Читаем Пяты этап полностью

— Што ж з таго, што ты знайшоў папяросную паперу?

— Папяросная папера замежная, у нас такіх няма. Мы, сяляне, з газеты самакруткі палім. Вось я і пайшоў шукаць па слядах, бо тут павінны быць дзесьці людзі з-за мяжы, з Польшчы... кантрабандысты...

— Можа, гэтая папяросная папера некалькіх дзён ужо тут ляжыць?

— Не... Свежая... Каб даўно ляжала, тады б яе раса пад’ела і пакурчыла...

«Як трэба асцерагацца! — думаў Забава. — Найменшая драбяза можа цябе выдаць!»

Затрымаўшы селяніна пры сабе і па-ранейшаму прыкідваючыся «упа­дай», Забава распытваў яго спачатку пра самагонку, а потым пра шмат што іншае дзеля інфармацыі, бо яшчэ не вельмі добра ведаў памежжа.

Ужо густыя цені дрэў клаліся ў лесе, калі адпусціў свайго палоннага.

— Ідзі сабе, — сказаў, — толькі глядзі, бо мне нешта не вельмі хочацца табе верыць. У вас народ хітры! Ой, хітры!

Селянін скіраваў на паўднёвы ўсход, паспешна ідучы праз балота ў кірунку гасцінца. Калі яго крокі аціхлі, Забава выцягнуў з-пад яліны мяшок са шкуркамі, замацаваў яго зручна на спіне, праверыў зброю і рушыў на захад, асцярожна пераскокваючы з купіны на купіну.


* * *


Забава блукаў дзесьці паблізу мяжы. Нягледзячы на тое, што меў з сабою компас, не мог выйсці на вядомую яму дарогу, а пераходзіць з таварам мяжу ўсляпую, у невядомым месцы, не хацеў. Блукаў па цёмных, як тунелі, сцяжынах, ахінутых, нібы скляпеннямі, галінамі ляшчыны. Чуў удалечыні спеў чырвонаармейцаў, але слоў за вялікай адлегласці не мог разабраць.

Вырашыў абавязкова выйсці на гасцінец і пераходзіць мяжу паблізу яго. Амаль з гадзіну ішоў назад на ўсход, а потым скіраваўся на поўдзень. Такім чынам аддаліўся ад мяжы і, як яму здавалася, павінен быў знайсці гасцінец. Увайшоў у вялікі лес. Магутныя хвоі стаялі чорныя, змрочныя і здавалася, што сваімі кронамі падпіралі неба. Пахла грыбамі, цвіллю і гнілой драўнінай. Паветра было вільготнае... Сцяжына вілася між кустоў і дрэў... Перасякалі яе, як набрынялыя вены, магутныя карані лясных волатаў. Лес станавіўся ўсё гусцейшы.

«Напэўна, паблізу будзе рачулка», — думаў Забава. У адным месцы давялося яму затрымацца даўжэй. З левага боку ад сцяжыны, па якой ішоў, адчуў на сабе погляд. Спыніўся... Злавесныя фасфарычныя вочы глядзелі з цёмнай глыбіні лесу.

«Што за д’ябал?! Можа гэта рысь?» — падумаў Забава. Навёў рулю рэвальвера ў тым кірунку... Вочы не міргнулі. Гэтак жа холадна і жорстка, свецячы злымі агеньчыкамі, упарта глядзелі на яго. Забава пачаў шоргаць нагамі па зямлі, пакуль не наткнуўся на паўзгнілую галіну. Падняў яе, не спускаючы вачэй з хмызняка, дзе засеў невядомы яму звер, потым кінуў галіну ў тым кірунку. Зрэнкі на момант патухлі. «Прыжмурыліся», — падумаў Забава. Потым вочы зноў засвяціліся — халодныя, жорсткія, нібы нечага чакалі. «Шкада, што няма ліхтарыка», — падумаў. Вырашыў даследаваць, што гэта за вочы такія? Жадаў стаць твар у твар з невядомасцю, каб увесьчасна не чакаць нападу збоку ці ззаду. Навошта яму гэты клопат? Выняў другі рэвальвер і рушыў наперад, на вочы. Напаўсагнуты, сабраны, гатовы да нападу і абароны, зрабіў больш як дзесяць крокі і... убачыў на нейкім лясным пустазеллі два светлячкі. Ляжалі так, што адлегласць паміж імі раўнялася прыблізна адлегласці паміж вачыма драпежнага звера — рысі або ваўка...

На мяжу Забава прыцягнуўся пасля шматгадзіннага блукання па бездарожжы. Яшчэ раз пераканаўся, як лёгка можна заблудзіцца ў лесе ў пошуках «добрай дарогі». У такіх выпадках лепш за ўсё ісці па компасе, наўпрост, а не шукаць зручнага шляху. Менавіта такім спосабам, увесь час ідучы на захад, Забава выйшаў на мяжу, калі ўжо зусім страціў надзею знайсці гасцінец. Не заўважыў папярэдне адной драбязы: тое, што некалькі гадзін таму палічыў за паляну, праходзячы праз яе на другі бок, і было гасцінцам з утравелымі каляінамі. Таму і стаў круціцца і блукаць, аддаляючыся ад яго ўсё больш і больш.

Мяжу пазнаў па межавых слупах, але быў здзіўлены, убачыўшы перад ёй густую сцяну калючага дроту. Знайшоў паблізу доўгі дрын. Намерваўся, абапіраючыся на яго, бяспечна перайсці на другі бок перашкоды. У нейкі момант адзін з дратоў выслізнуў з-пад ступакоў, і Забава ажно па калені праваліўся паміж дратамі, а тулавам перакуліўся назад так, што галавой і рукамі датыкаўся зямлі. Пачаў выкарасквацца з жалезных кіпцюроў, у якія нечакана патрапіў, але заблытваўся яшчэ больш. Зразумеў, што павінен захаваць як найбольшы спакой, калі жадае хутка выбрацца. Выняў рукі з рукавоў і ўжо цела вызвалілася напалову. Пачаў вызваляць ногі, што было вельмі цяжка.

«Добра б я выглядаў, калі б падышлі бальшавікі!» — падумаў. Але ніхто яму не перашкодзіў і ён неўзабаве выбраўся з пасткі, хоць адзежу падраў на шматкі і скрывавіў рукі і ногі. «Нібы сабакі дзёрлі!» — са злосцю сказаў самому сабе.

Неўзабаве перабраўся на другі бок перашкоды. Пайшоў уздоўж мяжы. Дабрыў да межавых слупоў. Спыніўся побач таго, на якім быў змешчаны дзяржаўны герб Польшчы. Пляснуў яго далонню і сказаў: « Здароў!»


* * *


Перейти на страницу:

Похожие книги