цыкляпічных памераў. То мусіў быць гасцінны двор, пра які ўжо чула ад сваіх родзічаў. Я подаўга разглядала сёе-тое з галантарэйных ды парфумных тавараў, пра што даводзілася чытаць у пецярбургскіх magazines для дамаў. Ды яно ўсё мне было не па кішэні. Ля крамак з садавіною, аднак, не ўстрымалася і набыла колькі грушак. Менавіта грушак, бо яблыкі выклікалі непрыемныя асацыяцыі ды ўяўленне, што імі абавязкова трэба кагосьці частаваць. Я ж да вакольнага люду прыглядалася з насцярожанасцю і недаверам. Запрыкмеціўшы, што на другім паверсе гандлююць чаем, ядвабам, сукном ды наагул усякім красным таварам, скеміла, што рабіць там мне таксама няма чаго. Ішла я, як памятаю, раз-пораз чырванеючы, бо была пераканана, што гляджуся смешнай правінцыялкай у месце, якое некаторыя не збаяліся ахрысціць беларускай сталіцай.

Перейти на страницу:

Похожие книги