- Гэта ж я яго вышывала! - усмiхнулася Аленка. - А памятаеш, як да нас бабкi прыходзiлi на вячоркi? Гiсторыi розныя расказвалi. Бабка Вера чытала Мележа, "Людзi на балоце". Бабка Каця варыла трактарыстам абед i хвалiлася, што ёй столькi курэй кожны раз варыць прывозяць, што яна так наелася! Бабка Яўстрацiха прыходзiла, настаўнiкава мацi. Яе ўжо няма. Бабкi Маланнi няма, у якой брат манахам у Кiева-Пячэрскай лаўры.
- I сястрычкi маёй няма, - заплакала бабка. - Ты так любiла яе!..
Аленка абняла бабку.
- Усiх ты памятаеш, донечка, - прашаптала тая. - Каго няма, i тых добрым словам успомнiш. Хутка i я да iх пайду...
- Ну, што ты! - супакоiла яе Аленка. - Пажывi яшчэ. З кiм жа я застануся?
- З Богам, дзiцятка, з Богам, - закiвала галавою бабка. - Адзiн ён у нас з табою заступнiк...
- Усiм па цукерачцы да гарбаты! - гаманiла Галя, завiхаючыся ля вогнiшча. - Вось гэтая цукерка - апошняя, i я аддам яе Анатолю з Iрэнай, у iх сямейная палатка, няхай i цукерка будзе адна на дваiх!
I ўсунула яму ў руку карамельку.
- Так! Ужо рэўнасць пачынаецца? - павысiў голас Анатоль. - Гэта апошнi паход для цябе! Не бяру нават на турзлёты! Тваё месца - на кухнi!
- Ды не равi ты! - крыкнула на яго Iрэна. - Галя, давай мяняцца месцамi!
Яна забрала свой заплечнiк i спальнiк i панесла ў другую палатку.
- Галя, забiрай, калi ласка, свой спальнiк i нясi ў Толеву палатку! сказала настойлiвым тонам Iрэна. - Анатоль, ты няправiльна сябе паводзiш, трэба паважаць будучую жонку, шанаваць яе!
- Я павiнен клапацiцца пра ўсю групу! - адрэзаў той. - Што гэта за кiраўнiк, якi мiлуецца ў палатцы з будучай жонкай!
- А з кiм ён павiнен мiлавацца, з чужою нявестай?
- Нi з кiм! - крыкнуў Iрэне Анатоль. - Я з табою мiлаваўся, цi што, лялька ты размалёваная! Табе не ў паходы хадзiць, а на матрацы грэцца!
- Не смей абражаць Iрэну! - падышоў да яго Мiкола.
- Хлопцы, цiха! - супакоiў iх Антось. - Можа, Анатоль i праўду кажа: нельга кiраўнiку групы мiлавацца з будучай жонкай цi нявестай, а трэба дбаць пра ўсю групу. Вось Анатоль i выбраў нейтральнага чалавека суседам да сябе ў палатку - Iрэну. Яна ж - нiчыя нявеста. Таму раўнаваць да яе, Галя, табе няма чаго! Ну хочаш, я пайду спаць да Анатоля ў палатку? Я i Аленка! Згода? I нiкому не будзе крыўдна i цесна ў палатцы. Ну як, хлопцы?
Антось абвёў усiх позiркам. Сцяпан моўчкi, бы яго не датычыць, калупаў наском чаравiка трухлявы пень. Мiкола кiўнуў галавою. Анатоль уздыхнуў i прамовiў:
- Парадак! Канфлiкту няма!
...Над вуллямi кружылi кропкi-пчолкi, растапырыўшы крылцы, садзiлiся на кусты малiннiку, на белую квецень яблынь, акуратна пасаджаных у рады руплiвымi манашкамi. За садам, уздоўж возера, паважна хадзiў качур, кракаў, клiкаў качак да вады. Ускочыла ўгору рыбiна, схапiла мошку i знiкла ў возеры. Перавернуты човен прыткнуў смаляны бок да цаглянай агароджы манастырскага двара. Тут жа стаяла сучасная тэхнiка для апрацоўкi зямлi.
Аленка прайшлася ўздоўж агароджы, па вузкай упадзiне, пазiраючы ўгару на дрэўцы i кусты. Над iх верхавiнамi бялеў купал Багаяўленскай царквы. Узнялася наверх. Абышла царкву кругом. Пастаяла ля магiл архiрэяў i ля магiл без надпiсаў - толькi крыжыкi. Тут пахаваны браты i сёстры, манахi. Аленка падумала, што, мабыць, вельмi добра быць пахаванай вось тут, у манастыры. Нiхто не зруйнуе магiлу, не пабудуе на ёй дом. Цiшыня i ўтульнасць, спакой манастырскага жыцця i небыцця, вечнасцi.
Калi чалавек са спакоем i развагаю задумваецца пра смерць, значыць, ён пасталеў. Аленка прайшла паўз келлi, i ўпершыню ёй захацелася адзiноты i спакою.
Лучше кельи нет подруги
Средь монашеской среды.
Она лечит все недуги,
Избавляет от беды...
прашаптала Аленка словы вершаў невядомай манашкi. Верш гэты, як i ўсе артыкулы ў самадзейнай манастырскай газеце, быў без прозвiшча аўтара. А можа, яго складалi ўсе разам?
Знай одну только дорогу:
В храм и в келию свою,
Угождай с любовью к Богу,
Чтоб блаженствовать в Раю.
Аленка ўсмiхнулася, i такою нiкчэмнаю здалася ёй уся мiтусня ў свеце: бязглуздыя мары аб прывiдным каханнi, цяга да хутчэйшага замужжа, як быццам потым адкрыецца там для цябе рай, набыццё моднага адзення, салоны, пустыя размовы на фiласофскiя тэмы, спорт, палiтыка... Усё адна мiтусня... I ўсё гэта праходзiць з узростам: захапленнi, мары, каханне, вечным застаецца толькi Бог. I Любоў, але не тая, якую прыдумалi людзi, падмянiўшы сапраўднае бутафорыяй: мiлаванне-расстанне, слёзы-пацалункi, клятвы-здрады, а вось гэтая любоў, якая ў манастыры памiж людзьмi! Аленка ўспомнiла, як да яе звярталiся: "Сястрычка, сядай сюды, калi ласка!", "Сястрычка, у нас нельга апранацца так, даруй мне, грэшнай! Я табе зараз прынясу што-небудзь iншае", "Матушка, можа, вам цяжка?", "Братка, дапамажы, калi ласка". Усюды такая любоў, ветлiвасць, клопат аб iншых, што хочацца застацца тут назаўсёды. Учора Аленка стаяла ля плота ў манастырскiм садзе, а па той бок плота iшлi па вулiцы свецкiя хлопцы i лаялiся бруднымi словамi.
Вкусив райского блаженства
Всех молитв, канонов, митр,
Монастырского единства,
Ты, монах, захочешь ль в мир?..