Читаем Нядоля Заблоцкіх полностью

Так, на прымакоў не спадзеючыся, гэтай вясны пан Змышлевіч быў за сталярку ўзяўся. Яшчэ падлеткам быўшы, давялося яму ў дваровага стальмаха за памагатага быць. От ён тады ў стальмашні і налажыўся гэблік у руках трымаць, з пілкаю ды з долатам як абыходзіцца, сёе-тое ў паяздзе паправіць мог. А потым ужо дома сталярку, бандарку Гіляры сам праз сябе дайшоў, як рабіць: кемкае ён меў вока. От яму цяпер гэта ўмельства і згадзілася.

Нацягаў Гіляры ў падпаветку дубовых дошак — добрую, панскую з іх узяўся труну майстраваць. І нагадзіўся якраз Юстап Заблоцкі на гэту работу. Прыйшоў ён да Змышлевічаў пазычыць жалезняка здохлае свінчо закапаць. Пачуў стук у падпаветцы. Зайшоў туды. Ажно ў Гіляра ўжо, можна сказаць, і па рабоце. Асталося толькі шкляною папераю пацерці, каб гладзей было. Ужо века збіваў ён.

— Памажы, божа, — Юстап майстру дае.

— На векі вякоф аман, — той адказаў.

Недачуў Гіляры. Падалося яму, што Заблоцкі, шляхечы яго гонар шануючы, далікатнага «пахвалёнага» яму даў.

— Каму ты такую добрую дамавіну робіш?

— Сабе. А каму я рабіць буду?!

Добра, доўга паглядзеў Юстап на Гіляра: пры сваім розуме чалавек ці ўжо крыху блытацца пачынае? Не ўпадабаў Заблоцкі шляхціцаву работу.

— На ліха яна табе, — кажа на труну. — Хіба жывы туды ўлезеш ды будзеш смерці чакаць?

— Не твая бяда, — крыху зазлаваў Гіляры. — Дык табе жалезняка трэба? — не заходзіў шляхціц з мужыком у доўгую гаворку. — Ён недзе ў сенцах стаіць. Хадзем. Там возьмеш, — вывеў Заблоцкага з падпаветкі, каб барзджэй адбратацца ад яго. — Ну, як твой сын? — у сенцах, даючы жалязняк, папытаў Гіляры.

— А гэта будзем бачыць, — нічога пэўнага не сказаў Юстап. — У яго яшчэ ўсё наперадзе.

Не любіў Заблоцкі гаворкі пра сына, як пахваліцца не было чым.

— Трэба ісці, — кажа. — У нядзелю пагаворым, як будзе час.

На гэтым і разышліся баркаўскія багатыры. Панёс Заблоцкі жалязняк дадому, а Змышлевіч зайшоў у хату. Там узяў паркаль, што на гэтым тыдні набраў у Хлюпску, ды вярнуўся з ім назад у падпаветку.

Сваім розумам Гіляры на свеце жыве. Ведае ён, што і нашто робіць. Чужое звягі яму не канечне слухаць. Не патрэбна яму ні нядзеля, ні мужыцкія зборні на прызбах. Жыў ён будзе, калі і пра Юстапчыка не дазнаецца. Не надта патрэбен Савостаў акзамент. Ці ён здаў яго, ці не — Гіляру ўсё роўна.

Прынёс Змышлевіч паркаль у падпаветку. Развярцеў, зірнуў — харошы, квяцісты. Памацаваў — моцны, не дзярэцца.

«Гэтакага тавару пашкадаваў бы прымак на труну набраць», — тое думаў Гіляры.

Абабіў ён тым квяцістым, моцным паркалем усярэдзіне дамавіну, папушчаў знадворку брыжы. Не паглядзеў шляхціц на Юстапавы кпіны. Аздобную і даўгавечную змайстраваў сабе хату. Палажыў у галавах маленькую падушачку з мяккага, дробнага, знарок укошанага і высушанага мурожнага сена. Чуваць быў моцны пахучы чабор. Цяжкі і доўгі сон быў бы жывому чалавеку на такой падушцы. Ніколі б прымакі па Гіляравай смерці такой яму выгады не прыстараліся.

