— А яна ўжо ёсць, такая брыгада, ці яшчэ будзе? — спытаў Міхась.
— Не, пакуль няма, але да раніцы заўтрашняга дня мы яе сфарміруем.
— І што ж будзе ўваходзіць у абавязак гэтай брыгады? — не адставаў Міхась.
— Рознае, але больш пагрузка-разрузка. Адным словам, будзеце рабіць тое ж самае, што і ўсе астатнія, толькі без канваіраў і сабак-аўчарак. У асноўным будзеш мець справу з «газікамі» — грузавымі машынамі,— тлумачыў прараб.
— Я зразумеў вас: мы павінны быць на падхваце. У любы час, у любое надвор’е і ў любым месцы. Ці так?
— Прыблізна так. За людзей будзеш ты сам адказваць, бо ніякага канвою не будзе.
— А калі хто збяжыць ці накуралесіць дзе?
— Бегчы тут няма куды, вакол заслоны. І накуралесіць няма як — вакол пасты, вартавыя. А наогул мы пастараемся падабраць сумленных рабацяг з ліку так званых «контрыкаў». З імі больш надзейна і бяспечна. Згаджайся, Асцёрскі,— пераконваў і ўгаворваў прараб Міхася.
— Відаць, нікуды ад вас не дзенешся, прыйдзецца згадзіцца. Бо не згаджуся — прымусіце.
— Дарэмна ты так думаеш пра мяне. Я ж па-сяброўску.
— Дык не ўсё ж тут ад вас толькі і залежыць.
— Што верна, то верна. Я тут не першая скрыпка. Бо хаджу з такім жа «наморднікам», як і ты, толькі вось пасаду часова займаю. Але па капрызу хоць маленькага якога начальнічка заўтра, а то нават і сёння магу апынуцца на тваім месцы: замест прарабскага партфеля дадуць у рукі лом ці рыдлёўку і ўкалвай за будзь здароў. Ты ж не забывай, што я, як і ты, грэшны, «вораг народа».
Назаўтра раніцай, у час разводу, нарадчык зачытаў спісы людзей расканваіраванай брыгады, загадаў пастроіцца па чатыры і назваў прозвішча брыгадзіра. Потым гучна аб’явіў:
— Асцёрскі, павядзеш брыгаду на чыгуначную станцыю, дзе будзеце выгружаць вагоны з прадуктамі прама на машыны і дастаўляць іх на нашу базу. Заданне зразумела?
— Зразумела,— адказаў Міхась,— будучую баланду дастаўляць на цэнтральную базу Тайшэтлага.
— Ты, Асцёрскі, жартачкі кінь, а лепш бярыся за выкананне задання.
— Ёсць выконваць заданне па выгрузцы будучай баланды,— адрапартаваў Міхась.— Брыгада, наперад шагам марш!
Да станцыі было прыблізна тры кіламетры. І паколькі ніхто з брыгады не ведаў туды дарогі, нарадчык даў ім праважатага.
Так для Міхася пачыналася тайшэцкая эпапея.
Снег патрошку пачынаў збівацца ўжо ў кашу: на выбітых машынамі каляінах дарогі сям-там сустракалася вада, перамешаная з гразёю. А дарогі ж, як і ўсе вуліцы гэтага горада, былі выключна грунтавымі, без якога-небудзь пакрыцця. Адным словам, ні бруку, а тым больш асфальту на іх не было. Яны скрозь былі на выбоінах, на ямах.
Брыгада грузчыкаў
Брыгада, якой кіраваў Міхась, складалася з 25 чалавек разам з брыгадзірам. Для большай зручнасці і эфектыўнасці ў працы яна была разбіта на пяць груп. Кожная з гэтых груп была замацавана за асобнай машынай. Як толькі падыходзілі вагоны з грузам для лагера, машыны са сваімі грузчыкамі былі тут як тут. У адрозненне ад іншых брыгадзіраў, Міхась не даваў сабе патачкі. Ён пеклаваў так жа, як і ўсе астатнія члены яго брыгады, нават уключыў сябе ў пяцёрку. Выкарыстоўваў толькі адну прывілею: ад чыгуначнай станцыі да складаў ехаў у кабіне побач з шафёрам. А калі часам буксавала машына, ён таксама разам з шафёрам выцягваў яе.
Брыгадзе даводзілася нялёгка. Мала таго што ёй даручалі варочаць розныя грузы па 12 гадзін запар на жабрацкіх лагерных харчах, дык яшчэ часта турбавалі і ноччу. А раніцай зноў запрагалі ў ярмо. І гэта здаралася часта. Людзі пачалі слабець. Мала таго — на такой рабоце людзі абнасіліся. На іх плячах разлазіліся бушлаты і целагрэйкі, а на нагах развальваліся самаробныя чаравікі. Міхась неаднойчы гаварыў пра гэта прарабу і пампабыту начальніка калоны, неяк гаварыў і самому начальніку. Усе абяцалі, але ніхто нічога не рабіў — не прымаў ніякіх захадаў, каб апрануць і абуць брыгаду. Пампабыт сказаў Міхасю:
— Як толькі паступіць партыя новага абутку і адзення, мы ў першую чаргу забяспечым тваю брыгаду.
Міхась паведаміў пра гэта сваім падапечным, і яны з нецярпеннем і радасцю чакалі.
Хутка пасля той размовы з пампабытам і сапраўды прывезлі новую партыю адзення і абутку, але... Чамусьці забяспечылі іншыя брыгады і лагерных «прыдуркаў», а грузчыкі па-ранейшаму трэслі лахманамі і разбітымі гумавымі чаравікамі. Яны пачалі крыўдаваць на свайго брыгадзіра, што ён не можа ці не хоча дбаць пра сваіх падначаленых.
— Хлопцы, вы не крыўдуйце на мяне,— звярнуўся Міхась да сваіх людзей.— Я раблю ўсё, што магу, але нічога ў мяне не атрымліваецца.
— А калі не атрымліваецца, не можаш адстаяць нашы правы, адкажыся ад брыгадзірства,— папракаў яго Іван Фаменка, ураджэнец Жытомірскай вобласці.
— Хоць сёння магу перадаць табе гэту нікчэмную пасаду, якая, акрамя непрыемнасцей, нічога мне не прыносіць.
— Гэта ты толькі так гаворыш, а сам нябось баішся, каб не страціць яе, гэтую пасаду.
— А ці ж не разам з табой падстаўляем свае плечы пад мяшкі, ці ж не разам трасём лахманамі?
— Яно так, ды ўсё ж такі пасада. А гэта многа значыць.