- Свяцiльнiкi запалiў... - скрозь зубы ў лад арыштанту прамовiў Пiлат, i яго вочы ў гэты час свяцiлiся.
- Ага, - крыху здзiвiўшыся дасведчанасцi пракуратара, працягваў Iешуа, папрасiў мяне паразважаць пра дзяржаўную ўладу. Гэтае пытанне яго вельмi цiкавiла.
- I што ж ты сказаў? - спытаўся Пiлат. - Цi будзеш гаварыць, што забыўся? - але ў пракуратарскiм голасе ўжо была безнадзейнасць.
- Акрамя ўсяго iншага, я казаў, - расказваў арыштант, - што ўсякая ўлада з'яўляецца гвалтам над чалавекам i што прыйдзе час, калi не будзе нi кесарскай, нiякай улады. Будзе чалавеку царства праўды i справядлiвасцi, дзе наогул не патрэбна будзе нiякая ўлада.
- Далей!
- Болей нiчога не было, - сказаў арыштант, - тут убеглi людзi, звязалi мяне i прывялi ў турму.
Сакратар стараўся не прапусцiць нiводнага слова i старанна крэмзаў па пергаменце.
- На свеце не было i не будзе нiколi большай i цудоўнейшай улады для людзей, чым улада iмператара Цiверыя! - ахрыплы i хворы Пiлатаў голас мацнеў.
Пракуратар чамусьцi з нянавiсцю глядзеў на сакратара i на канвой.
- I не трэба, шалёны злачынец, разважаць пра яе! - тут Пiлат закрычаў: Вывесцi канвой з балкона! - завярнуўся да стала i дадаў: - Пакiньце мяне са злачынцам сам-насам, тут дзяржаўная справа.
Канвой падняў коп'i i, роўна стукаючы калiгамi, выйшаў з балкона ў сад, а следам выйшаў i сакратар.
Маўчанне на балконе некаторы час парушала толькi песня вады ў фантане. Пiлат бачыў, як уставала над трубачкамi вадзяная талерка, як адломлiвалiся яе краi i сцякалi струменьчыкамi.
Першы загаварыў арыштант:
- Я бачу, што здарылася нейкая бяда з-за таго, што я гаварыў з гэтым юнаком з Карыяфа. У мяне ёсць прадчуванне, што з iм здарыцца няшчасце, i мне вельмi шкада яго.
- Я думаю, - з дзiўнаю ўсмешкай адказаў пракуратар, - што ёсць сёй-той на свеце, каго табе трэба пашкадаваць больш, чым Юду з Карыяфа, i каму будзе намнога горш, чым Юду! Такiм чынам, Марк Крысабой, халодны i закончаны кат, людзi, якiя, як я бачу, -пракуратар паказаў на скалечаны твар Iешуа, - цябе бiлi за твае пропаведзi, бандыты Дзiсмас i Гестас, якiя са сваiмi памагатымi забiлi чатырох салдат, i, нарэшце, брудны здраднiк Юда - усе яны добрыя людзi?
- Ага, - адказаў арыштант.
- I настане царства iсцiны?
- Настане, iгемон, - пераканаўча адказаў Iешуа.
- Яно нiколi не настане! - раптам закрычаў Пiлат такiм страшным голасам, што Iешуа адхiснуўся. Гэтак многа гадоў назад у Далiне Дзеў крычаў Пiлат сваiм коннiкам словы: "Сячы iх! Сячы iх! Велiкан Крысабой папаўся!" Ён яшчэ мацней крыкнуў сарваным на камандах голасам, вымаўляў словы так, каб iх чулi ў садзе: - Злачынец! Злачынец! Злачынец!
А потым прыцiшыў голас i спытаўся:
- Iешуа Га-Ноцры, цi верыш ты ў якiх-небудзь багоў?
- Бог адзiн, - адказаў Iешуа, - я ў яго веру.
- Тады памалiся! Добра малiся! Хаця, - тут голас Пiлата апаў, - гэта не дапаможа. Не жанаты? - чамусьцi з сумам спытаўся Пiлат, не разумеючы, што з iм адбываецца.
- Не, я адзiн.
- Ненавiсны горад, - чамусьцi раптам прамармытаў пракуратар i перасмыкнуў плячыма, нiбы змёрз, пацёр рукi, як абмыў iх, - калi б цябе зарэзалi перад тваiм спатканнем з Юдам з Карыяфа, гэта было б лепш.
- А ты б адпусцiў мяне, iгемон, - нечакана папрасiў арыштант, i голас у яго зрабiўся трывожным, - я бачу, што мяне хочуць забiць!
Твар Пiлата сутаргава скрывiўся, ён паглядзеў на Iешуа чырвонымi гарачымi вачыма i сказаў:
- Ты думаеш, няшчасны, што рымскi пракуратар адпусцiць чалавека, якi гаварыў тое, што гаварыў ты? О багi, багi! Ты думаеш, што я гатовы заняць тваё месца? Я не твой аднадумец! I слухай мяне: калi з гэтае хвiлiны ты прамовiш хаця б адно слова, загаворыш з кiм-небудзь, - сцеражыся! Паўтараю табе: сцеражыся!
- Iгемон...
- Маўчаць! - закрычаў Пiлат i шалёнымi вачыма правёў ластаўку, якая заляцела на балкон. - Сюды! - крыкнуў Пiлат.
I калi сакратар i канвой вярнулiся на свае месцы, Пiлат аб'явiў, што зацвярджае смяротны прысуд, якi вынесены на сходзе Малога Сiнедрыёна злачынцу Iешуа Га-Ноцры, i сакратар запiсаў сказанае Пiлатам.
Праз хвiлiну перад пракуратарам стаяў Марк Крысабой. Яму пракуратар загадаў здаць злачынца начальнiку сакрэтнае службы i перадаць яму загад пракуратара, каб Iешуа Га-Ноцры трымалi асобна, а таксама пра тое, што камандзе сакрэтнае службы пад страхам цяжкае кары было забаронена размаўляць з Iешуа i адказваць на любыя яго пытаннi.
Па знаку Марка вакол Iешуа замкнуўся канвой i вывеў яго з балкона.
Затым перад пракуратарам з'явiўся стройны, светлабароды прыгажун з iльвiнымi мордамi на грудзях, з арлiным пер'ем на грэбенi шлема, з залатымi бляшкамi на партупеi мяча, у зашнураваным да каленяў абутку на трайной падэшве, у накiнутым на левае плячо барвовым плашчы. Гэта быў камандуючы легiёнам легат. У яго пракуратар спытаўся, дзе зараз знаходзiцца себасцiйская кагорта. Легат паведамiў, што себасцiйцы трымаюць ачапленне на плошчы перад гiпадромам, дзе будзе аб'яўлены народу прысуд злачынцам.