На чацвёртыя суткі свайго арышту Міхась пачуў, як па селектары перадавалі тэлеграму ўсім кіраўнікам калон і начальнікам аховы, што ў сувязі з ваеннымі абставінамі будаўніцтва чыгункі Тайшэт — Ангара кансервуецца, а людзі, якія былі заняты на гэтым будаўніцтве, павінны быць накіраваны ў іншыя месцы, а куды — будзе паведамлена дадаткова. Пры гэтым падкрэслівалася, што работу гэту трэба правесці тэрмінова.
— Гэй ты, арыштант,— звярнуўся да Міхася вахцёр,— відаць, тэрмін твайго гасцявання ў гэтым «салоне» канчаецца — ліквідуецца наш лагер. Будуць пераводзіць нас усіх кудысьці ў іншае месца.
— А куды? — як быццам нічога не ведаючы, спытаў Міхась.
— Пакуль што невядома. Абяцаюць паведаміць пасля, дадаткова.
— Скажыце, калі ласка,— паспрабаваў шчасця Міхась,— дзе начальнік калоны, што яго столькі дзён не бачна?
— У камандзіроўцы,— сказаў і засмяяўся вахцёр.
— У якой камандзіроўцы? — не адставаў Міхась.
— А ў такой, у якой і ты зараз,— у цэнтральным ізалятары, а можа, ужо і ў турме. Кажуць, яго западозрылі ў шпіёнстве, за што і будуць судзіць.
— А, вось у чым рэч! А я думаю, чаго яго даўно не відаць нідзе. Значыць, і ён цяпер не «бытавік» будзе, а «вораг народа».
— Ды пэўна ж,— адказаў той няўпэўнена.
А Міхась падумаў: «Значыць, тыя фабрыкі, на якіх штампуюць «ворагаў народа», яшчэ не спынілі сваю работу, па-ранейшаму працуюць».
Не паспеў Міхась прыйсці да пэўнай высновы, як адчыніліся дзверы, і ён пачуў:
— Асцёрскі, выходзь!
— Куды, на работу? — як быццам нічога не ведаючы, спытаў Міхась.
— У барак,— сказаў нарадчык.— Трэба збірацца ў дарогу.
— У якую дарогу? — хітрыў Асцёрскі.
— У далёкую. Ідзі да брыгадзіра, ён усё табе скажа. А мне няма часу.
А брыгадзір, як і нарадчык, сам нічога не ведаў. А мо і не хацеў казаць.
...Зборы доўга не зацягнуліся. З маёмасцю яшчэ трошкі прытармазілі, а што датычыць зняволеных, дык іх праз дзень пасадзілі ў вагоны-цяплушкі і павязлі да Тайшэта, дзе далучылі гэтыя вагоны да іншых з такімі ж «камсамольцамі» і таксама праз суткі накіравалі ў напрамку Краснаярска.
Краснаярскія сустрэчы
Яшчэ седзячы ў вагоне, які вёз яго з Тайшэта ў Краснаярск, Міхась убачыў тое, чаго не мог назіраць у бязлюднай тайзе,— гэта вынікі першых дзён страшнай вайны... На ўсім шляху цягніка — на станцыях, прыпынках, пераездах і проста на перагонах — праз маленькае акенца з кратамі ён амаль нідзе не бачыў чыгуначнікаў-мужчын, асабліва радавых рабочых і стрэлачнікаў. Скрозь працавалі жанчыны. Яны выконвалі абавязкі і стрэлачнікаў, і вартавых на пераездах, і пуцявых рабочых, і нават дыспетчараў. Цягнік, які складаўся выключна з вагонаў з кратамі на вокнах, з узброенымі ахоўнікамі і аўчаркамі на тармазных пляцоўках-тамбурах, сустракалі засмучана і насцярожана. Бо шмат у каго з іх, хто страчаў гэты цягнік, у такім жа становішчы недзе знаходзіліся мужы, сыны, браты, знаёмыя, а астатніх «мужыкоў» павезлі змагацца з фашыстамі. На іх суровых тварах, як здавалася Міхасю, было напісана: «Эх, накіраваць бы гэту сілу на фашыстаў! Павярнулі б яны свае аглоблі назад! А каб уваскрэсіць тых, каго закатавалі свае энкавэдысты? А тыя маршалы, генералы, палкоўнікі, маёры, капітаны, лейтэнанты!.. Ці рызыкнуў бы гэты халерык Гітлер падняць на нас руку? А калі б ён і асмеліўся на такі крок, дык ці ўтрымаўся б? Навошта і каму трэба было нішчыць у тайзе, тундры і ў пясках такіх дужых, адважных, дасведчаных і таленавітых людзей? Хоць бы цяпер апамяталіся тыя крамлёўскія верхаводы — выправілі сваю памылку...»
Так думаў Міхась, так думалі, пэўна, і тыя жанчыны, якія тужлівымі вачыма праводзілі незвычайны таварны цягнік — цягнік з жывой сілай. Але бяда ў тым, што так не хацеў думаць той, ад каго залежаў лёс не толькі гэтага жывога грузу і жанчын з тужлівымі вачыма, а і ўсёй неабдымнай краіны з яе шматмільённым і шматнацыянальным народам. Не хацеў думаць пра гэта той, каго лічылі «найвялікшым з найвялікшых, мудрэйшым з мудрэйшых, чалавечнейшым з чалавечнейшых» — усемагутны наш «бацька», імя якому — Сталін.
А паравоз набіраў пары і імчаўся наперад!.. А куды наперад, ніхто, акрамя аховы і аператыўнікаў, не ведаў. Нарэшце ён спыніўся на нейкай станцыі з мноствам пуцей. Праз некалькі мінут яго загналі ў тупік, на запасны пуць. Ці надоўга — ніхто не ведаў. Убачыўшы ў акенца жанчын з рыдлёўкамі, кіркамі і ламамі, Міхась спытаў у іх:
— Жанчынкі, скажыце, калі ласка, якая гэта станцыя?
— А ці ж вы не бачыце — Краснаярск.
— Акенцы малыя, ды яшчэ і краты на іх... Вось чаму і не маглі разгледзець як след,— не то сур’ёзна, не то жартам адказаў ён жанчынам.
— Бачым, спачуваем, але памагчы не можам,— гаварылі жанчыны.— Мы цяпер самі мала чым адрозніваемся ад вас: галодныя, халодныя і суткамі ходзім у хамуце. І мужыкі нашы таксама, як і вы, недзе будуюць дарогі і здабываюць золата, а каторыя кроў праліваюць...
Праз нейкі час «пасажырам» раздалі запозненае снеданне, якое складалася з аўсянай кашы, салёнай гарбушы і кіпятку.
— А што, калі прапанаваць гэтым жанчынам трошкі рыбы і хоць кавалак хлеба? — сказаў хтосьці са зняволеных.— Яны ж, відаць, галодныя.