Невядома чаму, але Міхась Асцёрскі і Міхась Стралкоў хутка пасябравалі паміж сабой. Стралкоў замяніў Асцёрскаму добрых былых сяброў па няволі — Сяргеева, Уладзімірава, Канеўскага і іншых, і ў час нялёгкай працы, і ў бараку яны заўсёды былі дружнымі і з паўслова разумелі адзін аднаго, нягледзячы на такую розніцу ў гадах. Стралкоў вучыў Асцёрскага прыстасоўвацца да любых умоў лагернага жыцця, да своеасаблівай лагернай хітрасці, без якой, як гаварыў ён, нельга было выжыць.
— Ты, цёзка, будзь трошкі хітрэйшы,— раіў ён Міхасю.— Ад работы ніколі не адмаўляйся, але і на пуп не бяры. З начальствам не заядайся і сам у начальнікі не лезь. Таму што гэта справа часовая: сёння ты — пан, а заўтра — раб. Лепш старайся быць бліжэй да гаспадарчай часткі і да медыцыны. Толькі гэтыя службы могуць быць тваімі ратавальнікамі, а не аператыўнікі-оперсосы. Сябруй з радавымі людзьмі, нікога не крыўдзі. Бо ты і сам цяпер не ведаеш, хто з цягам часу можа цябе падтрымаць і нават ратаваць,— пераконваў свайго малодшага сябра Стралкоў.— Запамятай, што я тут працую часова, таму што я — кухар. А ты ж ведаеш, што кухары патрабуюцца ўсюды, у тым ліку і ў лагеры,— неяк з гонарам гаварыў ён Міхасю.
Міхась дзякаваў свайму старэйшаму сябру за таварыскую параду, хоць у душы ён не з усім пагаджаўся.
Стралкоў таксама трапіў сюды з лазарэта, толькі трошкі раней. Да прыходу Асцёрскага ён ужо тут, як гаворыцца, паспеў абнюхацца.
Як заклятыя, хабацілі яны на лютым марозе, ледзь вытрымлівалі. І калі Стралкоў убачыў, што яны не вытрымаюць да канца (а працавалі яны ў начную змену), ён у час «перакуру» штосьці дзесьці крутануў, і механізмы піларамы і цыркуляркі спыніліся. Да канца змены начальства прапанавала рабацягам іншыя работы. Двум Міхасям прапанавалі свідраваць шпалы. А гэта было не лягчэй, чым качаць бярвенне. Трэба было добра трымаць у руках электрасвердзел, стоячы на адным месцы на лютым марозе. І каб пазбыцца такой бяды, ён знарок зламаў свердзел. Другога ж у запасе не было, толькі ў кладоўцы, а яна была ноччу закрыта. Так яны потым і прасядзелі ў цёплым памяшканні да раніцы, а значыць, і да канца змены.
— Навошта ты зрабіў гэта? — спытаў Міхась у свайго напарніка.
— А ты не здагадваешся? Ні ты, ні я не вытрымалі б да раніцы з такой працай на лютым марозе. Цяпер ты зразумеў?
— І ўсё ж не трэба было гэтага рабіць. Гэта нядобрасумленна.
— А ты ўвесь тэрмін у лагеры хочаш пражыць сумленна?
— Хачу і буду старацца рабіць гэта.
— З такімі думкамі ты не толькі 8 гадоў, але і адной ночы не пражывеш на такім лютым марозе,— тлумачыў Стралкоў свайму маладзейшаму сябру.— А яно, начальства, сумленна робіць, калі апранае нас у такія лахманы ў лютыя маразы?
— І ўсё-такі я так не зрабіў бы,— не згаджаўся Міхась. А сам думаў: «А можа, і праўду кажа Стралкоў?»
Пасля таго як яго напарнік вывеў са строю лесапільныя агрэгаты, іх абодвух перавялі ў дзённую змену і накіравалі на пляцоўку будучай чыгуначнай станцыі, дзе знаходзіўся леса-дрывяны склад, пілаваць дровы таксама на адкрытым паветры.
— Ну, і чаго ты дабіўся? — спытаў Міхась у Стралкова.— Што мы выйгралі? Нічога. Мы з агню трапілі ў полымя. Тая ж цяжкая праца і той жа мароз.
— Тут хоць каля кастра можна пастаяць, а там дудкі,— апраўдваўся той.
Ён стараўся і пілы выводзіць са строю і тапарышчы ў калунах ламаць, але ўсё гэта хутка аднаўлялася, ды і нормы падганялі. Пераканаўшыся, што яго «дыверсійныя захады» не маюць ніякага сэнсу, ён здаўся і пачаў працаваць так, як і большасць людзей яго лёсу. Праўда, папрацаваў гэтак месяцы два-тры і потым перайшоў на іншы хлеб: яго паставілі кухарам на лагернай кухні калоны нумар 1, там, дзе яны з Міхасём жылі.
— Я гаварыў табе, што на агульных работах доўга не затрымаюся, так яно і выйшла,— хваліўся Стралкоў Міхасю.— Малі бога, што ўсё так атрымалася: і мне будзе добра, і ты будзеш сыты.
— Віншую, дарагі, з пераменай дэкарацый і дзякую за абяцанне, што ты не збіраешся мяне кінуць,— гаварыў Міхась сябру.
— Добрых сяброў не кідаюць і не забываюць,— з нейкім гонарам і годнасцю вымавіў Стралкоў.
А калі ўжо ён добра ўсталяваўся там, на кухні, паклікаў да сябе Міхася і прапанаваў:
— Прыходзь сёння да мяне так гадзін у 12 ночы проста на кухню, там я чым-небудзь пачастую цябе. Аладкі на алеі любіш?
— З вялікаю ахвотай.
Стралкоў не падмануў Міхася. Ён накарміў свайго сябра, як кормяць дарагога госця, якога даўно чакалі.
— Ну, ты, браце, і жывеш! — здзіўляўся Міхась.— Ты накарміў мяне так, як нават і жонка ніколі не карміла. Ты цяпер тут — кум каралю і брат міністру. Дзякуй табе за ўсё!
— Калі ласка. Я ж гаварыў табе — трымайся бліжэй да гаспадарчай часткі і ты ніколі не прападзеш. Кожны раз прыходзь у гэты час, мне будзе весялей, а ты палечыш свой галодны страўнік.
І Міхась, насуперак свайму сумленню, амаль кожную ноч хадзіў да Стралкова на кухню, памагаў яму ў працы і разганяў нудоту. А той, у сваю чаргу, карміў яго ўсім тым, што меў у сваім распараджэнні.
Аднойчы Стралкоў сказаў Міхасю:
— Хочаш, цёзка, я раскажу табе пра гады майго жыцця ў нямецкім палоне?