— Прыехаў праверыць дакументы на вашых «прыдуркаў», пацікавіцца, каго вы тут трымаеце пад гэтым дахам, у гэтых сценах.
— Мы не супраць,— адказаў той.— Правяраць дык правяраць. Можна пачынаць вось хоць і з нашага брыгаднага выхавацеля — Асцёрскага.
— У вас які артыкул? — звярнуўся опер да Міхася.
— Не ведаю,— паціснуў плячамі Міхась.
— А тэрмін зняволення? — працягваў той.
— Таксама не ведаю.
— Дык як жа вы сюды прыехалі, калі нічога не ведаеце?
— Вельмі спадабалася бурацкая прырода. Вось і я вырашыў падзівіцца,— перавярнуў трохі на гумар Міхась.
— Дайце яго асабовую справу,— звярнуўся да памочніка начальніка калоны ўпаўнаважаны.
Перагартаўшы асабовую справу, ён павярнуўся да Міхася і сказаў:
— Артыкулы КРА і КРД. Гэта значыць — контррэвалюцыйная агітацыя і контррэвалюцыйная дзейнасць. Тэрмін восем год без паражэння ў правах пасля адбыцця тэрміну пакарання. Зразумела?
— Зразумела, толькі не ўсё.
— А што іменна?
— Незразумела за што.
— А за што, дык вам, пэўна, гаварылі і следчы, і суддзя.
— Ніякага суда нада мной не было.
— Гэта мяне не тычыцца,— суха сказаў опер.— А вось выхавацелем вам працаваць няможна. Такое дазваляецца толькі бытавікам.
— Раз няможна, дык і няможна,— пагадзіўся Міхась.— За гэтакую пасаду я трымацца не збіраюся. Яна нічога мне не дае, акрамя лішніх клопатаў.
Калі Міхась з газетамі ў руках вярнуўся ў сваю лазню, да яго пасыпаліся просьбы:
— Таварыш выхавацель, занясіце пісьмо.
— Таварыш выхавацель, трэба кавалак паперы для пісьма.
— Таварыш выхавацель, у вас часам алоўка не знойдзецца?
Міхась выслухаў усе просьбы і адказаў:
— Я ўжо не выхавацель.
— Чаму? Адмовіўся? Не жадаеце дапамагаць нам?
— Не адмовіўся, а мне адмовілі.
— А як гэта здарылася? За што?
— А ўсё адбылося вельмі проста,— і Міхась расказаў, як яго «здымалі».
— Таварыш Асцёрскі, выканайце апошнюю нашу просьбу,— пачуўся ўмольны голас,— папрасіце гэтага начальніка, ці, як яго, опера, каб і нам аб’явілі артыкулы і тэрміны. Зрабіце такую ласку. Вас там хутчэй паслухаюць.
— Гэта я паспрабую зрабіць зараз жа,— сказаў Міхась і адразу ж пайшоў у кантору, дзе яшчэ сядзеў оперупаўнаважаны і памочнік начальніка па працы.
Праз колькі хвілін з дазволу опера памначальніка па працы прыйшоў у лазню з асабовымі справамі і кожнаму аб’явіў артыкул, па якім судзілі, і назваў тэрмін пакарання. З пяцідзесяці чалавек толькі двум, у тым ліку і Міхасю, было вызначана па 8 гадоў. Астатнім — па 10, 15, 20, 25 і плюс да гэтага па 5 гадоў паражэння ў правах пасля адбыцця «тэрміну пакарання».
— Добра вам, васьмігоднікам,— зайздросцілі Міхасю і Чэкану сябры па няволі.
Міхась крыва ўсміхнуўся:
— Дарагія сябры, ні вы, ні мы такія тэрміны не адужаем, калі нас раней не выпусцяць. Усіх нас чакае адна доля. Справы нашы дрэнь, але ж будзем жыць надзеямі на вызваленне. Не можа быць, каб усё так і заставалася. Знойдуцца людзі, якія ва ўсім разбяруцца.
— Праўду кажаш, выхавацель, усім нам канцы, калі ў час не разбяруцца,— сказаў нехта прастуджаным голасам.
— Па-першае, я ўжо не выхавацель, а па-другое, не трэба заўчасна хаваць сябе,— заключыў Міхась.
Вось так, толькі праз паўгода пасля арышту, і Міхась, і яго сябры па няшчасці даведаліся, па якіх артыкулах прыдуманага кодэкса іх судзілі і на якія тэрміны. У кожнага з іх было адно і тое ж пытанне: за што? За якія грахі?
У большасці сваёй там былі людзі пісьменныя, з якіх сёй-той ведаў, што ў Крымінальным кодэксе СССР і Кодэксах саюзных рэспублік такіх артыкулаў, як КРА, КРД, АСА, СВА і іншых, няма і быць не магло. Дык хто ж гэта і навошта іх прыдумаў? Каму патрэбна гэта падробка-фальшыўка? Для чаго гэта ўсё рабілася? Так думаў амаль кожны.
— Во каб даведаўся Сталін! — усклікнуў нехта.— Ён бы паказаў гэтым самаўпраўцам — Яжовым!
— А калі ён ужо даўно ведае пра гэта? — азваўся хтосьці.
— Не можа быць! — не згаджаўся той.
— Можа, усё можа быць,— настойваў на сваім другі.
Зняволеныя, пакуль не ведалі, што іх чакае, спадзяваліся на штосьці лепшае, а цяпер іх пачала яшчэ больш есці туга. Некаторыя з іх нават расплакаліся.
— Хлопцы, давайце хоць як-небудзь паголімся, а то мы тут зараслі, як дзікуны,— прапанаваў Міхась, каб неяк развеяць цяжкі настрой.
Неўзабаве нехта знайшоў сталёвую пласцінку, якую добра навастрылі на бруску, што востраць сякеры, і пачалі па чарзе галіцца. Першы «скінуў» сваю пышную бараду Міхась, за ім брыгадзір Канеўскі, а пасля і ўсе астатнія. Падстрыгліся нажніцамі, якія Міхась прынёс з канторы. Вось так і адбылося ўсё адразу: у адзін дзень даведаліся і пра тэрмін незаслужанага пакарання і прывялі да парадку свой чалавечы выгляд — першы раз за паўгода.
Трэцяя штрафная