Ён паходзiў з не менш славутага каралеўскага роду, чым першы (газеты пiсалi, што нават з яшчэ больш славутага). I яму рыхтавалi яшчэ болей урачыстую сустрэчу. Але гэтым разам усё павiнна было адбывацца паводле зусiм iншага сцэнарыя, каб нi ў кога не ўзнiкла згадак пра мiнулы прыём.
Адным з новаўвядзенняў быў узвод кулямётчыкаў, узброеных кулямётамi новай мадэлi. Кулямётчыкам выдалi безлiч набояў, што праўда, халастых, i ўзвод павiнен быў стаяць непадалёк ад месца, з якога мiнулы раз цмок вылез са скалы. Як вядома, першы жанiх, убачыўшы смяротную небяспеку, паспеў крыкнуць толькi нешта накшталт: "Дарагая Гэрмiёна!" - адным гэтым паспеўшы засведчыць прынцэсе сваю любоў i адданасць. Часу сказаць што-небудзь яшчэ ў яго не хапiла, i нiхто не мог дакладна прыгадаць нават гэтыя ягоныя словы. Таму новы жанiх прапанаваў, што ён укленчыць на першых прыступках лесвiцы, якая вядзе да замка, i скажа невялiчкую прамову - што-небудзь накшталт напалову малiтвы, напалову клятвы ў каханнi.
I вось дзень вяселля настаў. Падзiвiцца на гэтае вiдовiшча сабраўся вялiкi натоўп. Усе былi ў цудоўным настроi, бо прыйшлi, каб зрабiцца сведкамi падвойнага свята: па-першае, вяселля iх улюбёнай прынцэсы, а па-другое, яе вызвалення ад цмока. Салют халастымi з кулямётаў змешваўся з гукамi ваеннага марша, што даводзiла гледачоў да экстазу. Калi ж шчаслiвы абранец укленчыў, каб красамоўна выказаць Гэрмiёне свае пачуццi, запанавала мёртвая цiшыня. Ледзь толькi няшчасны прынц вымавiў апошнiя словы, як скала задрыжала, пачуўся жудасны рык, i... небарака ўзляцеў у паветра, зацiснуты ў страшнай цмачынай пашчы. Трымаючы сваю ахвяру ў зубах, цмок iмгненна схаваўся ў скале.
Натоўп быў ахоплены жахам. I яшчэ ўвесь наступны тыдзень у каралеўстве панаваў страх. Рабiлiся шалёныя спробы растлумачыць няшчасце шкоднiцтвам той цi iншай асобы, некампетэнтнасцю кiраўнiцтва дзяржавы. Шмат нi ў чым не вiнаватых людзей загiнула ад рук ашалелага натоўпу. Патаемна крытыкавалi нават караля.
Адну толькi прынцэсу нiхто не вiнавацiў. Як i мiнулым разам, у момант трагедыi яна была недзе адна, але нiхто не ведаў дзе. А калi неўзабаве Гэрмiёну, якая была амаль у непрытомнасцi, знайшлi ў сябе ў пакоi, усе былi ўражаныя яе вытрымкай: ужо праз некалькi хвiлiн яна села за стол i сваёю рукой напiсала некалькi суцяшальных словаў чалавеку, якi ледзь не зрабiўся яе свёкрам. Гэты лiст быў надрукаваны ў газетах, i, чытаючы яго, нiхто не змог застацца абыякавым, а шмат хто змахнуў слязу. Прынцэса называла сябе сама мiзэрнай i няшчаснай кабетай у свеце, бо прынесла смерць двум вартым павагi й захаплення рыцарам (прычым другi нават болей варты, чым першы). А ў канцы лiста яна дадавала, што, вiдаць, адзiнае выйсце, якое засталося цяпер гаротнай дзяўчыне - назаўжды схавацца за кляштарнымi мурамi. Гэтая заява выклiкала буру пратэсту. З усiх куткоў краiны пасыпалiся лiсты, падданыя малiлi прынцэсу перамянiць сваё рашэнне. Каб дастаўляць гэтыя лiсты, давялося пусцiць дадаткова дзесяткi паштовых цягнiкоў.
Нiякiх перабояў з прэтэндэнтамi на прынцэсiну руку не было - наадварот, iх колькасць значна павялiчылася. Прынцэсiна слава расла разам з яе няшчасцем. Яшчэ нiколi Гэрмiёна не была такой папулярнай.
Народ моцна парадавала заява вайсковых экспертаў, якiя запэўнiвалi, што трагiчны выпадак не паўтарыўся б, каб кулямётчыкi былi ўзброеныя сапраўднымi, а не халастымi набоямi. "Пару добрых кулямётных чэргаў, - казалi яны, - i не будзе пра што турбавацца!" Народ з радасцю iм паверыў.
Сапраўды, трэба, каб падрыхтоўка да прынцэсiнага вяселля цалкам вялася вайскоўцамi!
Галоўнакамандуючы аддаў загад наступным разам нiкога з пабочных асобаў на ўрачыстую цырымонiю вянчання не дапускаць. Ён вырашыў, што хоць цмокавы днi ўжо i злiчаныя, але лепей з iм усё ж не жартаваць. Эскорт новага жанiха (а жанiх ужо быў абраны) павiнен быў складацца выключна з прафесiйных вайскоўцаў, вымуштраваных i добра ўзброеных.
I вось вайскоўцы выступiлi па дарозе да замка на зыходныя пазiцыi. Сонца зiхацела на тысячах iх сталёвых шаломаў. Выгляд у iх быў непераможны!
Але - на жаль! - ледзь толькi прынц прамовiў словы кахання, як скала расшчапiлася i з'явiўся цмок. Сустрэча яму была падрыхтаваная вельмi цёплая: дзесяць тысяч вiнтовачных куль i залпы кулямётнага агню вылецелi яму насустрач! Але жорсткiя цмокавы вочы нават не мiргнулi. Ён быў пазбаўлены толькi аднае радасцi: калi ён схапiў прынца, агонь не сцiх, i прынц, пакуль цмок цягнуў яго ў сваё логвiшча, быў увесь прадзiраўлены кулямi. Прынца забiў уласны эскорт, хоць у разлiкi вайсковых экспертаў гэта, вiдаць, не ўваходзiла.
Каралеўскiя хронiкi наступных двух гадоў поўныя суму. Любы гiсторык з радасцю прапусцiў бы гэтыя жахлiвыя старонкi з жыцця краiны.
Запасы прынцаў - прэтэндэнтаў на прынцэсiну руку - усё ж не былi невычэрпныя i маглi ўрэшце скончыцца. Таму было вырашана прымаць прапановы ад рыцараў, якiя мелi шляхетнае паходжанне, але былi больш знакамiтыя сваiмi баявымi подзвiгамi, чым рангам.