— Я разумею, некалькі свяшчэннікаў даражэй за аднаго, хаця б нават біскупа. Але, прабачце, што наглядна сцвярджаецца тут? Тое, што наступныя свяшчэннікі менш людзі ідэі, чым першы? Тое, што яны больш людзі плоці і прыватнага жыцця? Або гэта проста такса для разбойнікаў ды яшчэ такая, што клапоціцца, як бы забойствы былі не занадта цяжкія для кішэні? Бедныя наступныя свяшчэннікі! Ім не пашанцавала трапіць пад руку першымі. Тады за іх заплацілі б поўнасцю. Іх бы гэта, безумоўна, суцешыла ў іх жаласнай юдолі. Не смейцеся, людзі. Таму я і кажу аб ліцамер'і тых, хто ўвесь час галасней за ўсіх крычыць аб духу і плоці. Гэтае пустапарожняе пытанне яны прыдумалі, каб вы менш разважалі аб сённяшнім дні, каб прыдаць сваім махінацыям адценне глыбакадумнасці і філасофскай праўды. На самай жа справе іх гэта цікавіць прыблізна, як мяне — лёс зношанага мною ў дзяцінстве плашча. Не цікавіць іх ні дух, ані плоць… Вось я зараз давяду іхнюю двудушнасць. Яны сыны мамоны і пуза. Але чаму яны так клапоцяцца аб вашым духу і вашых мазгах? Скажаце, таму, што аддаюць пальму першынства душы? Мана!
— І тут брэшаш ты, сцвярджаю, — сказаў манах.
— Чаму? Вось наш папа сказаў багасловам, якія давялі неўміручасць душы: «Меркаванні, прыведзеныя вамі на карысць сцвярджальнага адказу, здаюцца мне глыбока прадуманымі, але я аддаю перавагу адмоўнаму адказу, бо ён падахвочвае і схіляе нас з большай увагаю ставіцца да свайго цела і мацней даражыць сённяшнім днём».
— Не можа быць, — ахнуў нехта.
— Клянуся! Таму я і кажу вам, сыны мае, што куды б яны ні ставілі дух — справы ім да гэтага няма, і спрэчка гэтая не каштуе выедзенага яйка. Жаруць не ў сябе курэй, і рыбу, і мёд, і заморскую садавіну, і віна, крычаць пры гэтым аб духу для вас, а клапоцяцца аб плоці сваёй. Вось вам ганьба сённяшняга дня. Не слухайце іх філасофіі. Таму што яны ліцамеры, труны павапленыя. Справа ім да думак! Ім абы вы думалі, як яны, і не перашкаджалі ім жэрці.
Лотр і Басяцкі пераглянуліся.
— Ты загадаў адцягваць спрэчкамі ўвагу, — сказаў праезуіт. — Чуеш? Гэта ж падбухторванне!
— Людзі, якім сапраўды важны чалавечы дух, плоццю сваёй плацяць за жывых. Вогнішчам, гаротным выгнаннем, турмою, катаваннямі, паклёпам брудным, які на кожным з іх. А гэтыя махлярчыкі і брахуны? Шмат яны пакутнікаў далі за апошнія стагоддзі? Калі і далі, то гэта былі простыя цёмныя ваякі царквы ваяўнічай, якія па тупасці сваёй не здолелі разабрацца ў тым, што ніводны біскуп, крычучы аб духу, не гіне за веру. Яны клічуць вас у крыжовы паход супраць туркі і няверныя, збіраюць на гэта грошы з простых. А вось што піша адзін з нямногіх сумленных біскуп Іаган Бурхард*. «50блудніц скакалі ў скоках, якія не апіша прыстойнасць. Спачатку адны, а пасля з кардыналамі… І вось папа зрабіў знак да спаборніцтва, і… госці пачалі чыніць з жанчынамі…» Я не буду абражаць вашага слыху, простыя і наіўныя, але ўсё гэта рабілася на вачах у другіх, а дачка папы сядзела «на высокім подыюме і трымала ў руках узнагароду спаборніцтва, якую меў атрымаць самы стойкі, палкі, няўтомны».
Дамініканец сціснуўся і ўжо нават не спрабаваў лезці ў спрэчку. А голас Крыштофіча грымеў:
— Вы адмаўляеце сабе ва ўсім дзеля нябеснага Ерусаліма, галадаеце і мерзнеце, льеце кроў, а яны, лежачы з блудніцамі, падбухторваюць вас: «Так, так». Дыякан часоў першапакутнікаў мог не баяцца чэрава львінага на рымскай арэне, апостал нават не баяўся крыжа, а ў нас знайшоўся адзін толькі, бедны нясвізкі пакутнік Аўтроп. Чалавек, які досыць не еў поліўкі з часнаком, чалавек, якому вера ягоная нічога не дала, аддаў за гэтую веру больш, чым тыя, каму яна дала ўсё. Аддаў самае дарагое, што ў яго было: нясытае, вартае жалю, але ўсё ж ж ы ц ц ё. І не толькі за людзей, а і за майно царквы, дробачкі якога хапіла б, каб дзеці ягоныя ўсё жыццё не клаліся спаць нагаладзь. Бедны чалавек! Бедны святы дурань! Вялікі святы дурань! Ён не ведаў, што рыба даўно ўжо смярдзіць з галавы!
Людзі маўчалі нейкім новым, нябачным дагэтуль маўчаннем. І тут загрымеў раптам голас. Лотр не вытрымаў.
— Ерась вярзеш! Перакульваеш трон Хрыста, філосаф!
Усе глядзелі, як ён жалезнай пальчаткай адкінуў капюшон і явіў людзям румяны ад гневу твар. Басяцкі не паспеў затрымаць яго і зараз ужо не мог адкрыць сваё інкогніта.
«Што ж, — падумаў ён, — хай атрымае па пысе. А атрымае. Не дужа спрытны ў спрэчках, а я не маю права падтрымаць. І каму гэта патрэбна ў такі дзень?!»
— Гэта ён не тое мае на ўвазе. — Крыштофіч звярнуўся да натоўпу, нібы ўключаючы яго ў тое, што мела адбыцца. — Ён хоча сказаць, што філосафы і тыя, хто піша, куляюць нібыта трон Хрыста, каб пасля кульнуць трон Цэзара. Вось чаго ён не любіць. Да Хрыста яму — э-эх!
Натоўп скамянеў ад жаху. Крыштофіч, не спалохаўшыся сваіх словаў, сказаў з усмешкай:
— Хто можа быць супраць словаў «любіце бліжняга»? Я — не!