Урэшце перад змярканнем яна трохi адагнала ад сябе свае неспакойныя летуценнi, начала думаць аб iншым - аб людзях iхняй установы - трошкi ганарыстых, але нiштаватых супрацоўнiках, аб простых, часам языкастых, але няшкодных шафёрах, прыбiральшчыцах, вахцёрах. Успомнiлася, што чагосьцi радзей стала смяяцца Нонка - мусiць, нешта не ладзiцца ў яе замустве; усплыло ў памяцi, як апавядала Драздова пра сваю сварку з мужам; прыгадалася, як узiмку хварэў на нейкi цяжкi грып Петрачэнкаў i як усе клапацiлiся i непакоiлiся аб iм.
I вось у такую хвiлiну ўспамiнаў-роздумаў, адкусваючы нiтку, яна незнарок зiрнула ў акно i спалохана здрыганулася. Ад шашы сцяжынкай да барака iшоў Пархомаў.
Ён, вiдаць, раней яшчэ прыкмецiў яе ля акна i цяпер здалёк усмiхаўся. У руках яго i пад пахай былi папяровыя скруткi. На iм непрывычна тапырыўся добры чорны гарнiтур, неяк зухавата прыткнулася на галаве чыстая шэрая кепка. Фрузына вельмi спалохалася, кiнулася да дзвярэй, пасля - да стала, скамячыла кавалкi тканiны, кiнула iх на ложак, а пасля перахавала пад лаўку. Яна зусiм разгубiлася, а ён ужо стукаў у дзверы. Фрузына нiчога не адказвала на гэты стук, толькi шаптала роспачнае "ай Божачка!", а ён усё ветлiва пастукваў i чакаў дазволу ўвайсцi.
Трохi счакаўшы, яна сцямiла, што трэба сустракаць госця, i, прыдушыўшы ў сабе сарамлiвую збянтэжанасць, адчынiла дзверы. Ён з усмешкай зiрнуў на яе, далiкатна пераступiў парог, зняў кепку i пачаў старанна выцiраць аб палавiчок забруджаныя чаравiкi.
- Дзень добры, гаспадынька. Са святам! З жаночым днём! Вось здумаў, што адна, прыйшоў павiншаваць, бо я таксама адзiн...
Яна, усе яшчэ бянтэжачыся, запрашала яго садзiцца, падстаўляла табурэтку, тупала сюды-туды. Ён, перш чым сесцi, паклаў пакункi, выняў з кiшэнi бутэльку гарэлкi, паставiў на стол. Фрузына здзiвiлася i спалохалася, не ведаючы, навошта гэта i што яно можа азначаць, але прыкiнулася, што не заўважае тае незвычайнасцi, i дрыжачымi ад хвалявання рукамi круцiла рагi хусцiнкi.
Ён быў нязвыкла прыбраны - пры гальштуку, паголены, нейкi вясёлы, не падобны на будзённага, запэцканага i сур'ёзнага Пархомава. Цi то з прычыны сваей прыўзнятасцi, цi мо разумеючы стан гаспадынi, ён нi аб чым не пытаўся, а ўсё гаварыў сам.
- Думаю, што будзе жанчына адна марнець у гэткае свята? Дай, думаю, з'езджу, добра, недалёка.
- Ого, недалёка, - упершыню ўсмiхнулася яна, не ведаючы, куды дзець свае вялiкiя нязграбныя рукi.
- А якое там далёка? Тры-чатыры кiламетры - не адлегласць для чалавека, так сказаць, аўта-фота-мота. Ну, як ты тут жывеш? - спытаўся ён i агледзеў пакойчык. - Што, цячэ? - кiўнуў ён на мокрую пляму ў столi. - Рамонту дабiвацца трэба, а то што ж гэта такое - жаночае свята, а ў жанчыны дах працякае. А можа, проста дзiрка, трэ паглядзець. Э, ды i падлога тут рук просiць. Пераслаць бы, калi яшчэ лагi не згнiлi, а то што ж?
Ён закурыў, па-гаспадарску расклаўшы на стале курэцкiя прылады - блiшчасты партабак з папяросамi, запалкi. У пакоi прыемна запахла духмяным дымком добрых папярос, i ад гэтага паху Фрузыне чамусьцi стала лягчэй i весялей на душы. Яна ўжо перамагла ў сабе першае замяшанне, зразумела ўсё, што трэба было ёй рабiць, i, счакаўшы колькi хвiлiн, пачала даставаць са стала сякi-такi посуд.
Пархомаў ахвотна апавядаў пра свае шафёрскiя справы, пра парадкi ў гаражы, а яна па-маладому лёгка завiхалася ля стала - дастала гуркоў, дробнымi кольцамi парэзала каўбасу з пакунка, абчысцiла селядца. Да гарэлкi, аднак, яна не дакранулася, бутэлька ўсё стаяла, дзе была пастаўлена. Фрузына расставiла талеркi, напаследак дастала шклянку i невялiчкi кiлiшак. Пархомаў добра не адмытымi ад мазуты пальцамi ўзяў кiлiшак, пакруцiў у руках, незадаволена адставiў убок.
- А што ж гэта? Хiба большай няма?
- Няма, - схлусiла яна, зноў прысоўваючы кiлiшак. Ён з жартоўнай падазронасцю зiрнуў на яе i ўзяўся за бутэльку.
- Ну што ж, давай адзначым жаночае свята. Сядай, чаго там, - запрасiў ён. Яна паслухмяна i няўпэўнена, бы ў гасцях у чужой хаце, прысела на лаўку.
Яны выпiлi - ён паўшклянкi, яна са свайго кiлiшка. Пархомаў пачаў апетытна закусваць селядцом, яна таксама ўзяла кольца агурка i пацiху жавала. Першы кiлiшак узняў у ёй цэлы рой добрых, iмклiвых пачуццяў, адразу стала радасна i светла, але яна хавала гэта ў сабе i толькi ўсмiхалася. Ён ветлiва падсоўваў ёй талерку з каўбасой i, быццам яна была яго госцяй, запрашаў:
- Ты еш, каўбаса смачная, маскоўская, самы раз: не цвёрдая, i сала ўвакурат.
Пасля яны выпiлi яшчэ...
Нiколi ў жыццi ёй не было так хораша i па-маладому весела. Пархомаў добра еў; аж пачырванеў з твару ад выпiтага i з'едзенага i з нейкай лёгкай сяброўскай шчырасцю абыходзiўся з ёю. Ён нешта гаварыў i гаварыў усё, але яна дрэнна ўнiкала ў сэнс яго слоў. Яна ўся аддалася ва ўладу сваiх пачуццяў цiхага шчасця ад прывабнай цеплынi блiзкай чалавечай душы.