Ён узняў свае ясныя вочы і зірнуў на мяне з чароўнай усмешкай, годнай сапраўднага рыцара.
– Шаноўная спадарыня Наталля, – працягваў іскрыцца Вайніслаў, – магчыма гэта адно мая (і нічыя больш) праўда.
– Прашу прабачэння, – азваўся Павел. – Не «крыўскіх», а «рускіх», як памятаецца.
– Мяркую, што ў арыгінале было ўсё-ткі «крыўскіх». Спалучэнне ў адным сказе прыметнікаў «крывавы» і «крыўскі» яўна ўзмацняе паэтычны эфект. Да таго ж у нямігскай бітве мянчан-крывічоў разбілі.
Падобныя адкрыцці мяне тады ўразілі, але не так багата, як майго мілага. Ён увогуле падаваўся зачараваным вандроўнікам па мысленаму дрэву, і гледзячы на госця, толькі паціскаў плячыма ды разводзіў рукамі.
–
Размова з нашым госцем, inter alias, у той вечар гэтым не скончылася. Павел, ачуняўшы троху ад нязвыклага погляду на «Ігараву песню», вярнуўся зноўку да так і няўспомненага Вайніславам Баяна:
– А што тады ў святле вашых смелых думак застаецца з вешчым песняром? Ён таксама прыдуманы манастырскім містыфікатарам?
Вайніслаў у чарговы раз усміхнуўся, зрабіў заўвагу наконт асабліасцяў успрыняцця прамоўленага ды толькі тады адказаў на пастаўленыя запыты.
– Баян – мітычная істасць. Я не паўзяўся б казаць пра ягоную менскую аселасць, але з землямі крывічоў яго вобраз безумоўна знітаваны. Гэта толькі шляхецкія надуцькі з ХVІ стагоддзя свае радаводы сталі весці ад фараонаў ды палямонаў, а то нават і ад часоў усясветнае паводкі. Вось жа век дзевятнаццаты, і чорт рогі паламае – хто мы такія насамрэч ёсць? Палякі, ліцьвіны, беларусы, крывічы, рускія… Напрыклад нейкі пан тутэйшы заве сябе палякам. Хто тады яму ягоныя сяляне? Палякі? Не! Ён назаве іх як заўгодна, але ня гэтак, як мянуе сябе. Ён паранейшаму адасоблены. Ён усё яшчэ плёскаецца ў рымскіх хвалях ці коціцца сармацкай каляінай. Хаця зрэдку бывае запіша якую chłopsku piosenku дый носіцца з ёю,
– Вайніславе, але ці можна пра Баяна? – нецярпліва настойваў мой мілы.
– Ну дык вось, сяляне лічаць, што продкам усяго людства нашага краю быў чалавек па імені Бай або Бой. Пра яго аж дасюль ходзяць легенды. А гутарнікі, накшталт Піліпа Смурага, цэлае радаводнае дрэва ад Бая вымалёўваюць. Сугучча з Баянам відавочнае. У Слове Баян названы ўнукам Сварога, то можна яго залічыць у пантэон язычніцкіх багоў гэтага краю. Бог слова, спеваў, паэзіі. Мы яшчэ будзем дзве сотні год запісваць народныя творы, а потым яшчэ год трыста будзем іх асэнсоўваць. Калі, канечне, людцы не вынайдуць якіх-кольвек штучных мазгоў, якія будуць думаць і вырашаць у 366 і болей разоў хутчэй за нас нягеглых.
Калі мы развітваліся, Павел горача падзякаваў Вайніславу, запрашаючы не прамінаць наступных сустрэчаў. Той ізноўку чароўна ўсміхнуўся і паабяцаў прынесці
Мой менскі быт цягнуўся далей. Для сваіх пансіянарак я сталася сапраўднаю любімкаю, і не адна з іх прыходзіла да мяне за нейкай жыццёвай парадай, якую мне было даваць зусім няпроста. Я ж сама не так даўно была дзяўчынкай, бачыўшы свет ружовым і бесклапотным, хаця часамі чытала нештачкі не вельмі вясёлкавае. Дык жа даводзілася зазвычай прасіць у арупленых навучэнак часу на роздум, а самой гутарыць дома з Серафімай Паўлаўнай. Хросная, як ніхто, зналася ўва многіх нюансах жыццёвых сцежак-дарожак і выдавала такія рэцэпты, якія ўяўляліся бездакорнымі. Пансіянаркі былі ад тых парад у захапленні і дзячылі, як толькі ўмелі. Вось толькі спадарыня Шрэйдар, каторая ўчула пра мае кансультацыі, троху ўзвар’явалася. Я нават мусіла з’ясняцца з ёй крыху на гэты конт. На дзіва, мне пашчасціла пераканаць гаспадыню ў карыснасці сумоўяў з навучэнкамі. З хітраю ўсмешкаю яна пахітала галавою ды ў сваёй звыклай манеры спытала: «Когда już Fräulen hat свой свадьба?».