Адзiнокi вершнiк наблiжаўся да палаца, а гледачы - i Конрад разам з iмi не зводзiлi з яго вачэй. Калi да першых прыступак заставалася ўжо ўсяго некалькi крокаў, раптам здарылася неверагоднае.
Паверхня скалы заварушылася, зморшчылася, у скале ўзнiкла вялiкая дзiрка, з якой валiў дым, потым адтуль высунулася галава, падобная да змяiнай, чорная як ноч, цвёрдая, як чорнае дрэва, вялiзная, як цень ад хмары. Яна пакруцiлася сюды-туды на тоўстае шыi i кiнулася наперад. Натоўп хлынуў назад, i вершнiк застаўся сам-насам з агiдным монстрам. Конрад убачыў, як рыцар азiрнуўся, каб ён завярнуў каня, дык мог бы яшчэ захаваць жыццё. Але шукаць паратунку ён не схацеў.
Конрад вельмi спалохаўся. I апошняе, што ён паспеў заўважыць, раней чым даў цягу, - гэта страшэнны ўраган, якi раптам узняўся вакол замка i ў адно iмгненне паздзiраў з яго ўсе ўпрыгожаннi: i сцяжкi, i дываны, i стужкi.
Дрэнныя навiны разлятаюцца хутка. Не было выключэннем i тое, што здарылася каля палаца. Таму дома нават не заўважылi, што Конрад згубiўся. Мацi, праўда, некалькi разоў пыталася: "Куды гэта Конрад падзеўся?" - але нiхто не мог нiчога ёй адказаць. Старэйшыя сыны i iх сябры толькi i рабiлi, што абмяркоўвалi жахлiвы лёс жанiха прынцэсы Гэрмiёны. Таго дня прынцэса павiнна была пабрацца шлюбам з сынам манарха суседняй дзяржавы. Гэта быў вельмi прыемны малады чалавек: галантны, смелы, прыгожы - добрая партыя для прынцэсы.
- А цi бачыла яго прынцэса калi-небудзь раней? - пацiкавiлася мацi.
- Якая рознiца?! - абурыўся муж. - Гэты шлюб зрабiў бы нас наймацнейшай дзяржавай! А хто цяпер захоча ўзяць яе ў жонкi?
- Ну, такiх, хто захоча, будзе болей, чым трэба, - упэўнена сказаў Леа. Прынцэсе толькi семнаццаць гадоў, i яна сама прыгожая дзяўчына ў свеце.
Спрачацца тут было немагчыма, бо Леа сказаў праўду. Пра прынцэсiну прыгажосць расказвалi легенды. Калi ў iншых краiнах мужчыны параўноўвалi каханую з ружаю, з сонцам цi зорамi, дык у iх каралеўстве найбольшаю пахвалою было параўнанне з прынцэсаю Гэрмiёнай.
Яна была такая прыгожая, што калi яна нешта рабiла цi нават проста размаўляла, - ужо адно гэта псавала яе прыгажосць. Таму прынцэса нiчога не рабiла i размаўляла вельмi рэдка. Яна амаль не выходзiла з палаца, шкадуючы сваiх падданых, бо як толькi яны яе бачылi, дык не маглi ўжо кахаць болей нiкога, апроч яе. Так яна i жыла ў самоце, i простыя людзi - такiя, як Конрад i яго браты, - нiчога пра яе не ведалi. Апроч таго, вядома, што прынцэса неверагодна прыгожая.
- Ясная рэч, - разважаў Леа, - новы жанiх павiнен быць добра ўзброены i падрыхтаваны да бойкi з цмокам. Што мог зрабiць гэты небарака? Ён шыкоўна апрануты, але ж без зброi... Каралю трэба будзе, вiдаць, выклiкаць палiцыю цi загадаць, каб замуравалi дзiрку ў скале, i тады цмок памрэ з голаду.
- Небарака прынцэса! - уздыхнула мацi. - Якi гэта ўдар для яе!
Потым яны пачалi спрачацца, дзе была прынцэса, калi цмок праглынуў яе няшчаснага жанiха. Адны казалi, што бачылi яе каля акна, другiя, - што яна якраз тады малiлася ў каплiцы. Але ўсё гэта былi толькi чуткi. Нарэшце бацька, стамiўшыся ад спрэчак, сказаў:
- А мне здаецца, што яе нiдзе не было.
- Як гэта так? Недзе ж яна павiнна была быць, - не пагадзiлiся астатнiя.
- Ну, я сказаў тое, што думаю, - адказаў бацька.
У гэты момант увайшоў Конрад. Ён чакаў, што яму дадуць дыхту за тое, што ён гэтак позна вярнуўся. I ў любы iншы дзень так бы яно i было. Але тым вечарам усе былi занадта ўсхваляваныя, i яго познi прыход быў успрыняты, як звычайны хлапечы жарт. Конрад хацеў быў расказаць пра тое, што ўбачыў у лесе. Але як толькi пачаў, перад яго вачыма раптам да драбнiц усплыло ўсё, што здарылася каля палаца. Хлопчык адразу спалатнеў i змоўк. Браты крыху пасмяялiся з малога i зноў пачалi размову пра цмока, пра прынцэсу ды пра яе жанiха.
Конрад вельмi стамiўся, дарога дадому падалася яму бясконцаю, але пакуль ён iшоў, яго ўвесь час падтрымлiвала думка, што бацькi i браты будуць з захапленнем слухаць пра ягоныя прыгоды. Якое ж яго чакала расчараваннс! Леа ўвогуле не зацiкавiўся расказам, а Рудольф сказаў, што з такой далечынi наўрад цi можна было што-небудзь добра разгледзець. Што зробiш, яны былi дарослыя, а ён малы... Што ён мог ведаць пра такую сур'ёзную справу?! Браты зноў пачалi балбатаць, абмяркоўваючы, колькi народу, апроч прынца, з'еў цмок ды куды магла падзецца рака чорнай крывi... I такi цудоўны дзень скончыўся для Конрада вельмi сумна.