Тыгр — жывёла, безумоўна, царская, і справядліва заняў сваё месца на небе ў зорным задыяку. На Усходзе яго і называюць царом звяроў і бясспрэчным гаспадарам лесу. У Індыі тыгра лічаць амаль такім жа разумным, як і слон, а слана ставяць па інтэлекту вышэй за чалавека (!) У Кітаі ён — не толькі цар звяроў, але і пагроза для нячысцікаў. Знакамітыя вешчуны, што выступаюць супраць злых духаў, як правіла, едуць верхам на тыгры. Вось чаму ў Кітаі, Японіі, Карэі тыгр — важнейшы з вобразаў жывапісу і дэкаратыўнага мастацтва. На ўсім Далёкім Усходзе, на Амуры яго літаральна абагаўляюць. Успомнім: мясцовы паляўнічы Дэрсу Узала з вядомай кнігі, названай яго імем, рускага пісьменніка-натураліста Уладзіміра Арсеньева бязмежна, фанатычна, так, што гэта нам цяжка і ўявіць, паважаў тыгра, лічачы яго ва ўсім вышэйшай істотай. Праўда, у іншым папулярным творы — казцы «Маўглі» англійскага класіка Рэд’ярда Кіплінга — тыгр Шэр-Хан — адмоўны персанаж. Але тут мы маем справу з поглядам на жывёлу заходняга чалавека (а пісьменнік Р. Кіплінг — заходнік ва ўсім, хоць і любіў Усход), да таго ж прадстаўніка той нацыі, якая найперш і адказная за знішчэнне тыграў у Індыі. Галоўная забава англійскіх каланіяльных чыноўнікаў ды афіцэраў — паляванне на тыграў. У выніку жывёлы амаль поўнасцю зніклі. Сённяшні ўрад Індыі ажыццяўляе маштабны дзяржаўны праект «Тыгр», у выніку якога колькасць тыграў у Індыі ўжо павялічылася да 3000 (у пачатку ХХ ст. — да амаль поўнага вынішчэння — было 50000).
Абагаўленне тыгра зрабіла яго не толькі персанажам Задыяку, але і аб’ектам ушанавання ў абрадах, героем шмат якіх паданняў, міфаў ды казак. Асаблівыя абрады звязваліся з уяўленнямі пра агромністую жыццёвую сілу тыгра. Вось чаму жанчыны ў Сярэдняй Азіі, што прагнулі мець дзяцей, елі мяса тыгра, скакалі праз яго шкуру, ушаноўвалі яго сляды [71, ІІ, 511–512].
Легенды пра пярэваратняў — значная частка фальклору ўсіх народаў свету. Прычым у Еўропе ў асноўным складалі былічкі пра ваўка, у Азіі — амаль выключна пра тыгра. Ад шлюбу тыгра і жанчыны паходзяць тут, згодна паданням, шмат якія плямёны. Гэта, безумоўна, татэмная жывёла.
Вобраз тыгра на Усходзе іграе тую ж ролю, што і леў у афрыканскай ды еўрапейскай культурах. Заўважым, што многія багі і міфалагічныя героі былі апрануты ў шкуры льва, тыгра ці леапарда. Такая шкура — атрыбут бога Дыяніса, волатаў Геракла, Самсона, героя Тарыэла з класічнай грузінскай паэмы «Віцязь у тыгравай шкуры». Праўда, сам Тарыэл тлумачыў сваю вопратку тым, што яго каханая прыгажосцю была падобная да тыгрыцы: у яе гонар ён і пашыў плашч са шкуры тыгра. На самай справе, адзенне-шкура тут — важны сімвалічны знак нейкіх вышэйшых магчымасцей: адбываецца перанос са звера на чалавека якасцей звера. У міфалагічных персанажаў такімі якасцямі лічыліся магічныя здольнасці і неверагодная фізічная сіла. У літаратурнага героя, якім з’яўляецца Тарыэл, усё ж больш важны фактар — эстэтычны: шкуру ён носіць і як напамін пра каханую, і для ўласнай прыгажосці [93]. Хоць, магчыма, дзейнічае тут і спрадвечны архетып, выяўлены ў героя падсвядома: паколькі такая шкура — сведчанне вышэйшых магчымасцей чалавека, значыць, можна чакаць поспеху ў каханні, у пошуку любімай дзяўчыны. Нездарма ўсё ж назва твора, культавага для грузінаў, акцэнтуе ўвагу на гэтай прыкмеце.
Ва ўсходніх казках тыгр паўстае па псіхалагічных характарыстыках розным, як, урэшце, і ў славянаў воўк. У беларускіх казках воўк часта дурны, хоць у рэальным жыцці чалавек, хоць і баяўся, але бязмерна паважаў звера. Тыгра таксама баяліся, але ў фальклоры азіятаў страх не асабліва і адчуваецца. У казках народаў Інданэзіі і Малайзіі існуе цыкл пра прыгоды маленькага мышынага аленьчыка канчыля. Яго можна параўнаць з нашым зайцам. Дык вось, гэты маленькі, слабенькі канчыль — дзякуючы свайму розуму ды хітрасці — пастаянна абдурвае тыгра. Напрыклад, аднойчы, выратоўваючыся ад тыгра, ён сеў на кольцы ўдава, які спаў пасля абеду, а тыгру сказаў, што ён сцеражэ пояс прарока Сулеймана. Тыгру вельмі захацелася абкруціцца «поясам Сулеймана». Калі ён гэта зрабіў, удаў прачнуўся і пачаў душыць тыгра — той ледзь вызваліўся. А канчыль, натуральна, збег. Другі раз тыгр пажадаў паіграць на дудачцы, якою яго зноў-такі спакушаў канчыль. У выніку бамбук прышчаміў тыгру язык — і зноў канчыль выратаваўся [18, 19–24]. Тут тыгр выклікае ўсмешку — трошкі пагардлівую, але і паблажлівую. Яго нават шкада, як і нашага ваўка ў мультыплікацыйным серыяле «Ну, пачакай!» Акрамя таго, міжволі паважаеш дапытлівасць тыгра, яго імкненне самому ўсё спазнаць і паспрабаваць.
У кітайскай казцы «Пра дурнога тыгра» апошняга ўжо абдурвае чалавек, што маладому зверу напачатку здаўся слабенькай, кволенькай істотай, з якой справіцца вельмі лёгка (хоць разумны стары бацька і папярэджваў сына, каб не меў справу з чалавекам) [55, 46–49]. Уласна, тут выкрываецца не столькі глупства, колькі агрэсіўнасць, эгаізм, правы моцнага над слабым. Тое ж, што і ў нашых казках пра ваўка.