— Не, не толькі таму,— працягваў Мароз.— Калона гэта, землячок, паходзіць на штрафную. А ты ведаеш, што на штрафных камандзіроўках — не мёд. І я, зямляк твой, хачу аблегчыць тваё становішча — хачу прапанаваць табе брыгаду, якую мяркую скалаціць з самых сумленных рабацяг — выключна з «контрыкаў». Як ты на гэта глядзіш? Як табе падабаецца такая прапанова?
— Не ведаю, што і сказаць табе. Я ўжо на гэтых брыгадах набіў аскому. Яны ў мяне стаяць косткай папярок горла. Такая пасада і сюды мяне прывяла.— І ён расказаў Марозу ўсё, што з ім здарылася за апошні час.
— Не хвалюйся, тут гэтага не будзе,— запэўніў Мароз Міхася.— Дарэчы, начальнікам калоны з’яўляецца той чалавек, якога ты карміў цэлага паўгода, не бачачы ў вочы,— Шпілер Міхаіл Іосіфавіч.
— Дык і ты ведаў пра гэта?
— А як жа? Гэта ж я і даваў даручэнне прарабу, а той табе.
— Добра, я згодзен. Толькі, дзе трэба, дапамагай мне напачатку.
— Канечне, няўжо ты яшчэ сумняваешся?
— Дзякую за добрыя словы і за абяцанне.
Зноў асечка
Брыгада, якую даручылі ўзначаліць Міхасю, складалася з 30 чалавек, і амаль усе яны былі «ворагамі народа», за выключэннем двух-трох «бытавікоў», ды і яны трапілі ў лагер не за нюх табакі па прыдуманым артыкуле СВ («социально-вредный»). Адзін з такіх «социально-вредных» быў Мікалай Расказаў, з якім пасля Міхась пасябраваў.
Спачатку працаваць было не так ужо і цяжка: расчышчалі трасу будучай чыгункі ад снежных заносаў. Брыгадзе выдалі шырокія драўляныя лапаты, і яна добра спраўлялася са сваімі абавязкамі. Выконвала і перавыконвала нормы выпрацоўкі, а значыць, і атрымлівала нармальны паёк. Так прайшоў амаль цэлы красавік, пакуль сам сабою не растаў снег. Пасля даручылі пілаваць з пня дрэвы — на лесапавале чыгуначнай магістралі. Тут яны таксама сяк-так спраўляліся. Спраўляліся рабацягі і тады, калі на тачках пачалі адсыпаць само палатно будучай дарогі. А вось калі «на дапамогу» прыйшла тэхніка, а гэта ўжо было недзе ў канцы мая, брыгада, як кажуць, села на мель.
У кар’ер, дзе працавала брыгада Асцёрскага, прыгналі некалькі машын. Калі на ўсё гэта паглядзець казённым вокам, дык здаецца ўсё правільна: пры малых затратах — вялікі прыбытак. Начальства хваляць, бо ёсць добрыя вынікі працы, не тое што ад тачкі ці калымагі. Але так можа разважаць толькі той, хто стаіць убаку і не задумваецца над тым, хто і як гэта ўсё робіць.
Машыны толькі адвозяць пясок і гравій, а грузяць жа яго рукамі людзі, якіх ператварылі ў аўтаматы. Да машын патрэбны былі экскаватары, а іх не было. І вось людзі з брыгады Міхася і замянялі гэтыя экскаватары. Не паспеюць яны загрузіць адну машыну, як на яе месца прыходзіць другая, а потым трэцяя, чацвёртая, пятая. Толькі чуюцца сігналы: «Ту-ту-ту, ту-ту-ту, ту-ту-ту». Машыны мяняюцца, а людзі адны і тыя ж. Шафёры на сваіх «газіках» лёгка выконвалі і перавыконвалі нормы, а рабацягі ў кар’еры, працуючы без перакураў,— спраўляліся са сваімі нормамі на 50 працэнтаў, а гэта ўжо ўразала іх паёк таксама на 50 працэнтаў. Людзі пачалі слабнуць, а значыць, і даваць яшчэ меншую норму.
А тут яшчэ камары, машкара і розны таежны гнус. Праз некаторы час выдалі накамарнікі. Але ж яны выратоўваюць толькі ад камароў. А што датычыць машкары, дык яна свабодна пралазіць праз дзірачкі гэтай няхітрай сетачкі і да крыві раз’ядае твар занятага працай чалавека. Ад бясконцых укусаў пухне твар, ажно заплываюць вочы. Чалавек перастае паходзіць на самога сябе — на разумную істоту. Зняць бы гэты абрыдлы накамарнік, выцерці твар вільготнай хустачкай і расцерці чым-небудзь, каб не свярбела, ды няма як. «Давай, давай! Чаго стаіш, быдла? Бачыш, машыны чакаюць?» — чуецца голас падганятага. А машыны і праўда падаюць свой прыкры голас: «Ту-ту-ту». І так штодзённа, штогадзінна, штомінутна.
З кожным днём рады брыгады радзелі: рабацягі выходзілі са строю. Хто з іх па слабасці заставаўся ў зоне, хто трапляў у лазарэт, а хто і адпраўляўся да сваіх продкаў. За кароткі час брыгада скарацілася на адну трэць. Былі ўжо на чарзе і яшчэ пяць чалавек. А колькасць машын не змяншалася. Нават паабяцалі яшчэ прыслаць — каб датэрмінова выканаць план. Ніхто не думаў і не хацеў думаць пра тое, што брыгада на вачах гіне.
Міхась не ведаў, што і як яму рабіць, як быць. Ён да глыбіні душы шкадаваў сваіх людзей, сваіх сяброў па няшчасці. Але што ён мог зрабіць у сваім паднявольным становішчы? Адзінае, на што ён здольны — гэта адмовіцца ад брыгадзірства. Але ж гэта не выхад. Людзей гэтых і без яго будуць душыць да канца. Цяпер хоць ён закіне за іх слова, а потым? Хто ведае, што будзе потым?..
Асцёрскага пачалі вызываць «на кавёр» і «ганяць яму ката» за тое, што яго брыгада «не хоча работаць, сабатажнічае». Яго ўшчувалі, яму пагражалі і ледзь не каралі.
І як ён ні даказваў розным начальнікам, што гэта няправільна, бесчалавечна, ніхто і слухаць не хацеў, бо ім жа, начальнікам, не баліць.
Неяк паклікаў да сябе Міхася Мароз і кажа:
— А я, землячок, спадзяваўся на цябе, як на самога сябе, толькі ты вось падводзіш мяне.
— Дык выходзіць так, што не ты мне, а я табе свінню падклаў?