...Два пакойчыкі былі абстаўлены вельмі сціпла, каб не сказаць бедна. Самаробныя тапчаны, табурэткі і стол (дзядзька Тарас быў і сталяр, і цесля, і шавец, і жнец, і ў дуду ігрэц). У кутку ля дзвярэй нізенькі столік, і на ім шавецкія нажы, капылы, тэксікі ў бляшанках і ўсё такое. А на сценах два ўпрыгожанні: маслам пісаная аблупленая карціна, відаць, вельмі старая, бо на ёй амаль нічога нельга было распазнаць, так нейкія рукі і ногі - і павялічаная фотка ў светлай рамцы. А на ёй светлавалосы хлопчык у вопратцы са «шмайсэрам» на шыі. А на ватоўцы два медалі. Нахмураны, значна больш дарослы, чым цяпер, Карл.
Мы стаялі крыху ашаломленыя. Лізка, што праўда, і раней спрабавала была заводзіць гаворку пра «партызанку», але Карл заўсёды яе перабіваў: «гэта не да справы», «змоўч, Ліза» або «гэта іх не датычыцца». Урэшце, што было дзівіцца? I я быў сувязным у атрадзе. I Ролік выконваў у горадзе сякія-такія даручэнні. Але тут...
- Што за медалі? - хаваючы вочы, спытаў Фінеес.
- «За адвагу», - нядбала сказаў Карл, выносячы нам «орудия труда».
I ён не прыкідваўся. Ён сапраўды сказаў гэта нядбала, як аб нечым не вартым асаблівай увагі. Мы выйшлі і, адышоўшыся крыху, селі ў бур'яне, як пабітыя сабакі.
- Расказвай, - сказаў я Лізцы.
- Я не дужа ведаю, - тоненька і вінавата сказала яна. - Ён аднекуль уцёк, прабраўся цераз фронт. Прыстаў да партызан... пашанцавала адшукаць. А пасля рэйд быў. I ён з гэтым рэйдам быў і ў тваёй Беларусі. А за што медалі далі - ён не расказвае...
- Пэўна ж, было за што, калі далі, - сказаў я.
- А пасля, як нашы прыйшлі, дзядзька Тарас узяў яго. У дзядзькі ўсю сям'ю немцы пабілі.
У мяне ў сэрцы накіпала злосць на Навума і, яшчэ больш, на самога сябе.
- Т-так, Навуме, - сказаў я.
Я рос у невялікім гарадку, і мы, дзеці, гулялі ўсе разам, і пры выпадку маглі ўзаемна перакінуцца сотняй-другой беларускіх, рускіх, татарскіх, яўрэйскіх слоў. У дзяцей гэта хутка. Акрамя таго, бацька ў аднаго з нашай банды быў калісь рабінам, але расчараваўся. I таму я, не ў змове стрымацца, сказаў:
- Ты ведаеш, што такое па-старагебрайску «фінеес». Гэта азначае «медны рот». Вось гэта якраз ты. Крычыш ні з пушчы, ні з поля, дурань маляваны.
VI
Мы сядзелі ў сакрэце: Карл, Навум і я. Лета хілілася да восені, але ночы яшчэ былі цёплыя-цёплыя, можна без сарочкі хадзіць. I вось мы сядзелі ў зарослай варонцы ад снарада, і калені нашы сутыкаліся (я ведаў, што Раланд незнарок паслаў у сакрэт Карла і Навума, і мяне ў якасці згодніка; ён цяпер часта рабіў такое), а вакол утрапёна сакаталі конікі і цыкадкі, а над намі нябачна для вока каціліся сузор'і, якія зрэдку перакрэсліваў патаемны лёт кажана.
Мае паехалі, Карл і Навум былі ўвогуле вольныя птушкі. I вось мы сядзелі і чакалі, каб у дзве гадзіны ночы, калі ўсе паснуць, свіснуць Роліку.
Падвальныя знялі сваю ахову ў гадзіну ночы, але ў вокнах у Дзмітрэнкаў усё яшчэ гарэла святло. Трэба было чакаць.
- Расказалі б што-небудзь, хлопцы, - сказаў я. - Ну хаця б ты, Навуме.
- А што мне расказваць? Звычайнае дзяцінства, пасля вайна, Бабін Яр...
Гэта была, сапраўды, звычайная гісторыя тысяч і тысяч ягоных аднапляменнікаў; расказваць яе - паўтарацца ў стотысячны раз. Мяне здзівіла толькі тое, што яму ўдалося ўцячы і нават сяк-так уладкавацца, але пасля ён зноў трапіў у гета. Яго апазнаў і выдаў немцам адзін тып з яўрэйскай паліцыі. Зноў тры месяцы пекла і зноў уцёкі. На гэты раз проста з месца пакарання смерцю.
- Я гэта ўсё на свае вочы бачыў. I акцыі, і як зямля варушылася. 3 таго часу ў мяне вочы настроены на тое, калі іншаму кепска. Хто, можа, і не заўважае, што камусьці кепска, а я - з першага позірку.
Я адчуваў у цемры, якія напружаныя Карлавы калені. Але не перабіваць жа шчырага і праўдзівага апавядання.
- Потым і іх туды ж павялі. I юдэнрат, і паліцыю, і таго гадаўца. Сам бачыў. Сволачы! Крывёй свайго народа купляць сабе... Ну і купілі... - I цалкам не лагічна дадаў: - А ўсё клятыя немцы. Фрыцы паганыя.
Гэтае слова сарвалася ў яго з языка міжволі. Ён проста забыў. Я ўпэўнены, што ў наступную хвіліну ён пашкадаваў аб ім. Але было позна.
- Хальт маўль,- сказаў Карл.- А па-нашаму «заторкніся».
- Ціха, хлопцы, ціха.
- Не, ты пачакай. Ты памятаеш, калі палонных вялі па Брэст-Літоўскай шашы.
Я ўспомніў. Сапраўды, бясконцая пыльная змяя, і апушчаныя вочы адных, і вочы другіх, у якіх пераважала не нянавісць, а грэблівая цікаўнасць.
- Хто тады ў іх каштаны і іншае кідаў? Адзінкі кідалі. Бо разумелі - не ўсе вінаватыя. Многія, але не ўсе. А думаеш, у кагосьці з іх меней, чым у цябе, было прычын ненавідзець? Чаму так рабіў гэты люд? А таму, голубе, што ў яго вялікая незласлівасць жыве ў сэрцы. Б'е да смерці, але таго, хто ўпаў - не б'е. Вось чаго мне сорам, а не таго, што я...
Навісла цяжкая паўза.