Праўда, жулля і тут хапала, але яго было менш і не такое драпежнае, як на трэцяй штрафной. Работа тая ж самая — адсыпка чыгуначнага палатна, але затое пайка і баланда былі большыя. Бо тут ужо выпрацоўка запісвалася цалкам таму, хто над ёю пацеў. Ды і жуллё ў бараку не хадзіла па галовах. Хоць і прыблізная, але ўсё ж такі была нейкая дысцыпліна. Толькі вось дрэнна было з адзеннем і абуткам: амаль нічога нікому не давалі. Няхай сабе прыйшла і вясна, якая прынесла на сваіх крылах цеплыню, ды цела патрабавала адзення, а ногі — абутку. Але ніхто пра гэта не клапаціўся. Вопратка на плячах пагніла, абутак разваліўся. Даводзілася на голае цела апранаць куртку, а на работу хадзіць басанож. Ботаў нікому з рабацяг не давалі. Калі каго і абувалі, дык у лапці, сплеценыя самімі зняволенымі. Ды і то іх атрымлівалі толькі тыя, хто перавыконваў непасільныя нормы — «стаханаўцы». Усе астатнія хадзілі па камяністай трасе і працавалі босымі. У добрае надвор’е яшчэ туды-сюды, а вось у дождж з ветрам — хоць у пятлю лезь ці кідайся ў вір галавою.
Дарэчы, у адзін з такіх дзён Міхась і напраўду ледзь не кінуўся ў вір паўнаводнай і быстрай Селенгі. А было гэта вясною, у красавіку, калі рака не цалкам увайшла ў берагі. На Міхася найшла такая часіна, што ён раптам вырашыў пазбавіць сябе ад усіх пакут. «Чымся так жыць, лепш развітацца з жыццём»,— падумаў ён, гледзячы на пеністыя хвалі неспакойнай ракі. Ён рашуча накіраваўся да высокага, скалістага берага, скінуў з сябе парваны бушлат і шапку, не ведаючы навошта, і толькі хацеў сказаць некалькі развітальных слоў жыццю, як побач з ім пачуўся трывожны голас:
— Міхась, што ты надумаў?!
Міхась уздрыгнуў, павярнуўся і ўбачыў перад сабою Міколу Канеўскага.
— Браток, што з табою? Што ты надумаў рабіць? Родненькі, не трэба! — дрыготкім голасам і са слязьмі на вачах гаварыў Міхасю яго сябар.
Міхась нічога не адказаў, а толькі наўзрыд горка заплакаў.
— Пойдзем, дружа, адгэтуль, ад рагатага д’ябла, які хацеў спіхнуць цябе ў гэтую каламуць,— сказаў Канеўскі, выціраючы заплаканыя вочы.
Пасля таго выпадку Канеўскі ніколі не пакідаў Міхася аднаго ля ракі: а што, калі яму зноў стукне ў галаву благое?
Здавалася б, з прыходам вясны, якая несла цеплыню, павінна прыйсці здароўе і бадзёры настрой. Але ўсё адбывалася наадварот. Разам з вясной прыйшлі і розныя хваробы: грып, цынга, курыная слепата і асабліва дызентэрыя,якая, падобна чуме, пачала касіць нявольнікаў — выбіваць іх з жыцця цэлымі пачкамі. Аднаго за адным кожны дзень адпраўлялі іх у лагерны лазарэт, дзе яны пасля страшных пакут «перасяляліся» на могілкі гэтага ж лазарэта. З лазарэта з такою хваробай амаль ніхто не вяртаўся жывым. А кожны хворы стараўся перахітрыць медыкаў, каб не трапіць у такі «рай». Людзі паміралі дзесяткамі і нават сотнямі, але аб іх смерці чамусьці было забаронена паведамляць іх родным і блізкім. Калі і даходзілі такія звесткі да сем’яў нябожчыкаў, дык гэта толькі патаемна, праз іх сяброў.
Неяк раз страшная хвароба напала была і на Міхася Асцёрскага, і ён трое сутак хаваўся з ёю ад лагернага начальства. А перад лекпомам давялося адкупляцца: ён аддаў яму адзіную сваю куртку, якая да гэтага заўсёды выратоўвала яго ад холаду. Добра, што лекпом сам быў зэкам. Ён ставіў Міхасю фіктыўныя дыягназы, каб толькі было за што вызваляць яго, хворага, ад работы.
Ад недаядання і непасільнай працы Міхась пачаў слабець, а разам са слабасцю да яго прычапілася цынга і курыная слепата. Ён не мог выконваць нормы, а значыць, і стаў атрымліваць меншы паёк. Спачатку яму давалі па 500 грамаў хлеба, а потым і па 300. А вазе пайкі, як вядома, адпавядаў і прыварак, што яшчэ больш аслабляла чалавека. Яго твар, а таксама рукі і ногі сталі напухаць. Калі націснуць пальцам на нагу, з’яўлялася ямка. Ідучы на работу разам з сябрамі-нявольнікамі, ён ледзь перасоўваў ногі. Працаваць ён ужо не мог, цэлы дзень сядзеў пад тачкай. Лагернае начальства неаднойчы «прыкладала» да яго свае рукі, пагражала загнаць у цэнтральны ізалятар, чаго ён і сам ужо жадаў, але, відаць, перадумала. А калі ўбачыла, што з яго нічога ўжо не возьмеш, перастала чапляцца — махнула рукой. Аднойчы, вяртаючыся з трасы, ён страціў прытомнасць і ўпаў на сырую зямлю, змочаную дажджом. Канвой не звярнуў на яго ўвагі, а можа, і не прыкмеціў, не спыняючыся, пагнаў рабацяг у зону, і толькі ўжо тады, калі на вахце пачалі падлічваць вязняў і не далічыліся аднаго чалавека, успомнілі, што няма Асцёрскага. Нехта з нявольнікаў падказаў, што бачыў, як Міхась упаў. Адразу ж далі каманду запрэгчы каня і прывезці ў зону дахадзягу. Гэта справа была даручана канваіру і брыгадзіру. Праз якую гадзіну Міхась быў ужо ў бараку.