Потым, калі палкоўнік падняўся, яна парывіста схапіла яго за рукі:
– Мне здаецца, што я не зрабіла нічога дрэннага, і ўсё ж такі… І ўсё ж я адчуваю, што на мне таксама ляжыць нейкі абавязак перад яго пакрыўджаным ценем… Мне балюча!.. Слухайце, палкоўнік, скажыце мне, дзе ваш сын пахаваны?.. Даю вам слова, што да самай сваёй смерці я кожную сераду буду прыносіць букет фіялак на яго магілу.
– Вось чаму, – закончыў сваё апавяданне Леон Ларан, – на працягу ўсяго жыцця наша Жэнні, якую лічаць чэрствай, расчараванай, а некаторыя нават цынічнай, кожную сераду пакідае сваіх сяброў, работу, свае амурныя справы і адна ідзе на могільнік Манпарнас да нябожчыка-лейтэнанта, якога ніколі не бачыла… Я думаю, вы цяпер пераканаліся ў справядлівасці маіх слоў. Гэта гісторыя надта сентыментальная для нашага часу.
Некалькі хвілін усе маўчалі, потым Бертран Шміт сказаў:
– На свеце заўсёды знойдзецца крыху рамантыкі для тых, хто яе варты.
Добры вечар, дарагая
– Ты куды, Антуан? – запытала мужа Франсуаза Кеснэ.
– Пайду на пошту. Здам заказное і выведу пагуляць Маўглі… Дождж перастаў. Хмары над Ментонай распаўзліся. Бярэцца на пагоду.
– Доўга не баўся. Я запрасіла на абед Сабіну Ламбер-Леклерк з мужам… Ну так, я прачытала ў «Эклерэры», што яны прыехалі ў Ніццу на некалькі дзён. Вось я і напісала Сабіне…
– Ах, Франсуаза! Навошта?.. Палітыка, якую праводзіць яе муж, мне агідная, і сама Сабіна…
– Не бурчы, Антуан… Ты ж не скажаш, што Сабіна табе не падабаецца!.. Да таго як мы пажаніліся, яе лічылі тваёй нявестай…
– Вось іменна… І яна мне ніколі не даруе, што я аддаў перавагу табе. А потым я гадоў пятнаццаць яе не бачыў; цяпер яна, мабыць, дзябёлая матрона…
– І зусім яна не матрона, – адказала Франсуаза. – Сабіна толькі на тры гады старэй за мяне. І ва ўсякім разе шкадаваць позна ўжо… Сабіна і яе муж будуць тут а восьмай гадзіне.
– Ты хоць бы параілася са мной… Чаму ты так зрабіла?.. Ты ж ведаеш, што мне гэта непрыемна.
– Шчаслівай прагулкі! – весела пажадала яна і выскачыла з пакоя.
Гэта сутычка з жонкай сапсавала Антуану настрой. Яе звычайны манеўр – ухіляцца ад спрэчак. Ідучы па дарожцы над морам сярод пахілых вуглаватых сосен, ён разважаў:
– Разбэсцілася Франсуаза… Проста нельга цярпець… І добра ж ведае, што я не жадаю сустракацца з гэтай парай. Пра свой намер мне ні слова… Усё часцей і часцей яна ўжывае тактыку гатовага факта… І навошта было запрашаць Сабіну Ламбер-Леклерк? Відаць, ёй нудна са мной і дзецьмі… Але каму захацелася пасяліцца тут, у гэтай глушы? Хто мяне прымусіў пакінуць Пон-дэ-Лёр, свае справы, сваіх блізкіх і ў маладыя гады супроць сваёй волі зашыцца ў гэтым кутку?..
Калі ён пачынаў успамінаць асабістыя крыўды, ім канца не было. Аднак Антуан моцна любіў сваю жонку; ён быў перапоўнены пачуццямі і любіў яе, я сказаў бы, эстэтычна. Мог цэлы вечар нястомна любавацца яе зграбным носам, яе светлымі вясёлымі вачамі, тонкімі рысамі твару. Але як яна часам умела яго даводзіць! Выбраць мэблю, плацце, кветкі, – на гэта Франсуаза была мастак. Што датычыцца людзей, тут у яе не хапала такту. Антуану было вельмі балюча, калі яна зневажала каго-небудзь з яго сяброў. Ён адчуваў і сваю адказнасць і сваё бяссілле. Потым доўга асыпаў яе папрокамі, яна моршчылася, але не звяртала асаблівай увагі, ведаючы, што вечарам каханне возьме верх і ёй будзе ўсё даравана. Потым ён прызнаў яе такой, як яна ёсць. А гадоў праз дзесяць пасля жаніцьбы пераканаўся, што яна ўжо не зменіцца.
– Маўглі, сюды!..
Ён зайшоў на пошту. Па дарозе назад яго думкі аб Франсуазе сталі яшчэ болей змрочнымі. Хоць бы яна была верная. У гэтым ён не сумняваўся, аднак яе какецтва і нават неасцярожнасць надта ўжо кідаліся ў вочы. А ці быў бы ён шчаслівейшы з Сабінай Ламбер-Леклерк? Ён уявіў сабе сад у Пон-дэ-Лёры, дзе яго, маладога хлопца, прымала Сабіна. Увесь горад сцвярджаў, што яны жаніх і нявеста, і самі яны, нічога аб гэтым не гаварыўшы, былі ўпэўнены, што пажэняцца.
«У Сабіны быў агнявы тэмперамент», – падумаў ён, успомніўшы, як некалі на танцах яна тулілася да яго.
Яна была першай дзяўчынай, з якой ён трымаўся смела, мабыць, таму, што адчуваў узаемнасць. Яна была жаданай і любай. Потым з'явілася Франсуаза, і тады ўсе іншыя дзяўчаты перасталі для яго існаваць… Цяпер ён прывязаны да Франсуазы. Дзесяць гадоў сямейнага жыцця. Трое дзяцей. Канец мелодыям вясны.
Сустрэўшы яе ў гасцінай, прыгожую, свежую, у муслінавым плацці ў яркія кветкі, ён забыў пра свой гнеў. Гэта яна, Франсуаза, стварыла іх дом, іх сад, якімі так захапляюцца госці. Гэта яна, Франсуаза, угаварыла яго кінуць завод і выехаць з Пон-дэ-Дёра незадоўга да эканамічнага крызісу. Так што, калі ўсё па справядлівасці ўзважыць, то яна прынесла яму болей шчасця, чым гора.
– Мішлін і Бако абедаюць з намі? – запытаў ён.
Ён гэтага хацеў. Прысутнасць дзяцей развеяла б няёмкасць сустрэчы з чужымі людзьмі.
– Не, – адказала яна. – Дзеці лішнія. Будзе прыстойней, калі нас сядзе чацвёра… Ідзі папраў гальштук, Антуан.