Читаем Не па дарозе полностью

Толькі не гэта цікавіла цяпер Андрэя. Нібы растраўлены блізкай здабычай звер, Андрэй не мог доўга ўстаяць на месцы. Але днём на такую здабычу не кінешся, і ён павярнуў з Жукаўшчыны. Тым больш, што душу недзе глыбока тачыў нейкі чарвяк; ён уядаўся ў яе, нібы жук-разак у падпаранае пад карой, праляжалае на зямлі дрэва... Ныла сэрца. Тут быў i страх, і ваганне, i адсутнасць надзейнага памочніка, што Якубчык лічыў самым важным.

«Аднаму?.. Рызыкоўна. Хіба адзін у полі воін?.. — горка ўсміхнуўся ён. — Але каго ж запалучыць? — моршчыў ён лоб. — Каб жа гэта Жукаўшчына была на загуменні, і хлопец мой падбег бы, не зломак ужо, — падумаў ён пра сына, — а то ж далеч, чысты свет...»

Як ні круціў Андрэй, а вымушан быў спыніцца на Рамане Сідарку.

«Гэты ўжо раз быў, тады... Хоць мала з яго толку, але ж язык у яго, як у цяляці: не пляце абы чаго па вёсцы. I патрымацца за шкляное рыльца любіць...»

Прышоўшы дадому, Андрэй рынуўся на ложак, як стаяў: у пінжаку, у ботах, нават шапкі не знімаў.

— Засну троху. А ты, Вова, — клікнуў ён сына, — прывядзі да мяне Сідарку, так пад вечар.

— Добра, збегаю, — прапісклявіў той у адказ, возячыся ў парозе з іржавым веласіпедным вобадам, падганяючы яго пад леташнюю тач­ку, якая была на цяжкім коле ад арфы.

— А дзе маці?

— Жне за вёскай...

— Глядзі не забудзься... — адвярнуўся Якубчык спіною на хату i хутка засоп у нос.

Праз гадзіны дзве яго і расштурхаў Сідарка, увесь заспаны і ўскудлачаны, відаць, пасля ўчарашняга ён яшчэ не да адной удавы забягаў за чаркай, абяцаючы скасіць ёй шнур сенакосу, выдзелены на працадні. Вочы яго зусім асалавелі і плюшчыліся. Расшпілены пінжак, укачаны ззаду ў пер’е, ссоўваўся з плеч. Галава не паварочвалася, язык яго зусім не слухаў, мусіць, перасохла ў роце.

— Што табе трэба? Ад твайго шчанюка адбою няма, к чорту матары!.. Прыстаў, зануда, і цягне з ложку... Я б яму паказаў, каб мат­ка не ўмяшалася... — зыбнуўся Сідарка і нахіліўся над Андрэем.

Той адразу, пачуўшы голас Рамана, ускочыў, працёр вочы, сыкнуў на Вову, каб ён вымятаўся прэч і, узяўшы Сідарку за абвіслы лац­кан пінжака, павёў да стала.

Сідарку нельга было ўламаць. Нічога не хацеў слухаць: кажы яму канкрэтна, чаго пазваў — і ўсё.

Тады на стол з’явілася бутэлька і галоўкі цыбулі з чэрствым хлебам. Андрэй асцярожна, здаля ўпамянуў пра Жукаўшчыну.

Выпіўшы крыху, Сідарка ачухаўся ад сну. Ён даўно ўлавіў, куды хіліць Анд­рэй, але рабіў выгляд, што нічога не цяміць з туман­ных намёкаў соннага чалавека.

Нічога не зробіш...

На стол з шафы была пастаўлена другая паўнюткая бутэлька, аж на газетную затычку, i масла на талерцы.

Цяпер ужо Андрэй развязаў язык. Усё ўмельства ўгаворваць ён выклаў тут, за сталом. Сам ён не выпіў нічуць, так толькі, для віду прыгубляў шклянку. А Сідарка, слухаючы няхітры план начной малацьбы Якубчыка, чэрпаў лыжкай масла і, патакваючы, ківаў галавою.

— Калі махнём удвух — не забавімся доўга. Сюды-туды, сноп пад тсалені і канец... — шэптам даводзіў Андрэй.

— Каму канец? Сідарку не канец... Сідарка нікуды не кранецца... Не палезе, як дурны на вароты... Факт.

— Не вярзі абы чаго. Возьмем мяшкі і пудзікі па два прыцягнем. Будзем збірацца, пара. Хопіць, хопіць! — учарэпіўся Андрэй за бутэльку, а то ты i так цягнеш не ў той бок. Стукнула ў галаўню. Так нічога не выйдзе. Слухай, Раман, ты даўно хадзіў туды на поле?..

— А масла тваё неблагое... жоўценькае... — ужо наўгад ткнуў Сідарка відэльцам у талерку.

Толькі ад Андрэя не так лёгка было адвязацца. Ён, мусіць, скумекаў, што хлопец залішне прыкідваецца, бо не такі ён i п’яны ад якога там паўлітэрка.

— Ты ў мяне глядзі... А ну вылазь з-за стала! Чуў?

— Нічарта не чуў!.. — гукнуў у адказ Сідарка. — Ведаем усе твае думачкі... Хопіць! Сідарка не такі... Не-е... Не абдурыш, як на лузе...— Раман піхнуў локцем бутэльку, яна зазвінела аб посудак і пакацілася па стале.

Андрэй хуценька сабраў усё з абруса i перанёс у шафу, злосна ляпнуўшы дзверцамі.

— Раман, перастань прыдурвацца, зараза!

— Куды схаваў? — цягнуў той рукі з-за стала. — Ладна, нясі, хавай!.. Быў скупы, скупым i здохнеш... — прабубніў ён нарэшце і асунуўся на лаву, апусціўшы пераносіцу на край стала.

Як ні тоўхаў яго пад бокі Андрэй, апроч упартага «адыйдзі!», не мог дабіцца нічога. Затым ён перацягнуў яго з лавы ў запечак, спрабуючы раскатурхаць. Нічога не памагала. Нарэшце ён вывеў таго на двор. Раману ж нібы язык адняло. ён толькі мармытаў пад нос нешта благое. Якубчык зразумеў, што спаіў хлопца на сваю галаву. ён плюнуў і пайшоў у хату, пакінуўшы таго праветрыцца на прызбе.

Калі ж ён праз некалькі часу выйшаў на ганак, Сідаркі на двары не было. Злосная лаянка зляцела з вуснаў Андрэя. Ясна, той «п’янюга» захацеў яго ашукаць.

«Але ты ад мяне не выкруцішся, лісіная скура», — скрыгатнуў ён зу­бам!.

Да Сідаркі дамоў адразу ж быў зноў пасланы Вова. Памятаючы бацькавы словы: «дастаць паршыўца з-пад зямлі», ён забег нават у некалькі хат, куды часцей за ўсё заглядаў Сідарка, але той нібы скрозь зямлю праваліўся.

Перейти на страницу:

Похожие книги