Ракета ўзгарэлася ззаду, там, адкуль кароткімі чэргамі біў «гаруноў». Некалькі невыразных далёкіх ценяў даўжэзнымі хвастамі матлянуліся па гародзе, пераламіліся ў раўку і знік-лі − скрозь замільгала яркае, рухавае і зыркае святло ракеты. Жаркоў, як толькі мог, уціснуўся ў зямлю, падставіўшы куля-мёту галаву ў касцы, па брустверы мільгануў і ссунуўся ўбок згорблены паламаны цень кулямётчыка. Самога ж немца Жар-коў чамусьці не ўбачыў.
Як толькі ракета патухла, Жаркоў ускочыў, па касцы збоку моцна і гучна лязгнула − хлопец хіснуўся, прысеў, але болю нідзе не пачуў і кароценькаю думкай-намёкам удзячна памянуў Гушчына. На каленях ён прапоўз некалькі крокаў і спы-ніўся: рука тыцнулася ў падаткую з марознай скарынкай мякаць бруствера. Сяржант зморана дыхнуў разы два, вырваў зубамі чаку і размахнуўся.
Здаецца, у акоп ён не трапіў − граната ірванула на тылным брустверы. Яго аглушыла. Плечы, вушы і каску абсыпала пяском і пылам, але кулямёт змоўк. Стала дужа ціха, і ў гэтай цішыні недзе ўнізе ў акопе пачуўся трывожны ўскрык:
− Отто! Отто!! Вас іст дас?!
Ззаду на ўзлёце бліснула ракета, кудысьці трэба было ратавацца, і Жаркоў, не згледзеўшы іншага выйсця, сунуў-ся цераз бруствер у акоп. Зрушыўшы за сабой пясок і глы-жы, ён адразу прысеў у дне, бруствер ярка заззяў ад высокага святла ракеты, гэтае святло патокам рынула ў акоп на яго галаву, зноў ратуючыся ад яго, сяржант сігануў за пава-ротку траншэі і там раптоўна спаткаўся з немцам. У расшпі-леным шынялі, з узнятым каўняром, той перазараджаў, відаць, кулямёт ды раптам згледзеў яго і няўцямна, разявіўшы рот, скамянеў на секунду. Жаркоў сам жахнуўся
і заўважыў толькі, як дрыгнуў белы, кастлявы твар немца,
і як хіснуўся ён да сцяны акопа, і сяржант ускінуў наган. Апошні стрэл грукнуў ужо ў цемры, абмяклае цела ворага глуха ўдарылася аб сцяну кулямётнай ячэйкі і рухнула
на дно. Сяржант адскочыў трошкі назад, прысеў і, напагатове прыўзняўшы наган, чакаў, калі яшчэ паявяцца немцы.
Але немцаў болей не было, кулямёт маўчаў, а яшчэ праз трохі часу цераз бруствер, зморана сапучы, няўклюдна перавалілася ў траншэю камлюкаватая постаць Гушчына.
− Сюды, сюды! − ускочыўшы, паклікаў яго Жаркоў і адчуў, як нешта цяжкое і пакутнае раптам адвалілася ад яго душы. − Сядзі тут і бі, калі палезуць. Я пабягу.
Гушчын нясмела азірнуўся і хацеў нешта сказаць, але сяр-жант скочыў жыватом на бруствер, пераваліўся цераз яго
і скаціўся ў цемру.
7.
Пасля таго, як Жаркоў, апантана крычучы, пабег па ланцугу, Тарасікаў адчуў, як непадуладная яму, жахлівая немач апанавала яго зморанае цела. Здалося хлопцу, што пагібель, як тая спілаваная хвоя, ужо нахілілася над яго галавой і вось-вось абрынецца і жахліва прыкончыць яго такое кароценькае і недарэчнае жыццё. Сапраўды, ці доўга тут можна было пра-жыць, калі ўсе трасы з-за ўзмежка кіравалі якраз на яго, усе ракеты ўзляталі над самай яго галавой − пэўна, немцы ўбачылі кулямёт і з усіх сіл узяліся расстрэльваць яго. Думалася хлопцу: варта было з-за ўзмежка высунуць нават палец, як яго адразу б зрэзалі кулі. Праўда, Тарасікаў нікуды не высоўваўся, ён нават не паварочваў галавы, але ўсю тую жудасць угары ён адчуваў кожнай самай маленькай часцінкай свайго цела, якое, здавалася, стала цяпер спляценнем адных толькі балючых, напухлых нерваў.
І ў той жа час у ягоных вушах трывожным крыкам гучаў усё загад сяржанта Жаркова адкрываць агонь, і пякла душу нядаўняя злосная азвярэласць на яго − разгубленага, збянтэжанага, прыдушанага страхам няўмеку. Тарасікаў невыразна адчуваў, што ў яго ўпёрлася нешта вельмі важнае, што ён замінае чамусьці ў баі, нешта стрымлівае, але страх
і ўладарная вяласць не давалі нічога зрабіць. Адно толькі карцела сціснуцца ў камячок і праваліцца ў зямныя нетры, дзе не было гэтага грукату, трас, трэскату разрыўных і распранаючага да нутра ззяння варожых ракет.
«Трэба страляць… трэба страляць, − казаў ён сам сабе. − Трэба стра-ляць…» І тут жа праз бязвольную нерашучасць спрабаваў некага заспакоіць у сабе, угаварыць, задобрыць, каб зменшыць пакуты і адсунуць надалей самы жахлівы час: «Зараз… Зараз… Яшчэ трошкі… Яшчэ паўхвілінкі… Зараз…»
Немцы білі па ўзмежку. Збітая разрыўною чаргой, пераламілася і ўпала з плоту яшчэ адна жэрдка, пыхкалі і затухалі ракеты, раптоўна азаралася і раптоўна чарнела наваколле − хаты, гароды, узмежак і ўскраек балацявіны, − а Тарасікаў усё ляжаў, упёршы голаў ва ўзмежак. Ён і сам ужо адчуваў, што не спраўдзіў свае абяцанкі, свайго пакутнага намеру, разумеў, што ён проста баіцца − не за сваё жыццё, не таму, што ён вельмі хацеў жыць, − проста так баіцца, бо не мае сілы пера-адолець у сабе нейкай слабасці перад гэтай апантанай раз’юшанай сілай, што бушуе, мільгоча і грукаціць па зямлі
і ў небе. Яна, гэтая лютая сіла, паралізавала, задушыла ўсе яго чалавечыя здольнасці, ён адчуваў сябе не болей чым якою кузуркай, якой нават смешна супраціўляцца гэтай смертаноснай раз’юшанай стыхіі вайны.