Сваю ўласную дамавіну зверху пагладзіў, усярэдзіне памацаў Змышлевіч. І здаволен ён быў.

— …Ніколі б… І матарыялу, і работы пашкадавалі б прымакі, — сам сабе пад нос прабубніў Гіляры.

Ды і на свае памінкі мала ён меў надзеі. Боязна яму было, што так непамінаны і астанецца, будзе прэць у зямлі. На прымакоў не чакаючы, і пра гэту жалобную бяседу паклапаціўся баркаўскі шляхціц. Схаваў чырванец у труне пад падушкаю. Палажыў туды і свае строі на смерць: штаны, кашулю, крамныя шкарпэткі, новую, ні разу не надзяваную жакетку з сукна сваёй работы. А на гэту адзежу, каб мякка было, каб не пабіўся, калі як незнарок зварухне хто, гарнец даўнейшай царскай гарэлкі палажыў.

— От нечага, — казаў, — будзе што выпіць на хаўтурах.

Тым часам ужо па ўсіх выборах на той свет было. Цяпер толькі прыставіў Гіляры века да свайго месца, моцна яго цвікамі прыбіў. І каб хто ў яго: «Маеш хату на смерць?» — папытаў, «У свірне на гары яна смерці чакае», — не доўга думаючы, адказаў бы Гіляры. Там у шляхціца дамавіна стаяла да спасёнага дня, калі трэба будзе.

Даў Гіляры сваёй рабоце прытон і ў хату пасілкавацца пайшоў. Там сукала нема крычыць, тарарахкае. Пішчыць, што шляхта яму подмазкі шкадуе. Гасяць набіліцы ў дужых Альжыных руках. За ўсякім разам іхні стук незакітованыя шыбы адлічваюць ды лямпа пад сталом скіўнецца — той лік пацвердзіць. Не ўправіліся Змышлевічанкі за зіму з абрусамі ў елачку: на вясну іх пакінулі датыкаць. От гэтыя кросны сама больш і труцілі Гіляру свет. Забываўся ён на прымакоў, як толькі пачуе іх стук.

— Каб на вас заўшыца з вашаю работаю! — бубніў ён, у хату прыйшоўшы. — Не ўпыняцца! Як зіма, як лета… Хоць ты свае дамоўкі выракайся.

Так было таго дня. А на другі дзень прыйшло недалёкае заўтра, за заўтрам — паслязаўтра ды так многа іншых, не названых дзён следам. І от аднаго разу, як спаражнілі, за стол сеўшы, міску капусты ўсёю сям’ёю ды пакуль яе месца жоўтая, тлустая смажанка змяніла, пайшла ў Заблоцкіх пра шляхтаў гаворка.

Перейти на страницу:

Похожие книги

1984. Скотный двор
1984. Скотный двор

Роман «1984» об опасности тоталитаризма стал одной из самых известных антиутопий XX века, которая стоит в одном ряду с «Мы» Замятина, «О дивный новый мир» Хаксли и «451° по Фаренгейту» Брэдбери.Что будет, если в правящих кругах распространятся идеи фашизма и диктатуры? Каким станет общественный уклад, если власть потребует неуклонного подчинения? К какой катастрофе приведет подобный режим?Повесть-притча «Скотный двор» полна острого сарказма и политической сатиры. Обитатели фермы олицетворяют самые ужасные людские пороки, а сама ферма становится символом тоталитарного общества. Как будут существовать в таком обществе его обитатели – животные, которых поведут на бойню?

Джордж Оруэлл

Классический детектив / Классическая проза / Прочее / Социально-психологическая фантастика / Классическая литература