Читаем Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке) полностью

Першыя рады былi занятыя ў асноўным дзецьмi, якiя здолелi ўцячы з-пад суровага бацькоўскага нагляду, i, пакуль бойка яшчэ не пачалася, яны качалiся па траве, кулялiся, шчыкалi адно аднаго i зусiм не зважалi на нервовыя заўвагi, якiя iм наўзахапкi рабiлi мацеркi з апошнiх радоў.

Хлопчык заняў месца ў першым радзе, блiжэй да пячоры. Ён нерваваўся, як рэжысёр перад прэм'ерай. Цi можна па-сапраўднаму спадзявацца на цмока? А раптам ён перадумаў? Вырашыў, што не варта браць удзелу ў гэтай гульнi? Цi, можа, пачне хвалявацца, падумаўшы, што ўсё было спланавана занадта ўжо хутка, без анiякiх рэпетыцыяў, i ў апошнi момант пабаiцца высунуць з пячоры нос?

Хлопчык нi на хвiлiну не адводзiў позiрку ад увахода ў цмокаву пячору, але не заўважаў там нiякiх прызнакаў жыцця. Пэўна, цмок схаваўся ў сваёй нары i сядзеў глыбока пад зямлёй.

Нарэшце, калi ўсе месцы на ўзвышшах былi ўжо занятыя, пачуўся шум, крыкi, у паветра паляцелi капялюшы. Але хлопчык, якi сядзеў блiжэй да пячоры, нiчога не ўбачыў. I толькi праз хвiлiну ён, як i кожны, змог разгледзець Святога Георга, якi на вялiкiм баявым канi, не спяшаючыся, выязджаў на сярэдзiну пляцоўкi перад уваходам у пячору. Вецер калыхаў чырвоныя пёры на яго шлеме, i ён сам выглядаў чароўна i ўзвышана. Ягоны дужы конь фыркаў, грыва i хвост разляталiся ад подыху ветра, а залатыя рыцаравы даспехi блiшчалi так, што балюча было глядзець. У руцэ Святы Георг моцна трымаў доўгую дзiду, на кончыку якой трапятаўся маленькi белы сцяжок з чырвоным крыжыкам. Святы Георг нацягнуў павады, i конь знерухомеў.

Гледачы занервавалiся i крыху адсунулiся назад. Нават малыя хлапчукi перасталi тузацца i цягаць адзiн аднаго за валасы. Усе стаiлi дыханне. Запанавала цiшыня.

"Давай, цмок! Давай!" - шаптаў хлопчык, ёрзаючы ад нецярпення.

Але ён мог бы не хвалявацца, каб ведаў, да якой ступенi гульня захапiла цмока. Цмок прачнуўся яшчэ на золку i адразу пачаў старанна рыхтавацца да свайго першага выхаду ў свет. Яму здавалася, што ён вярнуўся на стагоддзi назад, што ён зноўку зрабiўся маленькiм цмачанём, якое са сваiмi братамi i сёстрамi гуляе на падлозе матчынай пячоры ў "святых i цмокаў", гульню, у якой заўсёды перамагаў цмок.

Раптам з пячоры данеслася басавiтае пыхканне, мармытанне, якое ўсё мацнела й мацнела, i нарэшце ўся далiна запоўнiлася жахлiвым рыкам, якi нiбыта павiс у паветры. У гэтую хвiлiну ўваход у пячору захiнуўся воблакам дыму, i адтуль, як ракета, вылецеў зырка блiскучы, цёмна-блакiтны цмок! Натоўп выдыхнуў: "Вооо-ох!" Цмокава луска зiхцела так, быццам з яе струменiлiся промнi святла, доўгi спiчасты хвост бiў па баках, вострыя пазуры дралi зямлю, i яе камякi разляталiся вакол, часам нават трапляючы ў гледачоў. Са злосна раздзьмутых цмокавых ноздраў валiлi дым i агонь.

- Выдатна, цмок! - з захапленнем закрычаў хлопчык. - Нiколi не мог падумаць, што ў яго такi талент, - дадаў ён цiшэй.

Святы Георг апусцiў дзiду, нахiлiў галаву i, уцяўшы каня шпорамi ў бакi, панёсся наперад. Цмок з рыкам i вiскам напаў на яго. Усё змяшалася ў кучу: блакiтная луска, залатыя даспехi, рык, дым, клацанне зубоў, агонь...

- Прамахнуўся!!! - залямантаваў натоўп.

Праз якую хвiлiну клубок з залатых даспехаў i блакiтнай лускi раскруцiўся, i Святы Георг, патрасаючы дзiдаю ў паветры, адляцеў на баявым канi ўбок i спынiўся толькi каля ўвахода ў пячору.

Пакуль ён паварочваў каня, цмок прысеў i пачаў злосна брахаць.

"Першы раўнд скончыўся, - падумаў хлопчык. - Як цудоўна ў iх усё атрымалася! Спадзяюся, што Георг не надта нервуецца. За цмока можна не хвалявацца. Лепшага актора свет яшчэ не бачыў!"

Нарэшце Святы Георг здолеў прымусiць свайго каня стаяць спакойна, абцёр з iлба пот i агледзеўся. Убачыўшы хлопчыка, ён усмiхнуўся, падмiргнуў яму i на iмгненне падняў тры пальцы.

"Ага, значыць, у iх усё спланавана, - зразумеў хлопчык. - Будуць бiцца да трэцяга раўнда. Шкада. Маглi б пагуляць i трошкi даўжэй! А што гэта там вытварае цмок?"

Цмок выкарыстоўваў хвiлiну перапынку, каб пацешыць публiку цмакаваннем. Шаноўным чытачам, вiдаць, трэба растлумачыць, што такое гэтае цмакаванне. Усё вельмi проста: цмакуючы, трэба бесперапынна бегаць па вялiкiм крузе i пускаць уздоўж пазваночнiка хвалi - ад завостраных вушэй да кончыка доўгага хваста. Калi ўлiчыць, што хвалi бягуць па цёмна-блакiтнай лусцы, дык можна ўявiць сабе, як эфектна ўсё гэта выглядае. Хлопчык зразумеў, што цмокава жаданне дабiцца ў публiкi поспеху, можна лiчыць, спраўдзiлася.

Святы Георг падцягнуў павады, ямчэй усеўся ў сядле, нацэлiў на цмока дзiду i паволi рушыў наперад.

- Наперад!!! - грымнулi гледачы.

Перейти на страницу:

Похожие книги