У небе сузор'і такія сінія, Сон над снягамі яшчэ плыве. "Добрага ранку, ўдава-гаспадыня, Мір клапатлівай тваёй галаве". Полымя цёплы чалеснік ліжа. Лёд на акне ад яго сышоў, Проста ў акно, ад водбліску рыжы, Звонку глядзіць і зайздросціць воўк. "Ты як знаходка для ўсёй брыгады: Сытыя ўсе, абшытыя ўсе... Толькі жывеш не сабе на радасць... Ведаеш?.. Не, пайду пакрысе". * * * "Сонца якое, ўдава-гаспадыня, Дзень які добры... сустрэліся зноў... Што гэта села на скронях? Іней Ці сівізна ад мінулых гадоў? Ёсць ад чаго. І я гэта маю. Цяжка было нам жыць на зямлі: Мужа забілі твайго паліцаі, Жонку маю пад расстрэл падвялі: Боль абаім яшчэ сэрца паліць, Ты яго несці дапамагла... Тузіну год мы па іх сумавалі, Пухам няхай ім будзе зямля. Шкода глядзець на цябе, гаротная, Так бы й пагладзіў па галаве. Ці вінаватая ты ў адзіноцтве? Ці вінаваты я ва ўдаўстве? Ранак быў цяжкі. Стамілася, мусіць? А выглядаеш, як сліва ў расе. Добраю б жонкай была ты камусьці..." "Дзякуй на слове" - "Я... пайду пакрысе". * * * Ноч надыходзіць. За вокнамі сінія Зноў заляглі бясконца снягі. "Што ж ты сядзіш без святла, гаспадыня? Пэўна, стамілася? Дзень даўгі... Ведаеш... восень - цяжкая штука, Але ж бывае і цёплай яна. Калі трымаеш жончыны рукі - Сэрцам адчуеш: зноўку вясна. Што ж ты зрабіла такое са мною, Што ад цябе мне дарогі няма, Што на душы мне так неспакойна, Што ў галаве маёй нейкі туман. Снег замятае шляхі-дарогі. Любая. Што ж ты? Не трэба, не плач..." Падае, Падае на падлогу З рук гаспадыні чорны рагач.
Лісце
Восень прайшла пералескамі, Па няголеным ржышчы ніў, Чырвонымі арабескамі Лісце лес ураніў. Глянь на зямлю залатую, Пяшчотную, сумную, чыстую, Нехта па ёй вандруе, Ў паветра ўзнімаючы лісце. Струменьчыкам тонкім лісце. Медзь на азёрах сплывае, Сум у небе імглістым... Як песня, з галін злятае Лісце, лісце, Залацістае лісце, Сто лісцяў, Дзесяць лісцяў, Ліст.