— То прасцей, відаць, было б, каб гэта вы людзей нагадавалі.
— У нас нямашака, — кажа хлебнік. — Евангеллем святым клянуся.
— Ды яны ў нас пустыя, хоць ты сабак ганяй.
— Добра, — кажа Братчык. — Што ў вас ёсць, людзі?
Пашукалі ў натоўпе. Урэшце кажуць:
— У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны.
— Вось і добра, — усміхаецца шкаляр. — Вось мы іх зараз і парэжам. А каб не бачылі вы на свае вочы Божага дзіва, мы зробім так. Ты, Тумаш, вазьмі трохі апосталаў і дзве рыбіны, ды ідзіце ў тыя дзверы (вось я іх бласлаўляю). А я з шасцю хлеб вазьму ды пайду сюды… А вы, людзі, ставайце ў хвост, не штурхайцеся, без чаргі не лезьце, хопіць на ўсіх. А хлеб і рыбу падаем праз акенца.
Хлебнік з рыбнікам кінуліся былі да яго. Той голас узвысіў так, што глядзець на яго страшна стала.
— Чаго вам? Людзі, вы ўсе чулі! Гэтыя евангеллем кляліся, што ў іх там пуста. То чаго шкодзіць вам свой хлеб атрымаць?
Толькі мы і чулі, як шыпеў хлебнік ля сваіх дзвярэй.
— Нельга сюды. Канкурыруеш, пан Езус.
Натоўп насунуўся бліжэй. І тут залямантаваў ля сваёй крамы рыбнік:
— Па жаданні веруючых цуду не будзе!
Але іх адцерлі ўжо. Хрыстос твар свой амаль да самых вачэй рыбнікавых прысунуў:
— Ану, ляці адсюль!
Той не хоча.
— У вас жа там нічога няма? — зноў спытаў Хрыстос.
— Н-ну.
— Тады ізыдзіце…
І пацяклі натоўпы. Дзве вялізныя змяі чалавечыя. А мы падавалі і падавалі праз акенцы хлябы, вэнджаную і салоную рыбу, мяхі з сухарамі і збожжам.
Пазней сказалі нам, што хлебнік з рыбнікам спалохаліся, што разарве іх галодны натоўп, але да самага канца глядзелі, як гэта можна з пустых складаў дзвюма рыбамі і пяццю хлябамі нагадаваць увесь горад. Надта гэта ім цікава было.
І нібыта хлебнік сказаў:
— Гадавец! А яшчэ Хрыстос. Ці Хрыстос бы так зрабіў?
А рыбнік нібы адказаў яму:
— А я здзіўляўся яшчэ ў царкве, якія гэта дурні крычалі: «Распні яго!» Дур-рань стары!