Пасля таго выпадку Міхась цэлы тыдзень праваляўся ў бараку, вызвалены ад працы. Потым яго павялі на нейкую камісію, якая дала яму трэцюю катэгорыю (групу інваліднасці) з «абавязковым выкананнем лёгкіх работ». Ён нейкі час быў апальшчыкам у толькі што пабудаванай лазні, рабочым на кухні, а пасля і днявальным у бараку. Але і гэтыя абавязкі па стане здароўя яму былі цяжкія. Ён мог працаваць толькі ўдзень, а як толькі пачынала цямнець, ён ужо нічога не бачыў: на яго напала курыная слепата, ад якой ён ледзь пазбавіўся. Лекпом пачаў паіць яго рыбіным тлушчам і хваёвым настоем. А больш за ўсё дапамог яму палявы часнок-чарамша, які прыносілі яму ў зону яго сябры ці суседзі па бараку. Часам ахова дазваляла яму пакідаць зону і збіраць па полі гэтае зелле.
У зоне гэтай калоны ведалі, у тым ліку і ахова, «сляпога Асцёрскага». А ў вячэрні і начны час яму шмат хто памагаў хадзіць па патрэбе да туалета, які знаходзіўся ля агароджы з калючым дротам. І ўсё-ткі аднойчы яго ледзь не напаткала смерць.
Яму трэба было выйсці па патрэбе якраз сярод ночы. Будзіць сваіх суседзяў ён не адважыўся, вырашыў ісці самаходам. Ішоў «па памяці», але яго павяло ў адваротны бок — на голы плот з калючым дротам. І вось толькі ён наблізіўся да плота, як пачуўся голас вартавога з вышкі:
— Хто ідзе? Стой, страляць буду!
— Я нічога не бачу, а мне ў туалет трэба,— азваўся Міхась.
— Гэта ты, Асцёрскі? — памякчэў вартаўнік.
— Я. Хачу трапіць у туалет, ды не ведаю як.
— Павярні направа, ідзі прама, потым павярні налева і зноў — прама, і ты патрапіш туды, куды трэба.
— Дзякую, грамадзянін вартавы,— і ён з цяжкасцю знайшоў тое, што шукаў.
Прайшло яшчэ колькі часу, і Міхася зноў пачалі вадзіць пад канвоем з аўчаркамі на трасу, толькі ўжо не на земляныя работы, а ў якасці цесляра па рамонту тачак, рыдлёвак (чаранкоў), трапаў на насып і на іншыя цяслярныя работы. Па-ранейшаму ён хадзіў туды з Міколам Канеўскім, які ў апошні час быў абяссілены не менш за Міхася. Як і нейкі час таму назад Міхась, ён перастаў выконваць непасільныя нормы, з-за чаго перастаў атрымліваць стопрацэнтную пайку і баланду, таксама сеў на трыста грамаў. Бясконцае недаяданне пачало адбівацца на яго псіхіцы. У бараку і па дарозе на работу ён хапаў усё, што траплялася пад рукі і соваў у рот. Неяк, ідучы з трасы ў зону, ён убачыў на зямлі рыбіну галаву, па якой поўзалі мухі, схапіў яе і хацеў ужо з’есці. Але Міхась пераняў яго руку са смярдзючай галавой рыбіны і крыкнуў:
— Коля, кінь гэту погань!
— Не кіну! Я есці хочу,— адказаў той праз слёзы.
— Коля, родненькі, кінь гэту заразу, прашу цябе,— паўтарыў Міхась.— Атруцішся і памрэш у пакутах.
— Не кіну! Адыдзі ад мяне, злыдзень!..
Бачачы, што па-добраму нічога не атрымліваецца, Міхась схапіў сябра за руку і пачаў адымаць «знаходку». Але Мікола не аддаваў. Тады Міхась пайшоў на крайнасць. Ён ударыў сябра па руцэ, і ў адзін момант рыбіна галава паляцела на зямлю. Міхась тут жа, нібы футбольны мяч, адкінуў яе нагой метраў на пяць.
— За што ты мяне? — завыў Канеўскі ад болю.
— А ты не ведаеш за што? За дурасць!
— Ты ж ведаеш, што я есці хачу, а б’еш, гадзюка!..
— А я не хачу? Мы ж ядзім з табой з аднаго кацялка.
— Ты дужы, а я не магу... Я есці хачу.
— Не табе, былому камісару, гаварыць гэта, і не мне, былому студэнту, слухаць. І не сорамна?
— Даруй мне, дружа, я слабавольны чалавек,— прасіў прабачэння Мікола ў Міхася.
Хутка пасля гэтага адбылася падзея іншага плану. Міхась рамантаваў тачку непадалёку ад трапа, які вёў на насып. І раптам бачыць, як з насыпу па трапе бяжыць з пустой тачкай Мікола і на ўсю моц крычыць:
— Міхаська, цалуй мне ў попу! Цалуй мне ў попу!
— Ты што — ашалеў? Што з табой, Мікола? Вось вазьму рыдлёўку ды так «пацалую», што пасля цэлы тыдзень не сядзеш,— адказаў Міхась.
— Кажуць, мне пасылка прыйшла! І табе таксама,— ледзь не задыхаўся той.— Цяпер мы будзем жыць, дружа!
— Ну, і добра, будзе падтрымка. Не будзем чарвівыя рыбныя галовы збіраць. А пры чым жа тут попа?
— Гэта я ад радасці, даруй мне, дружа.
Пасылкі і сапраўды падтрымалі іх. Мала таго, што ім прыслалі сухары, цукар, сала, махорку, дык яшчэ і схаваныя ў махорку і ў паясніцу штаноў грошы. Няшмат, але і яны — вялікая падтрымка.
Пасылка — рэч добрая, яна ў нейкай меры — паратунак у такіх умовах. Але ж і яна — не надоўга. Пры гэтым ні адзін з нявольнікаў адзін не спажывае падарунак сваіх родных ці блізкіх. Ён абавязкова падзеліцца са сваімі суседзямі па нарах і па працы, а таксама з непасрэдным начальствам. Добра, калі ў іх, у гэтых пасылках, знойдуцца і рублі, пра якія, акрамя адрасата, ніхто не ведае. А за грошы ў мясцовага насельніцтва можна было здабыць і хлеба.