Вярнуўшыся ў палату, Міхась доўга думаў і разважаў сам-насам: «За што? За што яны загінулі пасля такіх цяжкіх пакут? І чаму не паведамляюць пра іх гібель родным і блізкім? Гэта ж зверства! Навошта так робіцца? Каму гэта патрэбна?» З такімі думкамі ён лёг у «ложак» і ад усяго, што перажыў за гэтыя гадзіны, няскора заснуў.
Дахадзягі
Пры выпісцы з лазарэта Міхась праз урача Раісу Паўлаўну Коршак і яе лекпома Уладзіміра Раманюка папрасіў, каб яго накіравалі ў тую ж самую калону, адкуль яго прывялі сюды. Для гэтага ён знайшоў і прычыну: там была брыгада слабасілкаў, ці, як яе па-лагернаму называлі, «дахадзяг». Гэта брыгада складалася з зэкаў, якім медыцынскай камісіяй была ўстаноўлена па іх стане здароўя трэцяя катэгорыя (група інваліднасці) ці часовая непрацаздольнасць. А Міхасю і на гэты раз такую групу далі перад выпіскай.
Просьба яго была задаволена.
Калі ж сказаць шчыра, то Міхась хацеў вярнуцца ў калону нумар 1 таму, што на кухні там працаваў Міхась Стралкоў, з якім ён раней пасябраваў і які яго да лазарэта падкормліваў. Толькі на гэты раз Асцёрскі пралічыўся. Пакуль ён ляжаў у лазарэце і зарабляў сабе групу, ці катэгорыю, Стралкова перавялі на другую камандзіроўку — на 201 кіламетр, на будучую станцыю Джыда.
Брыгада дахадзягаў выконвала «лёгкія работы». Яна нарыхтоўвала друз для станцыйных пуцей і дзёран для замацавання насыпу і самога палатна чыгункі і яе адхонаў, а таксама кюветаў; укладвала гэты дзёран і рассыпала друз на станцыйных пуцях і раз’ездах. Яна выконвала і яшчэ шмат якія работы апрача земляных. Адным словам, людзі гэтыя былі вызвалены толькі ад земляных работ ды яшчэ пагрузкі лесу.
Узначаліць гэту брыгаду даручылі былому саўгаснаму бухгалтару з Растоўскай вобласці Міхаілу Чумакову — таксама дахадзягу. Міхаіл Пятровіч Чумакоў быў яшчэ маладым чалавекам — гадоў трыццаці. Па сваім целаскладзе ён выглядаў атлетам, як сапраўдны данскі казак. Але непасільная фізічная праца і сістэматычнае недаяданне прывялі яго да становішча дахадзягі. Трэба заўважыць, што да лагера ён вельмі мала займаўся фізічнай працай. Спачатку школа, потым курсы бухгалтарскага ўліку, а пасля і сама бухгалтарская праца. Так што ўвесь час да фізічнай працы ён меў дачыненне толькі калі-нікалі, і тое на сваім гародзе. Усё рабілі спачатку бацькі, а потым і жонка, з якой ён паспеў нажыць трое дзяцей — дзвюх дачок і аднаго сына. Ён дужа сумаваў па сям’і, якую вельмі любіў і пра якую неаднойчы расказваў, як пра нешта святое.
Міхась адразу пасябраваў з ім. Мо таму, што Чумакоў, нягледзячы на сваю бухгалтарскую прафесію, якую лічыў сумнай, вельмі любіў літаратуру, асабліва паэзію. Ён прызнаўся Міхасю, што час ад часу сам папісваў вершы.
— Каб не ўліп у гэтую няшчасную бухгалтэрыю, не звязаў свой лёс з абрыдлымі лічбамі, быў бы я паэтам,— прызнаваўся ён Міхасю, які да гэтага не адкрываўся яму ў сваёй сімпатыі і прыхільнасці да мастацкага слова.
— Дарэмна ты караеш сябе і абражаеш сваю цудоўную прафесію,— супакойваў яго Міхась.— Бо ў кожнай справе, у кожнай прафесіі, у тым ліку і бухгалтарскай, ёсць свая прыгажосць, свая паэзія. Дарэчы, можна працаваць з лічбамі і адначасова займацца літаратурнымі справамі,— працягваў ён.— Вось Антон Паўлавіч Чэхаў па прафесіі ўрач, а Гарын-Міхайлоўскі — інжынер, а якія яны пісьменнікі! Дай божа кожнаму. І вось другі прыклад. Наш беларускі паэт Альберт Паўловіч — бухгалтар, як і ты, а піша цудоўныя вершы.
— Дык гэта ж геніі, а я што — пасрэднасць.
— А ты ведаеш, што сказаў Гётэ? А вось што: «Геній — гэта цярпенне і праца».
— Чаго-чаго, а цярпення ў нас з табой хапае,— горка ўсміхнуўся Чумакоў.
Чумакоў быў памяркоўны і па-сяброўску шчыры. Ён ніколі не крывіў душой, за што яго і паважалі сябры па няшчасці.
Аднойчы Міхась спытаў у яго:
— Скажы, цёзка, за што цябе, чалавека мірнай прафесіі, схапілі і прывезлі на гэтую катаргу?
— Тое, за што мяне забрыталі і запраглі ў гэтыя непасільныя драбіны, выедзенага яйка не варта,— пачаў Чумакоў.— Неяк мне захацелася паарыгінальнічаць, і я купіў сабе піпку, падобную на тую, з якой не расставаўся Сталін. Вось хаджу па станцыі і дымлю. Людзі паглядзяць, усміхнуцца, і на гэтым годзе, як кажуць, канцы. Але не ўсе так аднесліся да маёй арыгінальнасці. Зайздроснікам маім было гэта не ў нос,— працягваў свой расказ Чумакоў.— І вось яны шукалі выпадку скампраметаваць мяне, дакладней — злавіць мяне і нешта прышыць. Вось адзін з такіх нягоднікаў-правакатараў падыходзіць да мяне і кажа: «Ну, ты, Чумакоў, і даеш! Абзавёўся піпкай, як у самога Сталіна!» А я без усякага ўсяго і адказаў яму: «А што я, горшы за Сталіна, што не магу мець такой піпкі?» Для правакатара гэтага было даволі. Назаўтра, ноччу, да мяне прыйшлі «госці», зрабілі разгромны вобыск, надзелі «наморднік» і адвязлі ў Мілераўскае раённае аддзяленне НКВД. Два тыдні памучылі там, а потым адправілі ў Растоў, дзе прапакутаваў яшчэ два месяцы. Пасля ўсіх «банных працэдур» прывезлі ў гэты закляты Южлаг,
— На допытах прыкладвалі да цябе свае брудныя рукі «патрыёты»-следчыя? — пацікавіўся Міхась.