Читаем Лагодны цмок. Ангельскiя лiтаратурныя казкi полностью

Кожны вечар вяскоўцы збiралiся ў шынку i гутарылi толькi пра цмока. Яны абмяркоўвалi яго памеры, яго злосны нораў i страшны выгляд. Вяскоўцы былi напалоханыя, але ў той жа час ганарылiся — не кожная вёска можа пахвалiцца сваiм уласным цмокам. Але ж цмок ёсць цмок! Як бы там не было, яго трэба неадкладна знiшчыць i вызвалiць край ад брыдкага яшчара, агiднага монстра i жахлiвай пачвары!

На той факт, што за ўвесь час, калi цмок пачаў жыць побач, у вёсцы нават курыца не прапала, нiхто не зважаў. Цмок ёсць цмок, ад гэтага не адмовiшся, а калi ён не жадае паводзiць сябе, як тое яму належыць, дык гэта яго ўласная праблема!

Размовы размовамi, але героя, якi ўзяў бы шчыт, меч i добрую дзiду ды вызвалiў бы шматпакутную вёску з-пад цмокавай улады, пакрыўшы сябе неўмiручаю славай, — такога героя чамусь не знаходзiлася. I таму кожны вечар жыхары вёскi разыходзiлiся па хатах незадаволеныя.

А тым часам цмок палежваў на траўцы, любаваўся сонечнымi заходамi, расказваў хлопчыку дапатопныя анекдоты, дасканалiў старыя вершы ды складаў новыя.

Але аднойчы, калi хлопчык зайшоў па нейкiх справах у вёску, ён вельмi здзiвiўся: па календары быў звычайны дзень, а вёска выглядала па-святочнаму. З вокнаў дамоў былi вывешаныя рознакаляровыя дываны, гучна звiнелi царкоўныя званы, маленькая вулачка была засыпаная кветкамi, а людзi, апранутыя ў святочныя строi, стаялi абапал дарогi, штурхалiся i радасна шумелi. Хлопчык убачыў у натоўпе аднаго свайго сябра i пачаў прабiрацца да яго.

— Што здарылася? — закрычаў ён. — Каго чакаюць? Цырк? Цi мо яшчэ што?

— Усё цудоўна! — крыкнуў сябар яму ў адказ. — Ён едзе!

— Хто едзе? — перапытаў хлопчык.

— Ты што, не ведаеш? Едзе сам Святы Георг! Да яго дайшлi чуткi пра нашага цмока, i вось ён выправiўся ў дарогу, каб знiшчыць жахлiвага монстра i вызвалiць нас з-пад ягонай улады, — растлумачыў сябар. — Уяўляеш, якая будзе бойка?!

Вось навiна дык навiна! Хлопчык вырашыў не даваць веры чуткам, а застацца i пабачыць усё на свае вочы. Ён прадраўся скрозь натоўп у першы рад i, стаiўшы дыханне, пачаў чакаць.

I вось здалёк пачуўся спачатку шум, крыкi, а тады — тупат вялiзнага каня. Сэрца ў хлопчыка забiлася хутчэй, i ён радасна закрычаў разам з усiмi, убачыўшы, як на вулiцу конна ўязджае Святы Георг. Рыцар паволi ехаў па вулiцы, не зважаючы на радасныя крыкi, мiльгаценне рознакаляровых насовак, лямант i плач жанчын, якiя на выцягнутых руках паднiмалi насустрач герою сваiх немаўлят.

Сэрца ў хлопчыка аж зайшлося, i ён сам ледзь не зарыдаў ад захаплення — да такой ступенi рыцарава хараство i грацыя пераўзыходзiлi ўсё сама чароўнае, што бачыў ён у сваiм жыццi.

Iнкруставаныя золатам даспехi блiшчалi на сонцы, вецер калыхаў чырвоныя пёры на шаломе, якi звiсаў з лукi сядла. У рыцара быў прыгожы твар, густыя бялявыя валасы, але яго блакiтныя вочы падалiся хлопчыку суровымi i няўмольнымi.

Святы Георг спынiўся каля шынка, i вяскоўцы кiнулiся да яго ўсiм натоўпам. Яны вiталi героя, дзякавалi яму за прыезд, а болей за ўсё скардзiлiся на жахлiвую пачвару, якая нясе iм галечу i пагiбель. Тады хлопчык пачуў суровы, але прыемны голас Святога Георга. Той суцяшаў вяскоўцаў, абяцаючы абаранiць iх i вызвалiць з-пад улады лютага ворага. Потым ён злез з каня i ўвайшоў у шынок, а натоўп павалiў за iм.

Хлопчык з усiх ног кiнуўся да цмокавай пячоры. Нiколi яшчэ яму не даводзiлася бегаць так хутка.

— Усё скончана, цмок! — закрычаў ён, ледзь убачыўшы свайго сябра. — Ён прыехаў! Ён ужо тут! Нарэшце табе давядзецца зрабiць што-небудзь!

Якраз у гэты час цмок займаўся туалетам — ён старанна вылiзваў сваю луску i палiраваў яе фланэлеваю анучкай, якую яму пазычыла хлопчыкава мацi. Луска блiшчала на сонцы, i цмок выглядаў проста чароўна — здалёк ён нагадваў гiганцкi кавалак бiрузы.

— Што гэта на цябе сёння найшло? Хiба можна так крычаць?! — адказаў цмок, не паварочваючы галавы. — Сядай, аддыхайся крышку, прыгадай, што, згодна з граматыкай, дзеясловам кiруе назоўнiк, i тады скажы — хто прыйшоў?

— Я вельмi рады, што ты ўсё прымаеш так спакойна, — кплiва сказаў хлопчык, — спадзяюся, ты застанешся такi сама спакойны i вытрыманы i тады, калi пачуеш маю навiну. У вёсцы аб'явiўся Святы Георг — вось так! Ён прыехаў паўгадзiны таму. Вядома, для цябе, такога вялiзнага й дужага, бойка з iм — драбяза! Але я ўсё ж вырашыў папярэдзiць цябе на ўсялякi выпадак. Я ўпэўнены, што гэты Святы Георг паднiмецца яшчэ на золку, i ты вочы прадраць не паспееш, як ён ужо будзе тут са сваёй даўжэзнай i востраю дзiдай.

I хлопчык радасна заскакаў на адной назе вакол цмока, смакуючы наперад крывавую бойку.

— Бедны я, няшчасны, — застагнаў цмок, — як гэта жахлiва. Не, я не прыму яго нi ў якiм разе! Я з iм зусiм не знаёмы. I я чамусьцi цалкам упэўнены, што ён мне не спадабаецца. Ты павiнен як мага хутчэй сказаць яму, каб ён тэрмiнова ад'язджаў. Я не магу забаранiць яму напiсаць мне, але катэгарычна адмаўляюся даваць iнтэрв'ю. Скажы, што я нiкога не прымаю.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже