Ён павярнуўся тварам да сцяны, але раптам ускочыў.
- Антось! Прачытай мне лiст ад Таццянкi, - папрасiў сябра.
- "Дачушка такая моднiца, - пачаў Антось, - у садок збiраецца i кажа, каб сёння не апранала тую сукенку, у якой была ўчора... Нам ад цябе нiчога не трэба. Проста ведай, што калi ты адслужыў у войску i паехаў дадому..."
- Хопiць! - Мiкола злез з ложка i пачаў апранацца. - Гадаўка яна, Таццянка! Увесь настрой мне сапсавала, у душу залезла! Але ўсё роўна не паеду да яе!
Ён павярнуў ключ у замку, адчынiў дзверы.
- Ты куды? - занепакоiўся Антось.
- Да трамвайшчыцы! Яна налье...
- Дык я не зразумела, да каго вы? - смяялася маладая вахцёрка.
- Я ж кажу: Наташа, трамвайшчыца... - паўтарыў Мiкола.
- У нас усе трамвайшчыцы! - зайшлася зычным смехам жанчына. - А прозвiшча як тваёй Наташы?
- Ай, бялявая такая! Баявая дужа... I смачна гатуе!
- Мiхалёва, можа? Ну прайдзi ў дзвесце другi пакой, - буркнула вахцёрка.
Ён падняўся на другi паверх, пастукаў у дзверы.
- Ах ты, мой сiнявокi донжуан! - абняла яго Наташа ў празрыстым блакiтным пеньюары. - Я ведала, што ты прыйдзеш... Ой, дарагi, ды ты ж ледзь на нагах трымаешся! Хуценька ў ложак, хуценька... Вось... Зараз я цябе разую, дам сто грамаў i сама прылягу побач...
Аленка выйшла на невялiчкай станцыi "Жыткавiчы". Гаманлiвая жанчына, што гандлявала пончыкамi з павiдлам, растлумачыла ёй, як прайсцi на вулiцу Вясновую. Яна пакрочыла, асцярожна трымаючы ў руках вялiкiя гладыёлусы, якiя везла Вользе з самага Менска. Патрэбны дом знайшла хутка. Гэта была невялiчкая хатка на вулiцы ў прыватным сектары. Аленка зайшла ў двор i пастукала ў дзверы. Ёй адчынiла дзяўчына гадоў дваццацi пяцi, сур'ёзная, строгая, у льняной сукенцы з вышытымi ля каўнерыка кветкамi.
- Прабачце, можна Вольгу? - прамовiла Аленка.
- Гэта я, - адказала тая. - Заходзьце, калi ласка!
Аленка нязграбна ўсунула ёй кветкi, прашаптала: "Ад Мiколы!" - i прайшла ў пакой.
Здзiўленымi вачыма паглядзела Вольга на нечаканую госцю, паставiла кветкi ў вазу, прапанавала Аленцы садзiцца за стол, а сама пайшла па каву. Прынесла. Адгарнула рукою валасы - штучна завiтыя, яны даставалi да плячэй i мякка клалiся на каўнерык, - усмiхнулася:
- Пазнаёмiмся?
- Ага! - усхапiлася з месца Аленка i назвала сваё iмя.
- Частуйцеся кавай, - прапанавала Вольга. - I давайце пагаворым пра Мiколу, дарэчы, ад якога гэта Мiколы кветкi?
- Як "ад якога"? - здзiвiлася Аленка. - Вы й не здагадалiся? Вось ад гэтага Мiколы! - працягнула ёй сшытак з вершамi. - Ён так кахае вас! Часта чытае нам вершы свае, вы - яго муза, яго натхненне...
Заiнтрыгаваная Вольга ўважлiва чытала кожны лiст, а калi скончыла, падняла на Аленку вялiкiя шэрыя вочы:
- Вы - яго сястра?
- Не, мы разам вучымся...
- З якога ты класа, Аленка? З нашай школы? - пацiкавiлася Вольга. Ведаеш, я нядаўна працую ў Жыткавiчах... Да гэтага ў вёсцы выкладала...
- Я з Менска, - удакладнiла тая. - Мы з Мiколам разам вучымся ў iнстытуце культуры. Мне проста яго шкада стала - ён пакутуе, кахае вас!.. А вы нават не здагадваецеся пра яго iснаванне!..
- Iнстытут культуры... - правяла пальцам па бровах Вольга. - Аленачка, калi ласка, растлумач! Як яго прозвiшча?
- Мiкола Гайда! - амаль раззлавалася Аленка.
- Гайда? - мовiла Вольга. - Так, так, я ведаю яго... Мы жылi ў адной вёсцы, у Вiшаньцы... Там яшчэ такi стары маёнтак ёсць i дзiўнае паданне пра Чорную здань... I пра князя Вiтаўта i Дарыну.
Вольга змоўкла i засяроджана круцiла ў руцэ кубак з кавай.
- Я ў гэтай вёсцы жыла з бабуляй, - з сумам прадоўжыла яна. - Бабуля не ўжылася з нявесткай, гэта значыць, з маёй мацi, i бацька купiў бабулi хату ў вёсцы Вiшанька. Ёй было сумна адной, i яна ўзяла мяне да сябе... Якiя шчаслiвыя гэта былi гады! - усмiхнулася яна, адкiнулася на спiнку крэсла. - Мы хадзiлi з бабуляй у царкву, што ля маёнтка, тады яна яшчэ працавала, я слухала, як на хорах спяваюць пеўчыя, i мне здавалася, што ўсё гэта мне толькi снiцца, бо нiдзе так добра мне не было, як там... Бабуля мая памерла, калi я скончыла школу. Хату нехта купiў. А я цяпер езджу ў вёску да мацi з бацькам, тая вёска мне не даспадобы... А вось Вiшанька!..
Вольга пазiрала некуды ўдалячынь задумлiвым позiркам.
- А пра Мiколу раскажыце! - папрасiла Аленка.