Спачатку ехалі ноччу, таму і нельга было нічога разгледзець у закутае ў краты акенца. А калі пачало днець, увесь цудоўны краявід быў як на далоні. Неўзабаве пад’ехалі і да Байкала, да гэтай вялізнай роўнядзі. Калі чатыры гады таму назад яго везлі на Усход, Міхась не бачыў яго: міма возера-мора ехалі ноччу. А цяпер вось яго мара збылася: Байкал ва ўсёй яго велічы ляжаў перад вачыма Міхася. Ён яшчэ быў у палоне і снегу, і лёду, але глядзеўся велічна. На сотні кіламетраў уздоўж і на дзесяткі ўшыркі ён разлёгся неабдымнай чашай перад цікаўнымі вачыма Міхася. Цэлы дзень ён ехаў па крутым, скалістым узбярэжжы і любаваўся гэтым незабыўным відовішчам. Толькі тады адарваў свой зрок ад гэтага цуду, калі наваколле ахутала начная цемень.
Раніцай цягнік, у якім ехаў Міхась, быў ужо ў Іркуцку, былой сталіцы ўсяго сібірскага бязмежжа. Тут ужо Міхась папрасіўся ў ахоўніка выйсці з вагона (ён ехаў у гаспадарча-прадуктовым вагоне) і наведаць прывакзальны буфет. Надзіва, ахоўнік не адмовіў просьбе свайго «надзейнага пасажыра». Справа ў тым, што трапіўся знаёмы яшчэ па Заудзінску ахоўнік, з якім яны калісьці разам «загаралі» ў бульбяным сховішчы — пяклі бульбу і расказвалі адзін аднаму розныя гісторыі і анекдоты. Так што тут Міхасю пашэнціла. Акрамя розных булачак у буфеце Міхась набыў сабе і курыць на дарогу.
У Іркуцку памянялася паравозная брыгада разам з лакаматывам. Новы паравоз маркі «Сярго Арджанікідзе» «напіўся» вады, назапасіўся палівам — і зноў у дарогу. Неўзабаве былі ўжо ў Чарамхове, затым — у Зіме, Ніжнеудзінску... А ў наступную раніцу прыбыў на станцыю — Тайшэт.
Станцыя Тайшэт, як і сам горад, супраць іншых станцый, праз якія ішоў гэты цягнік, выглядала беднай, шэрай. Невялічкі вакзал нагадваў пакінутае гаспадаром гумно: паўпусты, брудны з закапцелымі і аблепленымі брудам сценамі. Ды і самі станцыйныя пуці былі не ў лепшым стане. Паасобныя станцыйныя забудовы былі занесены снегам, не кранутым рукамі чалавека.
Ды і сам горад, калі яго так можна было назваць, быў амаль увесь драўляны, з вузенькімі вулачкамі і завулкамі, якія ніколі нікім не прыбіраліся. Да ўсяго гэтага — нямошчаныя. Вясною і ўвосень там — непралазная гразёта. Тыповы правінцыйны заштатны гарадок дарэвалюцыйнага часу. Гэта не той Тайшэт, які мы ведаем сёння. Ні станцыя, ні сам горад сённяшнія ніколькі не падобныя на тыя, пра якія ідзе гаворка.
Сённяшні Тайшэт — узорны горад Усходняй Сібіры, а яго станцыя — буйны чыгуначны вузел, ад якога расходзяцца сталёвыя ніткі ў розныя бакі на ўсход, на захад, на паўночны ўсход і на паўднёвы захад. Кожны дзень праз яе праходзяць дзесяткі і сотні розных цягнікоў — і таварных, і пасажырскіх. Сам пасажырскі вакзал мае велічны выгляд. Цяпер станцыя Тайшэт звязвае паміж сабой не толькі Далёкі Усход з Цэнтрам краіны, але і Кузнецкі басейн з Ангарою.
На новай сялібе
Вызваляць вагоны ад людзей, лагернай маёмасці чамусьці не спяшаліся. Усё рабілася з нейкай «раскачкай». Раздалі снеданне будучым «піянерам» БАМа, пра які тады яшчэ адкрытай гаворкі не было, разгрузілі вагоны ад розных рэчаў і прадуктаў, абмеркавалі, што і як, і толькі пасля ўсяго гэтага была дадзена каманда пакінуць вагоны і станавіцца ў строй па чатыры. Двое сутак Міхась ехаў «свабодна»: ніхто з ахоўнікаў не стаяў над яго душой. А тут адразу адкуль толькі яны і ўзяліся, гэтыя «фараоны» з вінтоўкамі цераз плячо, з кабурамі на баку ды яшчэ і з сабакамі на павадку. Зноў, як і ў 1937—1938 гадах, іх вялі ад станцыі да баракаў, яшчэ чатыры гады таму назад пабудаваных іх папярэднікамі. Вялі, як нейкіх злых і небяспечных злачынцаў. Ад такога відовішча настрой у Міхася ўпаў.
У зону трапілі «навічкі» толькі апоўдні, у час абеду. Іх распіхалі па бараках і загадалі чакаць далейшых указанняў. Потым зноў павыганялі ўсіх на лагерны двор і зрабілі праверку па даўно падрыхтаваных спісах, размеркавалі па брыгадах і прапанавалі ісці па сваіх месцах ужо пабрыгадна.
— Сёння адпачывайце,— сказаў начальнік,— а заўтра з раніцы — на работу. Зразумела?
— Зразумела, начальнічак,— пачуўся голас смелага крымінальніка.
— А ты, Асцёрскі,— сказаў нарадчык,— зайдзі зараз да прараба, ён чамусьці хацеў цябе бачыць.
— Ёсць зайсці да прараба,— паўтарыў Міхась.
Рабочы пакой прараба знаходзіўся ў асобным доміку-катушку ў заднім кутку зоны, побач з вышкай вартаўніка-ахоўніка. Міхася прараб сустрэў цёпла, ветліва, як добрага і даўняга знаёмага. Гэта быў той самы Горлаў. Ён сядзеў за сталом, які быў завалены рознымі паперамі.
— Ну, здароў, даражэнькі, здароў! А ці па-сапраўднаму ты здароў? — пытаўся і адначасова сам адказваў на свае пытанні: — О, відаць, нішто сабе. Малайчына! Чаго стаіш? Сядай. Так, даўненька мы з табой не бачыліся.
— Здаецца, вечнасць прайшла пасля апошняй нашай сустрэчы,— падаў голас і Міхась, які да гэтага часу маўчаў.
— А цяпер давай бліжэй да справы,— гаварыў далей прараб.— Вось што, даражэнькі мой, прымай расканваіраваную брыгаду,— нарэшце ён сказаў тое, для чаго запрашаў да сябе Міхася.— Спадзяюся, што ты не падвядзеш, як і там калісьці, у Заудзінску.