— Так. З Кнутам я першы раз сустрэўся ў Англіі ў 1944 годзе. Англічане ўзнагародзілі яго ордэнам за ўдзел у парашутным дэсанце, які звёў на нішто спробы немцаў стварыць атамную бомбу: Кнут быў радыстам у групе ўдзельнікаў Супраціўлення, што зрабіла дыверсію па знішчэнню ў Р’юкан запасаў цяжкай вады[13]. Калі я сустрэўся з ім, ён толькі што вярнуўся з другой аперацыі ў Нарвегіі; гестапа ледзь не злавіла яго з тайным перадатчыкам, схаваным у коміне радзільнага дома ў Осла. Нацысты яго запеленгавалі, і ўвесь будынак быў акружаны нямецкімі салдатамі з кулямётамі насупраць кожных дзвярэй. Фемер, начальнік гестапа, сам знаходзіўся на двары, чакаючы, калі прывалакуць Кнута. Але прывалаклі яго ўласных людзей. Кнут з дапамогай рэвальвера прабіўся ад вышак да падвала, а адтуль — на задні двор і пад градам куль знік за бальнічнай сцяной. Я сустрэўся з ім на сакрэтнай станцыі ў старасвецкім англійскім замку; ён вярнуўся для арганізацыі падпольнай сувязі між сотняй перадаючых станцый у акупіраванай Нарвегіі.
Сам я толькі што закончыў парашутную практыку, і мы збіраліся разам саскочыць у Нордмарку, паблізу ад Осла. Але тут якраз рускія ўвайшлі ў раён Кіркенеса, і невялікі нарвежскі атрад быў накіраваны з Шатландыі ў Фінмаркен на змену, калі можна так сказаць, цэлай рускай арміі. Мяне таксама паслалі туды. Там я і сустрэўся з Тарстэйнам.
У тых мясцінах была яшчэ сапраўдная арктычная зіма, і паўночнае ззянне зіхацела на зорным небе над намі. Дзень і ноч стаяла непраглядная цемра. Калі мы праходзілі па пажарышчах спаленага раёна Фінмаркена, пасінелыя ад холаду і хутаючыся ў футравую вопратку, з маленькай халупы сярод гор вылез вясёлы хлапец з блакітнымі вачыма і калючымі светлымі валасамі. Гэта быў Тарстэйн Рабю. У пачатку вайны ён уцёк у Англію і прайшоў там курс навучання; потым яго тайна перакінулі ў Нарвегію, кудысьці пад Трамсё. Ён хаваўся з маленькім перадатчыкам дзесьці паблізу ад лінкора «Цірпіц» і на працягу дзесяці месяцаў штодзень паведамляў у Англію аб усім, што адбывалася на борце карабля. Ён пасылаў данясенні ўночы, далучаючы свой тайны перадатчык да прыёмнай антэны, што паставіў нямецкі афіцэр. Яго рэгулярнымі данясеннямі і кіраваліся англійскія бамбардзіроўшчыкі, якія ўрэшце ўсё-такі патапілі «Цірпіца».
Тарстэйн уцёк у Швецыю, адкуль зноў перабраўся ў Англію, а пасля з новым радыёперадатчыкам саскочыў на парашуце ў тыле немцаў у пустэльным раёне Фінмаркена. Калі немцы адступілі, ён апынуўся ў нас у тыле і выйшаў са свайго сховішча, каб дапамагчы нам сваёю маленькай радыёўстаноўкай, бо наша магутная радыёстанцыя была выведзена са строю мінай. Гатоў біцца аб заклад, што і Кнуту і Тарстэйну абрыдла цяпер сядзець без сапраўднай работы, і абодва яны будуць рады зрабіць невялікую прагулку на драўляным плыце.
— Напішыце і прапануйце ім, — параіў Герман.
Вось я і напісаў кароткія пісьмы, без усякіх прыкрас, Эрыку, Кнуту і Тарстэйну:
«Збіраюся пераплыць Ціхі акіян на драўляным плыце, каб пацвердзіць тэорыю аб тым, што астравы Паўднёвага мора былі заселены з Перу. Ці не хочаце прыняць удзел? Я гарантую толькі бясплатны праезд да Перу і да астравоў Паўднёвага мора і назад; у час падарожжа вы здолееце ў поўнай меры паказаць свае тэхнічныя таленты. Адказвайце неадкладна».
Назаўтра ад Тарстэйна прыйшла такая тэлеграма:
«Еду. Тарстэйн».
Два другія таксама паведамілі, што яны згодны.
Шостым удзельнікам мы думалі ўзяць то аднаго, то другога, але кожны раз узнікалі якія-небудзь перашкоды. Тым часам Герману і мне трэба было брацца за вырашэнне пытання аб прадуктах. Мы зусім не думалі ў час падарожжа есці толькі вяленае мяса лам або сушаныя клубні кумары[14], бо не збіраліся даказваць, што калісьці мы самі былі індзейцамі. Мы ставілі сабе на мэце выпрабаваць магчымасці і ўласцівасці плыта інкаў, даведацца, наколькі ён прыгодны для плавання ў моры і якую можа мець грузапад’ёмнасць, і высветліць, ці ўдасца яму — з намі на борце — шчасліва пераплыць па волі стыхій акіян і дабрацца да Палінезіі. Нашы папярэднікі індзейцы маглі, вядома, пражыць на плыце на сушаным мясе і рыбе і сушаных клубнях кумары, паколькі гэтымі прадуктамі яны харчаваліся і на беразе. Але мы мелі на ўвазе высветліць, паўтарыўшы іх падарожжа ці ўдавалася ім, плывучы па акіяне, здабываць для сябе свежую рыбу і карыстацца дажджавой вадой. Што датычыць харчу для нас, дык я разлічваў на звычайны палявы рацыён, да якога мы прызвычаіліся на вайне.
Якраз у гэтыя дні ў Вашынгтон прыехаў новы памочнік нарвежскага ваеннага аташэ. Я выконваў абавязкі яго намесніка, калі ён камандаваў ротай у Фінмаркене, і ведаў, што гэта быў «агнявы смерч», які з шалёнай энергіяй хапаўся за вырашэнне любой задачы, пастаўленай перад ім. Б’ёрн Рорхалт належаў да таго тыпу людзей, якія проста не ведаюць, што ім рабіць, калі, закончыўшы адну цяжкую справу, яны не бяруцца адразу ж за новую.