– Як бы там ні было… але ўжытыя ім меры засцярогі, каб яго жонка пасля яго смерці была зусім спакойная, па-мойму, справа разумная… Слухаючы яе, я думаў пра нас з табою. Лічу памылкай, што дагэтуль не склаў завяшчання. Трэба будзе адразу ж гэтым заняцца.
– Што ты гаворыш, дарагі!.. Не палохай мяне!.. Першая памру я.
– Чаму так? Адкуль ты ўзяла?.. Ты маладзейшая. I хвароб у цябе ніякіх. Тады, як я…
– Маўчы! Не выдумляй сабе хвароб! Выгляд у цябе цудоўны, і ведай, дарагі… калі ты памрэш, я цябе не перажыву… Што маё жыццё без цябе? Я налажу на сябе рукі.
– Ты што, ашалела, Валянціна? Як ты можаш гаварыць такое? Ад жалобы не паміраюць, як бы ні было цяжка, ты ж гэта ведаеш. I потым… хіба ў цябе я адзін на свеце… Ёсць Калета, яе муж… Унукі ёсць у цябе.
– Калета жыццё сваё ўладзіла… Мы ёй не патрэбны.
– Ну так… Вось таму я і павінен зрабіць некаторыя захады ў тваю карысць.
Машына ўрэзалася ў паласу туману, і яны абое змоўклі. Нарэшце Валянціна абазвалася сцішаным голасам:
– Яно вядома, калі няшчасце дазволіць мне перажыць цябе на некалькі месяцаў, я б адчувала сябе спакайней, маючы… о! не завяшчанне, не… Я гэта лічу нядобрай прыкметай… Не… а так… звычайную паперу, проста пацвярджэнне, што Прэйсак і яго землі застаюцца ў маім уладанні да смерці. Наш зяць чалавек далікатны, але ён зроду Савіньякаў… Ад бацькі ён нешта мае… і любіць гаспадарку… I ў яго можа з’явіцца жаданне акругліць свой маёнтак за мой кошт, а мяне адправіць дажываць свой век у які-небудзь флігель. Гэта было б вельмі балюча…
– Гэтага нельга дапусціць, – прамовіў Гастон, спахмурнеўшы. – Я гатовы падпісаць любыя паперы, якія ты захочаш, і нават пакінуць табе Прэйсак па завяшчанню. Толькі ці будзе гэта законна? Я хачу сказаць, ці не перавышае вартасць Прэйсака тваю долю спадчыны?
– Трошкі… вельмі мала. Але гэта лёгка ўладзіць, – ажывілася Валянціна, – калі ты захочаш.
– Як? – запытаў ён. – Ты была ўжо ў месье Пасага, натарыуса, раілася з ім?
– Ну так… выпадкова зайшла на мінутку, – прызналася Валянціна і змоўкла.