Сiгаючы цераз прыступкi, ён узнiмаўся па лесвiцы, мабыць, адразу забыўшыся пра свой жарт, а Фрузына адчула раптам, як хiснулася столь, скрывiлiся калоны - ёй стала млосна. Але жанчына стрымалася, прыхiнуўшыся да падаконнiка, i ўжо амаль не прыкмячала i не вiталася нi з кiм - нi з Iванам Кузьмiчом, якi нават не зiрнуў у яе бок, нi з Петрачэнкавым, якi сёння чамусьцi ўважлiва агледзеў яе халодным позiркам бялёсых вачэй, нi з Нонкай, якая падкрэслена ветлiва i са смяшынкай у вачах павiталася з ёю. Фрузыне было вельмi крыўдна i на сябе, i на людзей, i на ўвесь белы свет.
Увечары таго дня вярнуўся з камандзiроўкi Пархомаў.
Праз акно пад лесвiцай з вестыбюля яна адразу ўбачыла яго машыну, калi ён заварочваўся, каб заехаць у гараж, i яе сэрца зноў, як некалi, у час яго першага прыходу, нязладна забiлася ў грудзях. Яна памкнулася на панадворак, але спынiлася ля акна, пачакала трохi, пакуль ён уладкуецца з машынай, i пасля, з намаганнем перастаўляючы ногi, пайшла да варот.
Ён зняў акумулятар i анучкай выцiраў яго клемы, але, пачуўшы крокi, адразу ўстрывожана азiрнуўся. Вiдаць, нешта кепскае азначылася на яе твары, бо шафёр адразу ўстрапянуўся i выпрастаўся. Фрузына, прыкмецiўшы гэта, спрабавала няўдала ўсмiхнуцца i, павiтаўшыся, сказала:
- Ведаеш, мяне Петрачэнкаў выклiкаў. Лаяў... Пытаўся, цi праўда, што ты да мяне ходзiш?
- Што? - не зразумеў ён. - Што? А скуль ён ведае? На яго запыленым, змораным твары мiльганула трывога.
Фрузына патупiла вочы.
- Ну... А ты што? Што ты сказала?
- А што мне было казаць? Сказала, што прыходзiш...
- Дурнiца! - Пархомаў з прыкрасцю шпурнуў на зямлю анучу. Потым патаптаўся на месцы, узняў на яе раззлаваныя вочы. - Хiба так можна? Эх, ты!..
Яна ўраз зразумела, што ён не так, як чакала яна, паставiўся да гэтае справы, i ў жанчыны стала пуста i самотна ў душы. Страцiўшы надзею i сiлу, яна ледзьве дабрыла да свайго месца за перагародкай i ўжо не стрымлiвала роспачных слёз, што душылi яе. Побач рыпелi дзверы, хадзiлi людзi, нешта казалi, пыталiся, але яна не глядзела нi на кога, не адказвала, не слухала.
Наступiлi гаротныя днi.
Пархомаў болей да яе не прыходзiў, пазбягаў сустрэч, на працы яна часта бачыла ў акно, як прызвычаiўся ён да шафёрскай кампанii, сядзеў, курыў, размаўляў нароўнi з усiмi. Фрузыне было ад таго дужа балюча, яна па-ранейшаму iмкнулася да яго, нi ў чым не вiнiла, цяпер ужо яна папракала сама сябе, што адкрылася тады Петрачэнкаву, але фальшывiць, хлусiць, ашукваць яна не ўмела.
Ёй было вельмi пакутна ў адзiнокiя ночы ў сваiм пакойчыку - думаць, уздыхаць, успамiнаць нядаўнiя, поўныя хмельнага шчасця, днi. Часта яна зноў адчувала сябе вельмi адзiнокай, пагарджанай, ды ўжо куды мацней i нясцерпней, чым у ранейшыя разы.
I тады аказалася, што яна будзе мацi.
Спачатку Фрузына вельмi спалохалася ад тае навiны - яе ахапiў жах, калi яна прыгадала, як паставяцца да яе на рабоце, што скажуць суседзi. Ёй карцела некуды бегчы, неяк ратавацца ад той бяды, якая навiсла над ёю. Але на змену спалоху неўзабаве з'явiлася новая думка, што вельмi дзiвiла яе: у яе будзе дзiця - свая маленькая родная iстота, самая важная i самая дарагая ў жыццi. Яна прыпомнiла знаёмых суседскiх дзяцей, блiзнятак Драздовай, i неспадзявана яе ахапiла супярэчлiвая хвалюючая радасць. Яна ведала ўжо, што будзе шмат гора наперадзе, што Петрачэнкаў, бадай, не адступiцца са сваiмi нуднымi пропаведзямi, што будуць насмешкi i сорам, але ўсе гэтыя нягоды марнелi перад новай вялiкай радасцю мацярынства.
I Фрузына пакрысе супакоiлася, павесялела, яна пачала прыглядваць за сабой - у час паесцi, не заседжвацца начамi, у меру хадзiць. Са сваёй трохсотрублёвай зарплаты яна пачала ашчаджаць грошы - яны так патрэбны ёй будуць тады, як з'явiцца ён. Жанчына зноў, як калiсьцi ў шчаслiвую пару яе адносiн з Пархомавым, адчула сябе ладнай, здольнай, разумнай, такой, як i ўсе задаволеныя жыццём людзi. Пра свой новы стан яна не сказала нiкому, як мага глыбей тоячы свае надзеi. Яе цяпер вельмi цiкавiлi дзецi, i яна часта, iдучы дадому, спынялася дзе ў скверы i падоўгу пазiрала на малых карапузаў у калясках, на дарожках, на руках мацi.
Так iшоў час, i надышла пара, калi людзi пачалi прыкмячаць перамены ў яе аблiччы. Неяк у час зменкi Драздова ўважлiва, з падазронасцю паглядзела на яе закруглелы жывот i з заўсягдашняй грубаватай праматой, уласцiвай гэтай жанчыне, спытала:
- Што гэта ты растаўсцела? Цi не дзiцёнак? Фрузына сканфузiлася, затулiла далонямi жывот, але хiба можна было ўтаiць тое, што адбывалася ў ёй? I, зразумеўшы гэта, яна ўсмiхнулася са стрыманай шчырай радасцю ў вачах i паведамiла, як найвялiкшую сваю таямнiцу:
- Ага, дзiцёначак.
- Ах, каб ты правалiлася! - са знарочыстай злосцю загаманiла Драздова. Што ж гэта ты дапусцiла сябе, не ў час агледзелася? Трэба ж было раней, цяпер жа можна i нядорага... Ах, каб цябе!..
- Навошта? - зразумеўшы, пра што кажа жанчына, сказала яна. - Хай.