Читаем Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке) полностью

- Цмок! Ну, ты што?! - пачаў угаворваць яго хлопчык. - Хiба можна быць такiм баязлiўцам? Ты зразумей: табе ўсё роўна давядзецца з iм бiцца, не сёння, дык заўтра, бо ты - цмок, а ён - Святы Георг! Ведаеш, як у нас кажуць? "Перш папрацуй, а тады й патанцуй". Зладзiм бойку, а тады пiшы сабе санеты, колькi ўлезе. Дый трэба ж i пра iншых думаць! Калi табе часам бывае сумна, дык уявi, як сумна бывае мне!

- Шаноўны мой сябар, - цырымонна прамовiў цмок, - я хачу, каб ты раз i назаўсёды зразумеў адну простую рэч: я не магу бiцца, i я не буду бiцца. Нiколi за сваё немалое жыццё я не браў удзелу ў бойках i пачынаць цяпер, дзеля тваёй забавы, не збiраюся. У былыя часы я заўсёды пакiдаў бойкi iншым - лепшым за мяне, i я ўпэўнены, што менавiта таму маю шчасце быць цяпер тут, побач з табой.

- Але калi ты адмовiшся бiцца, дык ён проста адсячэ табе галаву! жахнуўся шаноўны сябар i вельмi засмуцiўся: яму шкада было не ўбачыць бойкi i яшчэ болей шкада згубiць такога сябра.

- Ну, я не думаю, што ўсё ўжо гэтак дрэнна, - лянiва сказаў цмок. - Ты ж знойдзеш якое-небудзь выйсце. Я цалкам табе давяраю i ўпэўнены, што ты цудоўна ўсё ўладзiш. А цяпер, iдзi, даражэнькi мой, i як-небудзь там ужо дамоўся. Я на цябе вельмi спадзяюся.

Хлопчык, у маркотным настроi, не спяшаючыся, пацягнуўся да вёскi. Па-першае, ён быў засмучаны, што бойкi не будзе, а па-другое, ён быў расчараваны, што яго ўлюбёны цмок не паказаў сябе як адважны ваяр.

- "Знойдзеш выйсце", "уладзiш справы", - ледзь не плачучы, разважаў ён. Цмок, пэўна, думае, што ад бойкi гэтак жа лёгка адмовiцца, як ад запрашэння на гарбату цi на партыю ў кракет.

Калi хлопчык прыйшоў у вёску, вяскоўцы ў цудоўным настроi разыходзiлiся па хатах. Усе голасна абмяркоўвалi бойку, якая павiнна была адбыцца на наступны дзень. Хлопчык скiраваў да шынка i, калi ўвайшоў, убачыў Святога Георга, якi сядзеў за сталом. Той сядзеў у адзiноце, узважваючы свае шанцы ў заўтрашняй бойцы ды прыгадваючы сумныя, поўныя крывi i жаху расказы пра цмокавых ахвяраў (а такiх расказаў яму давялося выслухаць нiяк не меней за сотню).

- Святы Георг, можна мне ўвайсцi? - ветлiва запытаў хлопчык, спынiўшыся ля дзвярэй. - Я хацеў бы паведамiць табе сёе-тое пра цмока. Вядома, калi гэтая тэма табе яшчэ не надта надакучыла.

- Заходзь, заходзь, мiлы хлопчык, - прыязна прамовiў Святы Георг. - Яшчэ адна сумная гiсторыя, так я разумею? Жахлiвы яшчар пакiнуў цябе сiрацiнаю? Цi, можа, ты аплакваеш сястру цi брата? Суцешся. Хутка ён сплацiць за ўсе крыўды сваёю крывёй. Клянуся, я адпомшчу за нявiнныя ахвяры!

- Ды нiчога такога, - пачаў хлопчык. - Проста адбылося пэўнае непаразуменне, i я зараз усё табе растлумачу. Рэч у тым, што гэта - добры цмок.

- Але, але, - усмiхнуўся Святы Георг, - я цудоўна разумею. Добры цмок. Прыемна чуць, што вораг варты маёй зброi, што гэта не нейкi там ледзь жывы прадстаўнiк гэтай шкоднай пароды.

- Ды я ж кажу, што ён зусiм не шкодны! - узрушана крыкнуў хлопчык. - Божа, як людзi дурнеюць, забiваючы сабе галаву немаведама чым i не жадаючы думаць! Калi я кажу, што гэта добры цмок, дык маю на ўвазе менавiта, што ён добры! Гэты цмок - мой сябар, ён расказвае мне найцудоўнейшыя гiсторыi пра тыя даўнiя часы, калi ён яшчэ сам быў маленькi. Ён такi добры, што з iм пасябравала нават мая мацi, i яна гатовая дзеля яго на ўсё. I бацька палюбiў яго, хоць бацька ў мяне не надта цямiць у мастацтве ды паэзii i заўсёды засынае, калi цмок пачынае разважаць пра стыль. Сустрэўшыся з iм, проста немагчыма яго не палюбiць! Ён такi чароўны, ды яшчэ такi даверлiвы i просты - як дзiця!

- Вазьмi крэсла i сядай блiжэй, - сказаў Святы Георг. - Добра, што ты так абараняеш свайго сябра, i, вiдаць, у цмока ёсць пэўныя добрыя якасцi, iначай у яго не было б такога сябра, як ты. Але ж пытанне зусiм не ў гэтым! Цэлы дзень з невыносным жалем i гневам я выслухоўваў поўныя слёз i смутку расказы пра забойствы, крадзяжы ды пажары. Можа, яны былi занадта эмацыянальныя i не заўсёды вельмi пераканаўчыя, але агульная карцiна злачынстваў ясная. Гiсторыя вучыць нас, мiлы хлопчык, што шмат хто з сама адпетых злачынцаў падаваўся чароўным сваiм крэўным i блiзкiм. Таму я лiчу, што твой выхаваны i адукаваны сябар, не зважаючы на яго добрыя якасцi (якiя заслужана выклiкаюць тваю павагу i захапленне), павiнен быць знiшчаны як мага хутчэй.

Перейти на страницу:

Похожие книги