Читаем Навелы полностью

– Ведаеце што, мадам, я хачу прапанаваць вам нешта незвычайнае… Бачымся мы ўпершыню, і права на ваша давер'е ў мяне няма… Тым не менш, калі ў вас ёсць жаданне мяне суправаджаць, я б мог вас завезці туды і даставіць назад. Я ўпэўнены, што вы таксама іграеце.

– Іграю. А вы з чаго ўзялі?

– Вы прыгожая, як натхнёная мара артыста. Памыліцца тут нельга.

Павінна прызнацца, камплімент гэты мяне крануў. Штосьці надзвычай аўтарытэтнае было ў гэтым чалавеку. Я ведала, што блукаць па Лондане сярод ночы з незнаёмым – справа рызыкоўная. Мала што магло здарыцца. Але мне і ў галаву не прыходзіла яму адмовіць.

– Паедзем, – сказала я. – А куды я дзену чамадан?

– Здадзім яго разам з маім у багажную камеру.

Я не змагу назваць ні тых трох цэркваў, у якіх мы пабывалі ў гэтую ноч, ні таго, што іграў на арганах мой таямнічы спадарожнік. Помню, як падымалася з яго дапамогай па крутых, вітых лесвіцах, як месячнае праменне лілося праз высокія вокны, і цудоўную, велічную музыку. Я пазнавала мелодыі Баха, Фарэ, Гендэля, але, часцей за ўсё, мой праваднік імправізаваў. І тады яно ўзрушвала, брала за сэрца, быццам я чула бурную споведзь усхваляванай душы. Потым пераход да тонаў мяккіх, нябесных, поўных любві і ласкі.

Ап'янеўшы ад гукаў, я запытала імя вялікага музыканта. Яго звалі Пітэр Дэн.

– Вас чакае слава. Вы – геній, – гаварыла я.

– Які я геній! Ноч і позні час стварылі вам ілюзію. Я пасрэдны выканаўца. Але мяне натхняе вера і… ваша прысутнасць, на гэты раз.

Гэта яго заява не здзівіла мяне і не абразіла. Пітэр Дэн быў адной з тых асоб, з якімі збліжаешся хутка і лёгка. Ён быў з іншага свету, далёкі ад марнасці зямное. Калі наведванне трох цэркваў закончылася, ён сказаў без усякай хітрасці:

– Цяпер каля дванаццаці. Вы не супраць таго, каб прабыць у мяне гадзіны тры-чатыры, якія мы павінны перачакаць? Я згатую амлет, ёсць фрукты… Заўтра раніцай работніца прыбярэ.

Я адчула сябе шчаслівай, і, я ад вас не таю нічога, а таму прызнаюся, ва мне абудзілася няпэўная надзея, што гэты вечар даў пачатак сапраўднаму каханню. Пачуцці жанчыны ў большай ступені залежаць ад яе ўражанняў, чым пачуцці мужчын. Гэта чароўная музыка, гэта ноч, поўная паэзіі і гармоніі, гэта моцная і пяшчотная рука, што падтрымлівала мяне ў змроку, – усё спрыяла наплыву няясных жаданняў. І каб мой спадарожнік захацеў, я б не вызвалілася з яго ўлады… Такая мая натура.

Яго пакойчык, завалены кнігамі, пафарбаваны ў стэрыльны белы колер з чорнай палоскай наверсе, мне спадабаўся. Адразу ж я адчула сябе, як дома, скінула капялюш і паліто і намерылася ісці памагаць яму гатаваць вячэру ў яго малюсенькай кухні, але ён адмовіўся:

– Не трэба, я сам. Вазьміце кнігу. Гэта нядоўга, я зараз вярнуся.

Я выбрала «Санеты» Шэкспіра і паспела прачытаць з іх тры, змест якіх вельмі адпавядаў майму настрою.

Увайшоў Пітэр, паставіў перада мной столік, заслаў яго абрусікам і падаў мне ўсё, што меў.

– Прыгатавана цудоўна, – кажу яму, – ем з апетытам. Прагаладалася. Вы на рэдкасць здольны чалавек. Вы так добра ўсё робіце. Шчаслівая тая жанчына, што падзеліць з вамі жыццё.

– Ніякая жанчына не падзеліць са мной жыцця… Расказвайце пра сябе, гэта цікавей. Вы, вядома, францужанка? Адбываеце ў Амерыку?

– Так. Выходжу замуж за амерыканца.

Ён успрыняў гэта спакойна.

– Вы яго любіце?

– Я павінна яго любіць, паколькі вырашыла быць з ім разам да канца маіх дзён.

– Гэта яшчэ не довад, – сказаў ён. – Бываюць шлюбы, да якіх коцяцца павольна, нячутна, без асаблівага жадання. І раптам пападаюць у палон абавязкаў. Адступіць не хапае адвагі. І жыццё сапсавана. Але ў мяне няма падстаў гаварыць вам такія сумныя рэчы, я ж не ведаю вашага выбару. Не верыцца, каб жанчына вашага ўзроўню магла памыліцца. Адзінае, што мяне дзівіць…

Ён спыніўся.

– Гаварыце… Не бойцеся мяне пакрыўдзіць. Зрок у мяне востры… Я хачу сказаць, што ўмею глядзець на свае ўчынкі збоку і крытыкаваць іх.

– Ну добра! – прамовіў ён. – Мяне дзівіць не тое, што вам спадабаўся амерыканец (сярод іх ёсць выдатныя людзі, ёсць вельмі прывабныя), а тое, што вы згадзіліся правесці з ім у яго краіне ўсё сваё жыццё… Там дык вы, напэўна, адкрыеце «новы свет», вартасці якога будуць чужыя вам… Ангельскія звычаі і забабоны… Хоць, можа, ваш жаніх сам па сабе такі дасканалы, што вы не прыдасце ніякага значэння асяродзішчу, у якім будзеце жыць.

Я на хвіліну задумалася. Мне здавалася, я не ведаю чаму, што ўсё, што я раскажу Пітэру Дэну, надзвычайна важна і трэба, каб я перакладала яму свае думкі дакладна, з усімі адценнямі.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Новая Атлантида
Новая Атлантида

Утопия – это жанр художественной литературы, описывающий модель идеального общества. Впервые само слова «утопия» употребил английский мыслитель XV века Томас Мор. Книга, которую Вы держите в руках, содержит три величайших в истории литературы утопии.«Новая Атлантида» – утопическое произведение ученого и философа, основоположника эмпиризма Ф. Бэкона«Государства и Империи Луны» – легендарная утопия родоначальника научной фантастики, философа и ученого Савиньена Сирано де Бержерака.«История севарамбов» – первая открыто антирелигиозная утопия французского мыслителя Дени Вераса. Текст книги был настолько правдоподобен, что редактор газеты «Journal des Sçavans» в рецензии 1678 года так и не смог понять, истинное это описание или успешная мистификация.Три увлекательных путешествия в идеальный мир, три ответа на вопрос о том, как создать идеальное общество!В формате a4.pdf сохранен издательский макет.

Дени Верас , Сирано Де Бержерак , Фрэнсис Бэкон

Зарубежная классическая проза