— Я цябе, Асцёрскі, не разумею.
— А што тут разумець: усю работу калоны ўзваліў на адну маю брыгаду. Гэта па-зямляцку?
— Ды што ж ты хочаш, каб я пасылаў туды жулікаў, якія нідзе не хочуць працаваць? Я ж табе даручыў самых лепшых рабацяг з «контрыкаў» з тым разлікам, каб потым даручыць ім самую адказную работу. Усё гэта было ўзгоднена з начальствам калоны. І іменна табе мы даручылі гэту адказную справу як сумленнаму і спрактыкаванаму брыгадзіру.
— Не, землячок, з мяне хопіць. Калі вы тут усе разам не прымеце ніякіх тэрміновых захадаў, палова маіх людзей выйдзе са строю.
— Другімі папоўнім брыгаду,— сказаў той холадна.
— Тады я сам падам у адстаўку,— папярэдзіў нарадчыка Міхась.
— Што ж, паспрабуй, табе не прывыкаць.
На гэта Міхась нічога не адказаў свайму «дабрадзею» і моўчкі выйшаў за дзверы.
А рабацягі і на самай справе пачалі адзін за другім выходзіць са строю. Яны трацілі прытомнасць проста ў кар’еры, і іх на гэтых жа машынах адвозілі, каго ў медпункт, а каго і ў лазарэт, адкуль яны ўжо больш у брыгаду не вярталіся...
— Брыгадзір,— прасілі яго рабацягі,— зрабі што-небудзь, каб нас перасталі так мучыць. За што ж гэта так?
— Стараюся, але нічога не магу зрабіць,— апраўдваўся, як мог, Асцёрскі.
А калі ўжо брыгада пачала атрымліваць не па 500, а нават па 300 грамаў хлеба на дзень, ад чаго зусім заняпала, Міхась канчаткова вырашыў адмовіцца ад брыгадзірства. Ён прыйшоў да земляка Мароза-нарадчыка і катэгарычна заявіў яму аб сваёй адстаўцы з пасады брыгадзіра.
— Больш на такое свавольства я глядзець не магу. Гэта ж свядомае забойства. Гэта не рабства Старажытнага Рыма, каб так здзекавацца з людзей!
— З выразамі папрашу быць асцярожней! — папярэдзіў Мароз Міхася.— Не забывай, хто ты і за што сюды трапіў.
— Не хвалюйся, я ведаю, што гавару. А баяцца мне няма чаго. Горшага ўжо не будзе. Брыгадзірам жа я больш не буду! Хопіць з мяне.
— Гэта канчатковае тваё рашэнне ці ты цану сабе набіваеш?
— Канчатковае. А наконт цаны, дык прымі яе ў свой адрас.
— Можаш ісці! Не, пачакай! За тое, што самавольна пакідаеш брыгаду, я абяцаю табе суткі карцэра і яшчэ двое сутак — за рымскае рабства! Ідзі ў барак, па цябе прыйдуць.
Нарадчык не схлусіў: праз гадзіну па Міхася прыйшоў ахоўнік і загадаў ісці ў абяцаны нарадчыкам кандзей. Але там Міхась прасядзеў адну толькі ноч. Назаўтра раніцай, пасля разводу, у карцэр зайшоў начальнік калоны Шпілер, спытаў у Міхася, за што яго пасадзілі, пасля чаго даў каманду выпусціць.
— Ідзіце ў барак. Сёння адпачніце, а заўтра пойдзеце ў брыгаду Аргокава, будзеце працаваць з канём — вазіць на калымазе зямлю. Нарадчык паступіў з вамі няправільна, за што будзе пакараны.
Калі назаўтра Міхась выйшаў на работу, то здзівіўся, што ў той жа брыгадзе апынуўся і Мароз — учарашні нарадчык.
— Ну што, землячок, вось і сустрэліся. Як я рады такой сустрэчы,— з’едліва сказаў Міхась.
— Не выхваляйся,— апраўдваўся Мароз.— Гэта тваё шчасце, што начальнік пра ўсё даведаўся і па старым знаёмстве выратаваў цябе, а то пеў бы ты там рэпку.
— Табе таксама па знаёмстве дапамог начальнічак.
— Што, здзекуешся? — пакрыўдзіўся Мароз.
— Няма жадання здзекавацца. Ты проста — нікчэмны нягоднік, вось і ўсё,— сказаў Міхась. І крыкнуў на каня, на якім вазіў зямлю:
— Но, пайшоў!
Мароз стаяў, як апляваны, не ведаючы, што сказаць у адказ свайму калючаму земляку. Так яны і працавалі потым цэлы месяц плячо ў плячо, пакуль не адбылася непрыемная падзея, пра якую будзе расказана трошкі пазней.
Новыя знаёмствы
Неяк так здарылася, што Міхась застаўся без сяброў і знаёмых — адзін як перст. На гэта былі дзве прычыны. Па-першае, на новай калоне (камандзіроўцы) ён быў амаль што навічок, а па-другое, пасля адмовы ад брыгадзірства яго адразу ж перавялі ў другі барак і накіравалі працаваць у другую брыгаду. А таму адзіным сябрам у яго заставаўся Ілья Чаўчавадзе — томік выбраных вершаў гэтага паэта, які падарылі яму год назад грузіны. З ім ён не расставаўся ні днём, ні ноччу. Спрабаваў і сам нешта крэмзаць. Але ўсё напісанае ў час кожнага «шмону» (вобыску) даводзілася знішчаць. Бо займацца такою справай у лагеры строга забаранялася.
І вось, на шчасце Міхася, з’явіўся новы сусед па нарах Мікалай Расказаў, які адбываў тэрмін па так званым артыкуле СВ, пра сэнс якога ён і сам не ведаў. Гэта быў зусім яшчэ малады чалавек, прыблізна гадоў 25, па спецыяльнасці тэхнік-сувязіст, а па схільнасці — літаратар. Яны пазнаёміліся і хутка пасябравалі. Расказаў працаваў на гэтай калоне-камандзіроуцы возчыкам: падвозіў на кухню ваду і прадукты, а таксама паліва. Калі ён убачыў у Міхася томік з вершамі Ільі Чаўчавадзе, спытаў у яго.
— Ты, Асцёрскі, відаць любіш паэзію? — І, пачуўшы станоўчы адказ, прапанаваў Міхасю пачытаць яго любімую кніжачку паэзіі рускага сучаснага паэта Аляксандра Яшына «Северянка».