Франц схаваўся ў яшчэ бязьлістыя кусты і там пераапранаецца. Час ад часу радасна паказвае, што зьняў зь сябе і што апранае. Паказаў рэмень з усёй салдацкай аснасткай, дыскамі аўтаматнымі, з круглым карабком супрацьгазу. Паліна махае рукой: кінь і гэта! Калі свайго жыцьця не шкада, гэтага не шкадуй.
Вярнуўся з кустоў зусім іншы Франц. Хоць ты зь ім на петухоўскую вечарынку ідзі. Не, вядома, не на вечарынку ў гэтых караўках, хутчэй на калгасны сход ці ў абору. Але гэта тое, што трэба, — зноў жа калі жыць хочаш. Немец сумленна паказаў: круглую гранату ён сабе пакідае. Паднёс да ўсьмешлівага твару і прадэманстраваў, як ён адкруціць блакітную галоўку гранаты, як пацягне за яе і… Рукой, пальцамі зьмяў свой твар, як памідор. I растлумачыў:
— Butiges Fleisch[7]. Ніхто не пазнае немца Франца. Што яго фатэр і мутэр жывуць у Дрэздэне.
Паліна бачыць, што на руцэ ў яго (рукавы кароткія) паблісквае, кідаецца ў вочы, «ня наш» гадзіньнік, але не выкідаць жа і яго. Будзе насіць у кішэні. Ён ужо нечага напхнуў туды.
— Добра, што ты па-нашаму кеміш, але вымова — ну проста гарачая бульба ў роце. Зробім так: ты будзеш нямы, а гаварыць буду я!
6
— Пайду схаджу да Пархімчыкаў. Або:
— Адведаю бабку Капусьціху.
I ідзе. Да суседзяў, ледзь не на ўвесь дзень. Гэта яна наведваецца да нябожчыкаў. Паліну палохае, зь якім спакоем, як сур’ёзна гучыць яе: «схаджу», «адведаю». Ні сьлязінкі ў голасе, а твар, вочы маці — нейкія нетутэйшыя. Каб жа, ратуй Божа, не кранулася з розуму.
Яна пастарэла за гэтыя дні. Староньнія называлі яе бабуляй даўно, яшчэ калі Паліна дзяўчынкай была. Не згаджалася:
— Няпраўда! Мая мама самая маладая!
Паліну нарадзіла, калі ёй пяцьдзясят ужо было, Паўліка — на год з палавінай раней. А датуль усё не было ў сям’і дзяцей. Вось і атрымалася: малыя дзеці, а маці — «бабуля». Але ў вёсцы на гэта ніякай увагі, старых могуць назваць — «дзеўкі», маладзіц — «бабкі»: хоць гаршком назаві, адно ў печ ня стаў!
Паліна высачыла, куды і чаго маці ідзе зранку. Нічога, толькі зьбірае на пажарышчах костачкі, чарапы спаленых і складвае ля печы. Як каля помніка. Прачытаўшы малітву, пераходзіць у наступны двор. I так увесь дзень. Паліна стала прыносіць ёй паесьці, папіць. Моўчкі прыме чорнымі ад сажы рукамі, з адсутнымі, пустымі вачыма пад’есьць, на пытаньні не адказвае. Паліна таксама змоўкне, пасядзяць побач, і Паліна вяртаецца. Цяпер ідзе да Франца. Ён звычайна сядзіць ля вогнішча, добра, калі ёсьць занятак — сачыць, ці сьпяклася бульба, а то ня ведае, куды сябе падзець, увесь час шукае вачыма Паліну. Яна ў іх за развадзяшчага ці, калі па-даваеннаму, за брыгадзіра. За ўсіх павінна галава балець.
Паліна і Франц цяпер начаваць ідуць у лес, хаця і недалёка. Каб, калі што, яны першыя, а ня іх, прыкмецілі. Акрамя іх траіх у вёсцы жывымі засталося яшчэ колькі курэй, кошкі, сабакі. Прыцемкі ўжо ня пахнуць каравякамі. Але ў жывых у кожнага свой занятак, свой клопат. Паліна выявіла, што сабакі, якія ня зьбеглі ў лес (сустрэнеш і палохаесься: воўк!), таксама вышукваюць курыныя яйкі, жаруць іх раЗам з шкарлупіньнем. А яна сама ўзялася яйкі зьбіраць, каб «карміць сям’ю» — маці, Франца. Сьмешна ўспамінаць, але дзед Пархімчык так тлумачыў нянавісьць немцаў дагабрэяў: і тыя, і другія любяць яйкі, для ўсіх не хапае. Як цяпер у Паліны з сабакамі.
Так пражылі тыдзень, другі. Дні не занятыя, доўгія. Бадзяліся па лесе, белым ад бяроз, запоўненым вясновым сонцам і птушынымі галасамі, не сядзець жа на месцы. У адну зь цёплых травеньскіх раніц здарыўся цуд. Ці як гэта назваць? Жыцьцё такое, што ўвесь час услухоўваесься. А тут — нейкі шэлест, крадком, як бы дробны дожджык па лісьці прабег. Але на небе ні хмурынкі, і на дрэвах лісьця ўсё яшчэ няма. Тут Паліна ахнула: гэта ж пупышкі, лісьце бярозавае распускаецца! Мільярды адначасова, аднамомантавыя электрычныя зарады выбухаюць! Зацерабіла Франца: чуеш?! Чуеш?! Ён глянуў на шчасьлівую Паліну, глянуў уверх і — малайчына! — адразу скеміў, пра што яна.
— Wie bei einem Kommando! — і сам пераклаў: — Як па камандзе!
Самае дзіўнае: пачынае здавацца, што ня толькі над галавой выбухаюць пупышкі — бярозавыя бомбачкі! — але і далёкія-далёкія чуеш, гук зьліваецца ў агульны электрычны шэлест.
I тут Паліна і Франц нырнулі на зямлю: як быццам цела пранізаў віск сапраўднай бомбы. Як стаялі, так і ўпалі, схапіўшыся за рукі, пацягнуўшы адно аднаго дадолу: убачылі сярод дрэваў людзей, рух сярод нерухома белых бяроз. Зялёныя мундзіры — немцы! Франц панічна зашнырыў рукой у кішэні, ярасна спрабуе адарвацца ад рук Паліны, адкаціцца ўбок: гэта ён гранату выцягвае — Паліна ўбачыла чорнае яйка і яшчэ болып учэпіста ўпілася ў ягонае рукаво! Кінь, кінь, выкінь!
Няўжо і сапраўды ёсьць нешта страшнейшае за сьмерць? Ды колькі хочаш — у гэтым жыцьці, не адзін чалавек у гэтым пераконваўся. Вось і Франц вырашыў: «крывавае мяса», але толькі каб ня ўзялі яго жыўцом, не прызналі ў ім «свайго», немца! Змог бы ён ці ня змог — калі б нt перашкодзіла Паліна, — хто ведае. Але што ён болmi, чым сьмерці пужаюцца, сваіх спужаўся — гэта было. Такое бывае зь людзьмі.