Гэты яго металічны, некалі звараны з жалезных лістоў гараж прытуліўся на ўскрайку гарадскога падворку ля радка маладых ліпак, поруч з шасьцю іншымі гэткімі ж часовымі збудоўкамі для аўтамабіляў. Гаражы тыя прастаялі тут гадоў мо па дзесяць, але нядаўна аказалася, што незаконна − прыйшла пастанова іх зьнесьці. Куды? − папыталіся іхнія ўласьнікі і, не атрымаўшы здатнага адказу, вырашылі: во вам, выкусіце! Нікуды зносіць ня будзем. Надзіва, ад іх пакуль што адсталі, перасталі наклейваць грозныя абвесткі на іржавых дзьвярах. Гаражнікі было падумалі, што перамаглі, як у пачатку лета ўсіх выклікалі ў падатковую інсьпекцыю, дзе выпісалі падатак і штраф. Штраф быў немалы, ды гаражнікі-пенсіянеры, дачакаўшыся пенсіяў, змусілі ўсё заплаціць. Ступак жа другі раз сказаў: «Выкусіце!» − у яго ўжо даўно не было грошай ня толькі на штраф, а на які куфаль піва, каб захмялець зранку.
Трошкі ўбаку ад гаражоў за ліпкамі мясьцілася дзіцячая пясочніца і альтанка з паламанай падлогаю, увогуле пустыя ўвесь дзень, бо дзеці ў навакольных дамах, здаецца, павырасталі ўжо, а новых не нараджалася. I толькі пад вечар ці на пачатку начы там паяўлялася якая-небудзь хэўра падлеткаў з недалёкага ПТВ ці суседняй школы, гэтыя і выпівалі, і курылі, а можа, і калоліся, часьцяком з дзяўчатамі, што нароўні з хлопцамі рагаталі і мацюкаліся, ніколькі не зважаючы на рэдкіх дарослых ля гаражоў. Неяк, не стрываўшы іхняга гвалту, Ступак паспрабаваў іх уціхамірыць, паабяцаў паклікаць міліцыю. У альтанцы трошкі аціхлі, і з цемрадзі даляцеў малады басок: «Думаеш, жалеза, дык не гарыць?» У Ступака адняло язык: намёк быў дужа выразны, ён ужо ведаў, як гарыць жалеза. Сам пад Кандагарам ледзьве пасьпеў вынесьці ногі з БТРа, які заняўся такім жахлівым полымем, што расплавіўся асфальт на дарозе. Тады ён добра шурануў са злосьці маладую хэўру, хоць і падумаў, што тое суседства можа для яго кепска скончыцца. Не згарэў у Афгане, дык не хапала згарэць на падворку.
Зрэшты, можа, тое была адна балбатня, можа, ніхто б яго і не падпаліў у гаражы, і ўсё абышлося б. Неяк сьцярпелася б і ў гаражы − не такі ён пан, каб кожнай начы спаць на мяккай канапе, пад белымі прасьцінамі. Але калі б былі грошы. Неяк неўпрыкмет і хутка разышліся тыя васемсот баксаў, што выручыў вясной за свой 412-ы «Масквіч» − з гэтага ж гаража. Тады здавалася, васьмісот баксаў хопіць надоўга, усё ж гэта былі немалыя грошы; гэтак жа лічылі і сябры-суседзі, што вечарком прысаджваліся ў ягоным ацусьцелым гаражы да засланай газеткай прамазучанай табурэткі. Суседзі ўвогуле былі неблагія людзі, яны і падбілі яго расстацца з надаедам-«Масквічом», і ўсё падказвалі агораць іншамарку, якіх на той час стала паяўляцца ў двары. Канешне, ён быў не супроць перасесьці на «Опель» ці «Мерседэс» і ўжо прыглядваўся да іх на вуліцы, ды сталася так, што ягоныя баксы скончыліся раней, чым ён выбраў патрэбную мадэль.
Да таго, што засталося, трэба было добра дакласьці, але дакласьці не было адкуль, а да жонкі ён не хацеў патыкацца. Тады ён плюнуў на ўсе іншамаркі разам і на апошнія дзесяць баксаў купіў два паўлітры, нейкую закусь і справіў хаўтуры па сваім наіўным намеры. Урэшце, можна было пражыць і без машыны − меней клопату і вальней было павярнуцца ў гаражы.
Тое, аднак, толькі здавалася − бяз грошай пражыць было немагчыма, у тым ён неўзабаве ўпэўніўся.