- Настае дзень, калi быццам прачынаешся ад доўгага сну, - сур'ёзна мовiла Iлона, - i разумееш, што ляжыць ля цябе зусiм чужы чалавек. I робiцца страшна, што вось з гэтым чужым табе прыйдзецца жыць да старасцi...
- Iшла за роднага, а аказаўся чужым? - ухмыльнулася Iрэна.
- За незнаёмца iшла, - уздыхнула Iлона, - зусiм мала ведала яго, амаль дзве ночы.
- А бацьку майго ты за колькi начэй закахала ў сябе?
- Начэй у нас не было, - усмiхнулася Iлона. - Мы даўно ведалi адно аднаго, часта размаўлялi, на турзлётах былi - твая ж мацi грэбавала турзлётамi, паходамi, а дарэмна! А чалавек раскрываецца менавiта ў паходах, у сумесных вылазках на прыроду, а не ў сексе i не ў экскурсiях у суседнi кiнатэатр. Калi хочаш больш даведацца пра чалавека, зразумець, падыходзiць ён табе цi не, больш размаўляй з iм.
Iрэна ўздыхнула i даверлiва паспавядалася:
- Я таксама размаўляла i ў паходы хадзiла са сваiм сябрам. Заўважала, што ён жорсткi з бадзячымi катамi, сабакамi i ўсё хвалiцца, што ягоная аўчарка лепшая. Калi iшла цяжарная жанчына, ён крывiўся, што яму не падабаецца такая постаць, i казаў, што калi я буду цяжарная, то буду выглядаць лепш. Ён быў эстэт, любiў толькi прыгожае, i я разумела, што ён здрадзiць мне ў любую хвiлiну. Ён нерваваўся, калi я выпацкала ягоны iмпартны спартовы касцюм, i я зразумела, што ён сквапны i жорсткi. Але ў той час ужо прывыкла да яго i не магла пакiнуць яго першая. Да ўсяго ж ён мне падабаўся ў сексе. Калi б у мяне хапiла смеласцi ў той час парваць з iм, не было б той ганьбы, якую ён зрабiў мне. Яго звалi Янка. Я ненавiджу яго цяпер i сябе за сваё маладушша...
Iлона дакранулася да рукi Iрэны.
- Не крыўдуй на мяне, калi ласка, - цiха сказала яна. - Мяне таксама жыццё бiла, а цяпер я знайшла сябра, заступнiка, я знайшла роднасную душу. Калi ты выйдзеш замуж, пасталееш, то зразумееш мяне i свайго бацьку.
- Я iншы раз не разумею самую сябе, - паскардзiлася Iрэна. - Шукаю каханне i не знаходжу. Навокал адзiн мiраж. Няўжо мне прыйдзецца чакаць яго так доўга, як чакаў мой татка?
У вушах у Аленкi гучыць музыка, i срэбныя званочкi звiняць, рассыпаюцца па ўсiм пакоi. Яна ляжыць на руцэ ў Мiколы i марыць, што яны ўжо пажанiлiся. Аленка не можа заснуць - яна з асалодаю ўглядаецца ў начны змрок. Вось настольная лямпа, калi яе ўключыш - плывуць рыбкi, там унутры нешта круцiцца, i яны плывуць. На тумбачцы - магнiтафон, касета групы "Спэйс". Над ложкам кнiжная палiчка, мiкрасвет яе каханага: тое, чым ён жыве, захапляецца, аб чым марыць. Яна з асалодаю глядзiць на ягоны твар i ў душы спадзяецца, што ранкам ён скажа ёй: "Не iдзi сёння ў бальнiцу! Няхай будзе дзiця!" Вядома, скажа, заспакойвае сябе Аленка, i нiкуды яна не пойдзе, i народзiць яму дзiця... А потым, можа, i пажэняцца? Вось у адной дзяўчыны такое было: не браў, не браў, а як нарадзiла, то i ўзяў! У Аленкi ёсць шанц! Яна асцярожна ўстае з ложка, апранае Мiколаву кашулю. Зялёныя шторы такiя знаёмыя, родныя, цяпер яна бачыць iх не праз марознае шкло цi мокрае - ад дажджу, а з пакоя, як гаспадыня... Аленка адсоўвае iх. Мроiцца блакiтны водсвет ранiцы. Паабапал дарогi цвiтуць каштаны. Вось прайшоў першы трамвай. Запынiўся ля iнтэрната. З яго выйшла лёгкая, iмклiвая дзяўчына з пакетам у руцэ...
Аленка ўважлiва разглядвала значкi на блакiтным вымпеле: "Тэрскол", гарналыжная турбаза, альплагер "Улу-Тау", "Домбай"... Мiкола шмат дзе пабываў, i яна, Аленка, таксама там пабывае, каб стаць блiжэй да яго. Яна ўжо ходзiць у бiблiятэку, самаўдасканальваецца, каб яму з ёй было аб чым паразмаўляць. Запiсалася на курсы кройкi i шыцця адзення, модна апранаецца...
- Ай, каго там чэрцi прынеслi? - незадаволена падняўся з ложка Мiкола, пачуўшы стук у дзверы. - Схавайся за штору! - загадаў Аленцы i пайшоў адчыняць.
- Ты што, ужо зусiм з глузду з'ехала? - буркнуў ён, убачыўшы Наташу. Паспаць не даеш!
- Я на маршрут выехала, - усмiхнулася яна, - вось, думаю, занясу табе кашулi. Яны так хутка высахлi, праз гадзiну пасля таго, як ты пайшоў ад мяне...
Мiкола моўчкi ўзяў пакет i кiнуў яго на ложак. Наташа адразу заўважыла за шторай постаць i засмяялася:
- Аленка! Вылазь, я "Рыслiнг" прынесла, зараз вып'ем!
Адкаркавала бутэльку, паставiла трэцюю шклянку i налiла ўсiм. Выцягнула з-за шторы Аленку i ўручыла ёй паўшклянкi вiна.
- Мне нельга сёння, - адказала тая i паставiла шклянку на стол.
- Яна зранку ў бальнiцу iдзе, - мовiў Мiкола, падаючы Аленцы сукенку. Апранайся, а то спознiшся...
... Князь прывiтаў Дарыну лёгкiм кiўком галавы, пацалаваў ёй руку i незвычайна доўга затрымаў свой позiрк на яе твары.
- Ты такая бледная, што здарылася, сястра?
- Ад хвалявання, князь, - усмiхнулася Дарына. - Такi цудоўны баль!.. I дачка заморскага магната, з якою вы танцавалi...
- Яна прыгажуня, бясспрэчна, - адказаў цiха Вiтаўт, - але другая завалодала маiм сэрцам настолькi, што не магу болей маўчаць пра сваё каханне, мушу прызнацца i прасiць яе згоды стаць маёй жонкай...