Дарога пайшла з грывы ўнiз, блiжэй да Дняпра, i тут вачам адкрылася прытульная i даволi вялiкая лагчына. Узгоркi абкружалi яе i прыцiскалi да ракi. Лагчыну, вiдаць, утварыла невялiчкая рэчка, якая злiвалася з Дняпром тут, амаль пад нагамi коней.
– Папараць, – сказаў Выбiцкi. – Жэка цёмна.
Кабрыялет спускаўся да рачулкi па спадзiстым адхоне. Лазняк па берагах разарваўся, паказаўшы драўляны масток. За iм сталi перад вачыма вясковыя хаты, значна больш дагледжаныя, чым у Азярышчы: амаль усе з садкамi, амаль усе крытыя новай саломай, а сям-там нават i гонтамi.
– Загоршчына, – сказаў пан Адам. – Ваш маёрат, панiчу.
А над Загоршчынай, вышэй па адхоне, слаўся пладовы вялiзны сад, абрываючыся ўверсе, як па лiнейцы, цёмнай i раскошнай сцяной iрэгулярнага парку.
У парку бялела нешта, перакрэсленае па фасадзе серабрыстымi мётламi iтальянскiх таполяў.
Чым блiжэй пад’язджаў кабрыялет, тым ясней вымалёўваўся двухпавярховы будынак з доўгiм мезанiнам i двума балконамі, над якiмi цяпер былi нацягнуты сляпуча белыя, бялейшыя, чым муры, маркiзы. Вакол дома iшла галерэя на лёгкiх каменных арачках.
– Ложно понятый провансальскiй замковый стiль, – сказаў, чамусьцi па-руску, пан Адам, сказаў з такой завучанай iнтанацыяй, што адразу можна было зразумець: гаворыць не свае словы.
Здалёк можна было яшчэ заўважыць у парку, лявей i глыбей дома, нейкi круглы павiльён, а яшчэ лявей i значна далей – зграбную i вельмi высокую, вузкую цэркаўку на ўзгорку, такую белую i празрыстую, быццам уся яна была пабудавана з сонечнага святла.
Алесь, напэўна, паспеў бы лепей разглядзець усё гэта, але тут здалёк пачуўся тупат капытоў. Потым з вузкага жарала цёмнай алеi вырваўся, як ядро з гарматы, коннiк на белым канi i наўскапыта памчаўся да iх.
Асадзiў каня ля самага кабрыялета так рэзка, што конь як быццам урос усiмi капытамi ў зямлю. Алесь убачыў касы, нервовы зрак каня, яго раздзьмутыя ноздры. Здзiўлены, амаль спалоханы гэтым нечаканым з’яўленнем, не разумеючы яшчэ, што да чаго, ён баяўся ўзняць вочы i таму бачыў толькi белую скуру сядла i белы гарнiтур для верхавой язды. Потым нясмела, спадылба, кiнуў позiрк вышэй i ўгледзеў вельмi загарэлы, амаль шакаладны твар; усмешку, што адкрывала роўныя белыя як снег зубы; белакурыя, хвалiстыя вусы i грыву валасоў i, галоўнае, смяшлiвыя васiльковыя вочы з нейкiм нетутэйшым, доўгiм, мiндалевiдным разрэзам тонкiх павек.
У наступны момант моцныя рукi бесцырымонна схапiлi яго, падкiнулi ўгору i зноў спаймалi, i легкаважны, гучны голас весела пракрычаў нешта незразумелае i адначасова нiбы трохi ї зразумелае, але прызабытае.
– Моn реtit рzinсе Zаgоrski![11]
Збянтэжаны, ён паспрабаваў выкруцiцца, але рукi трымалi яго моцна, а рот чалавека, якi пахнуў нейкiм вельмi прыемным тытунём, цалаваў яго твар.
– Мы пратэстуем!.. Тоut vа biеn! Тоut vа biеn, mоn реtit fils![12]
Сiнiя вочы смяялiся, заглядаючы ў зрэнкi маленькага звераняцi, што скурчылася на руках, унiкаючы чужых вуснаў.
I тады белы сцёбнуў лёскай каня i закурыў у алею, у зменлiвы цень, у скокi сонечных зайчыкаў, пакiнуўшы далёка за сабою кабрыялет.
Алея разарвалася на два паўколы з дрэў, i наперадзе, за клумбай, за кругам гонару, стаў дом, шырокi ганак, аблямаваны лёгкiмi арачкамi, i белакаменная тэраса, на якой – невысока ад зямлi – стаяла жанчына ў шырокiм ранiшнiм уборы.
Белы – проста праз клумбу – падскакаў да тэрасы, зноў узняў Алеся i лёгка перасадзiў яго цераз парэнчы, на рукi жанчыне. Потым стаў на сядло i перакiнуў над балясамi свае гнуткае цела.
– Аh, Gеоrgеs! – сказала з дакорам жанчына.
I адразу прыпала да хлопчыка, важлiва заглядаючы ў яго вочы сур’ёзнымi, цёмна-шэрымi, як у Алеся, вачыма.
Гаварыла i гаварыла нешта гартанна-страснымi i цiхiмi словамі i толькi потым спахапiлася:
– Ён не разумее, Жорж.
– Аi-jе biеn аttасhе lе grelot? Koнi – мара хлапчукоў. Вось я i пракацiў.
– З самага пачатку i так па-чужому, Жорж.
– Чорт, я i не падумаў, – сказаў смяшлiвы.
I абхапіiў жанчьну i хлопчыка, прыцiснуў іх да сябе:
– Ну, пацалуй мяне, пацалуй яе... Ну!
Жанчына і Белы, абое яны гаварылi па-халопску з модным акцентам, але ўсё ж гаварылi, i гэта рабiла iх неяк больш блiзкiмi.
– Пацалуй мяне, – сказаў Белы.
Але хлопчыку было няёмка, i ён, схiлiўшыся, пацалаваў, – зусiм як Кагутова папу, – руку жанчыны, пяшчотна-тонкую, асаблiва белую сярод чорных карункаў шырокага рукава.
– Fасоn dе vоir d’un сhеvаliеr, – засмяяўся мужчына. – Я ж казаў, што ён мой сын, мой. Да рукi жанчыны – перш за ўсё. Сhе-vа-liеr!З
– Gеоrgеs! – зноў з дакорам сказала жанчына.
Алесь на ўсе вочы глядзеў на яе. Не, гэта было не тое. У яе былi маленькiя рукi i ногi, непрыгожа танклявая постаць.
Але ж яе твар з такiмi цёплымi шэрымi вачыма, з такiм спакойным ротам! Але ж каштанавыя iскрыстыя валасы! Усё гэта было роднае, толькi на хвiлiну забытае, i вось цяпер усплывала ў памяцi.
I ён раптам несамавiта, нечакана крыкнуў:
– Ма-ма!
Крыкнуў амаль як сялянскае малое, на якое рушыць вулiцай карова, крыкнуў, цвёрда верачы, што вось зараз мацi прыйдзе i ўратуе. Крыкнуў i адразу засаромеўся.