— Я першы ахвярую сваю порцыю,— падхапіў Міхась.
— Я таксама,— пачуўся яшчэ адзін голас.
— І я...
— Вазьміце і маю,— чулася з усіх куткоў вагона.
Калі назбіралася некалькі порцый, Міхась як стараста вагона прапанаваў ўсё гэта жанчынам, сваім субяседніцам, ад чаго яны, на здзіўленне, не сталі адмаўляцца. Наадварот, яны ледзь падзялілі між сабою бедныя пачастункі, каб не пасварыцца.
«Пэўна, несалодка цяпер жывецца гэтым маладзіцам, калі яны так узрадаваліся гасцінцам ад зняволеных,— думаў Міхась.— Вось што прыносяць і да чаго даводзяць хапуны і войны».
Апоўдні зняволеных выгрузілі з вагонаў непадалёку ад чыгуначнай станцыі і размясцілі на адкрытай пляцоўцы. Хоць сонца і смаліла, палатак не расстаўлялі, калючым дротам таксама не абносілі. Але замест гэтага яны былі акружаны ўзброеным канвоем з добрым дзесяткам службовых сабак-аўчароў. Трошкі раней там быў выгружаны яшчэ адзін такі ж самы эшалон. Тых пасажыраў прывезлі з-пад Чыты. Да гэтага яны будавалі чыгунку ў Манголію.
Міхась глядзеў на гэтыя тысячы людзей і зноў міжвольна падумаў: «Гэта ж цэлая дывізія! А колькі такіх «дывізій» рассеяна на Поўначы і Паўночным Усходзе краіны! Як бы яны былі цяпер патрэбны там, на Захадзе! Каб кожны з іх знішчыў хоць па аднаму фашысту, і то было б ужо даволі, каб звярнуць шыю агрэсару».
І тут, як праз сон, Міхась пачуў, што яго нехта гукае. Спачатку падумаў, што яму гэта падалося. А калі голас паўтарыў яго імя, ён азірнуўся і ўбачыў перад сабой знаёмую постаць: гэта быў Іван Чуркін, якому ён у Заудзінску дапамагаў уцякаць з лагера.
— Ваня! Няўжо ты? Вачам сваім не веру! Якім ветрам прынясло цябе сюды?
— Эх, браце, насілі мяне розныя вятры і ў розных напрамках. І вось даняслі на сваіх крылах да Краснаярска.
— Ты раскажы мне, толькі ўсё па парадку. А я ж спадзяваўся, што ты «гуляеш па Доне, казак малады». Ці дабраўся ты хоць да свайго Глыбокага?
— Не, браце, не пашанцавала. Вось тут, непадалёку ад Краснаярска, затрымалі.
— І ты з таго часу тут «загараеш»?
— Дзе там, я пабываў ужо чорт ведае дзе!
— Пакуль мы маем час, раскажы, гэта ж цікава!
— Не, падрабязна пра ўсё за два дні не раскажаш.
— Калі не пра ўсё, дык хоць пра галоўнае.
— Дык вось слухай,— пачаў Чуркін.— Пасля таго як ты дапамог мне перабрацца цераз плот з калючым дротам, я цэлы тыдзень ішоў цераз адгор’е Саянаў у напрамку Транссібірскай магістралі. Днём па горна-таежных адхонах, а ноччу ўзбіраўся куды-небудзь на дрэва, прывязваўся поясам і засынаў. Сцярогся не двухногіх — чатырохногіх драпежнікаў, якіх там шмат, заўсёды трымаў напагатове ножык. Калі ж дасягнуў магістралі, дабраўся да бліжэйшай станцыі, а гэта была Зіма, я набыў білет і спакойна сеў у цягнік, які ішоў на захад. Спачатку ўсё было добра, а як толькі наблізіліся да Краснаярска, недзе ў раёне Тайшэта ці Канска, да мяне падышлі два оперсосы і прапанавалі паказаць дакументы.
— Ва ўсіх пасажыраў правяралі ці толькі ў цябе? — спытаў Міхась.
— Ды не, выбарачна. Тут я сам вінаваты,— працягваў Чуркін.— Купіў газету і трымаю яе, як кажуць, дагары нагамі, а сам, як той злодзей, ваджу вачамі па ўсіх кутках вагона. А яны ж, аператыўнікі, ужо спрактыкаваныя, адразу зразумелі, што я зэк-уцякач. Ну, і прычапіліся, маўляў, куды я еду і чаго. Потым запатрабавалі дакументы, а ў мяне іх нікс. І адразу ж узялі за задняе месца. Спачатку прывязлі ў Тайшэт, потым—у Заудзінск. Пасля допыту і лупцоўкі — у Чыту і нарэшце — сюды, у Краснаярск.
— Калі затрымалі, білі? — зноў спытаў Міхась.
— Не, там, у Тайшэце, не білі, а вось як толькі прывязлі ў Заудзінск, так ужо здзекаваліся, што думаў не выжыву ці застануся без рэбраў. Яны, гадзюкі, білі так, што я траціў прытомнасць, адлівалі вадою. Білі і прыгаворвалі: «Будзеш ведаць, падлюка, як парушаць савецкія законы і падводзіць сумленных людзей — ахоўнікаў. Ах, контрык, і тут правацыруеш! Не задаволен савецкім заканадаўствам? Ухіляешся ад адказнасці? Бег да Гітлера па абарону? Не выйдзе! Савецкая ўлада моцная! Моцныя і нашы законы з іх ахоўнымі органамі! Як чарвяка раздушым!» — так яны ўвесь час прыгаворвалі, калі білі. Паўжывога, паўмёртвага кінулі мяне ў цэнтральны ізалятар Южлага, а праз некалькі дзён адвезлі ў Чыту, дзе таксама змясцілі ў ізалятар. Не ведаю, колькі мяне там трымалі б і дзе я зараз быў бы, каб не гэта падзея, усенароднае гора,— працягваў Чуркін свой расказ.— Чуў, што рыхтавалі мяне і яшчэ добрую сотню такіх, як я, накіраваць у раён Нерчынскіх руднікоў, дзе калісьці «загаралі» дзекабрысты. Але падзея перапыніла. Як толькі дайшлі чуткі аб пачатку Айчыннай вайны з нямецкім фашызмам, нас, уцекачоў, разам з «паслухмянымі» нявольнікамі пасадзілі ў таварныя вагоны і прывезлі сюды. Ты сюды прыехаў толькі сёння, а я ўжо «загараю» тут трэція суткі. Як ты думаеш, куды нас цяпер накіруюць? Бо ў Краснаярску такой процьме людзей рабіць няма чаго.
— На такое пытанне не магу адказаць. Можа, яшчэ і само начальства не ведае, што з намі далей рабіць,— сказаў свайму сябру Міхась.
— Кажуць, у Нарыльск павязуць,— разважаў Чуркін.