- У сутоку ракi Мухавец i ракi Заходнi Буг знаходзiцца Берасце, - пачала Iрэна. - У мiнулым горад называўся Бярэсце, ён стаяў на скрыжаваннi двух старажытных гандлёвых шляхоў праз землi ўсходнiх славян у Польшчу, Прыбалтыку i Заходнюю Эўропу. Мясцовыя купцы вывозiлi футра, скуры, лес, збожжа, а прывозiлi соль, цукар, паперу, сукно, шоўк... Сучаснае Берасце вельмi прыгожы горад, там шмат заводаў, фабрык, на адной з якiх робяць дываны. Ёсць педагагiчны i iнжынерна-будаўнiчы iнстытуты, розныя вучылiшчы... Ёсць там вельмi прыгожая Брацкая царква, цiкава наведаць i Берасцейскую крэпасць. Яна была пабудавана ў сярэдзiне дзевятнаццатага стагоддзя, мела ваенна-стратэгiчнае назначэнне. I, як ты ведаеш, дваццаць другога чэрвеня 1941 года гарнiзон крэпасцi першым прыняў удар нямецка-фашысцкай армii, больш месяца трымаў абарону...
Тамара задуменнымi вачыма пазiрала на Iрэну.
- Лепш бульбу абiрай! - выгукнула мацi, вярнуўшыся ў хату.
Тамарка сцiшана шапнула Iрэне:
- А што там яшчэ цiкавага?
- На вулiцы Герояў стаiць вельмi прыгожы дзiцячы садок - на ўсю сцяну мазаiчнае пано "Кветкi на акне", а на другой - "Сонечны дзень": дрэўцы, а ў небе два матылькi - жоўты i сiнi. Усё гэта выкладзена з каляровых каменьчыкаў i плiтак!..
- Як цiкава! - усклiкнула Тамарка. - А я нi разу ў садок не хадзiла. Напэўна, цiкава хадзiць у садок, там пiянiна, дзеткi скачуць... Iрэначка, давай купiм хоць дзiцячае пiянiна, i ты мне пайграеш! Я вось школу скончыла ў тым годзе, а так свету i не пабачыла, мацi нiкуды не пускае...
- Гультаi толькi па свеце катаюцца! - буркнула мацi. - А ведай справу сваю - замуж выйсцi ды глядзець, каб хата поўная была!
- Iрэначка, - шапнула Тамарка, - давай матку падманем, што мы за травою свiнням пойдзем, а самi на возера ўцяком! Тут недалёка возера Ельня, праўда, па балоце, дык, можа, як дабяромся? Там такая прыгажосць! Там ёсць недалёка хутар, дзе жывуць цётка Тэрэза i дзядзька Янэк. У iх дачка - законнiца!
- А што гэта значыць? - не зразумела Iрэна.
- Гэта па-польску манашка! - растлумачыла Тамарка. - Яна зараз дома. Раскажа нам шмат цiкавага! Уцячэм ад маткi? - таемна заблiшчалi чорныя вочкi дзяўчынкi.
- Ага! - кiўнула Iрэна. - Нешта прыдумаем!
...Тамарка ўзяла мех i серп, пачакала Iрэну, i яны пайшлi праз агароды да лесу. Дзяўчынка весела падрыгвала, смяялася, быццам лань, выпушчаная на волю.
- А Гомель прыгожы? - пытала Iрэну. - Што там ёсць? А якiя людзi там?
- Добрыя людзi, - з усмешкай адказвала Iрэна. - Прыветныя, ласкавыя, як i ў Берасцi. Там ёсць прыгожы парк, возера, а на iм - хатка для лебедзяў, прыгожая, з узорамi...
Яны схавалi мех з сярпом у канаве i рушылi праз мох да возера. На Ельнi ўжо былi турысты. Iрэна кiнулася да iх з такою радасцю, быццам яны былi прышэльцамi з другога свету, распытвала пра горад.
- Менск як Менск! - смяялася дзяўчына ў белай майцы. - Мы табе зайздросцiм - жывеш у такiм цудоўным краi! А нам так дакучае асфальт i даўка ў аўтобусах...
- А я сумую па асфальце, - адказала Iрэна, - i па перабранках у аўтобусах... Па касметычных салонах...
- Дурнiчка якая! - усмiхнулася другая дзяўчына, вастраносая, якая памешвала чарпаком у катле. - Ты тут босая ходзiш, макiкюр не трэба рабiць, фарбавацца, а я, як успомню, што ранкам прасыпацца трэба ды на сонны твар фарбы накладваць, бо сорамна ў горад выйсцi не фарбаванай, дык аж ванiтуе! А туфлi на абцасах, а гэтыя набойкi - раз абуешся - i ў рамонт нясi! Ды ты ж шчаслiвая, Iрэначка!
- А я мару жыць з каханым на хутары! - задумлiва сказала дзяўчына з наiўна-задуменнымi вачыма, пухнаценькая i сарамлiвая.
- Шчасце зразумееш, калi яго страцiш, - заключыў адзiны ў групе хлопец, кiраўнiк паходу.
Ён настрайваў гiтару. Дзяўчаты падрыхтавалiся слухаць. Iрэна, каб не травiць душу, прапанавала Тамарцы пайсцi. Развiталiся.
- Ой, Iрэначка! - аж захлёбвалася Тамарка, бегучы ззаду. - Я так хачу ў горад! Так хачу стаць турысткай!
- Глядзi - станеш, - ухмыльнулася Iрэна, - з такой дурной мацi, што нават у пiянерскi лагер не пускае! I ў царкву...
- А давай да ксяндза сходзiм! - нечакана прапанавала Тамарка. - Ён тут недалёка жыве. А потым - да бацюшкi!
- Ты ж да бабы Тэрэзы i дзеда Янiка збiралася...
- Я рада, што нарэшце вырвалася з дому, хоць людзей пабачу!
...Бацюшка быў стары, сiвенькi, дакладней, наогул увесь белы, як дзед-мароз. Доўгая барада, вялiкiя вочы за акулярамi. Ён выйшаў з двара, у якiм пабрэхваў маленькi чорны сабачка. Хата ў яго была прыгожая, вялiкая, пабудаваная лiтарай "г", вялiкi зямельны надзел ля хаты, прыгожы металiчны плот.
- Што хочаце, дарагiя? - запытаў ён дзяўчат.
- Мы з хутара, - заiкнулася Тамарка, - вось хочам даведацца, калi служба будзе, а то мацi не пускае, дык, можа, мы ў нядзелю ўцяком. Хочацца на прычасце паспець. Мая мацi кажа, што праца галоўней, а я лiчу, што для душы трэба таксама нешта... А можа, у вас ёсць нядзельная школа, дык я б хадзiла?..
- Нельга асуджаць мацi, - павучальна адказаў бацюшка, - бацькоў трэба слухацца. Нельга гаварыць дрэнна пра другога, паглядзi лепей на свае грахi...