Дзяўчына звычайна спала позна, ужо тыдзень яна была адна ў гэтай гарадской кватэры і на ўласны густ ладзіла ўсе свае справы. Бацькі не ўзялі яе з сабой на прыгарадную дачу, бо яна мела пераэкзаменоўку па музыцы і таму, як казала маці, была прывязана да фартэпіяна.
— Бух-бух-бух! — усё неслася знадворку, і Галя, струхнуўшы рэшткі сну, зацікаўленая, падскочыла да акна. За цюлевай занавескай ляжаў завулак — неўпарадкаваны гарадскі закутак, бы канавамі, парэзаны з вясны засохлымі каляінамі самазвалаў. Улетку тут панаваў пыл, а ўвосень — гразь; пасля таго як закончылася будаўніцтва школы, машыны ўжо не хадзілі, а пешаходы ў дажджлівыя дні пераадольвалі гразкія мясціны, трымаючыся за шчыкеціны агарожы.
Цяпер тут рабілася нешта новае.
У нізінцы наўкос ад Галінага акна, на месцы самай упартай лужыны, якая высыхала толькі ў сярэдзіне лета і куды жыхары скідвалі рознае смецце, банкі, бутэлькі, бітую цэглу, — у гэтым запаведніку хлапчуковых гульняў цяпер з’явіліся новыя людзі. Прыладжаны на камянях, бы перакуленая задымленая прызма, стаяў там вялізны асфальтавы кацёл, пад якім незнаёмы чалавек распальваў агонь, а другі — нейкі голы да пояса хлопец — шырока расставіўшы ногі, лупіў шлягаю ў закураны жалезны бок.
Галя адчыніла акно і незадаволена паморшчылася заспаным кірпатым тварам, — калі ён так будзе бухаць доўга, дык, відаць, і сёння не дужа дарвешся да музыкі. А папрактыкавацца як след было неабходна — заставаліся апошнія два дні, усе ж астатнія патрачаны на волі, якая выдараецца рэдка і заўжды так вабіць шаснаццацігадовую дзяўчыну, не надзеленую вялікімі абавязкамі.
Чароўная свежасць першых гадзін ранку лілася ў вокны рэшткамі застаялай начной прахалоды, роснай духмянасцю кветак з гародчыку, светлай вольнасцю шырокага пагоднага неба. Расхінуўшы гардзіны, Галя яшчэ раз агледзела завулак — над катлом, развяваючы наўкола гаркоту, ужо курыўся шызы дымок, а рабочы адышоў у бок і выціраў рукавом твар. Гэта быў стары сухенькі чалавек з пільнымі вузенькімі вачыма і маленькай галавою, накрытай захапанаю кепкай-аладкай. Якіх паўхвіліны ён думаў аб чымсьці, зазірнуў у кацёл і сказаў маладому;
— Ну хопіць, ядрона рэпа.
Малады — невялічкі, ладна збіты крапак — паслухмяна апусціў шлягу і стаў, зморана аддыхваючыся, пабліскваючы матавымі загарэлымі да рудога лапаткамі. Калі хлопец павярнуўся тварам да вокан, Галя аж войкнула ад здзіўлення — такі ён быў белы — і вочы, і зубы, а валасы і бровы, бы заінелыя, аж свіцеліся на загарэлым смяшлівым твары. «Гэ, дзед Архіп і Лёнька», — чамусьці мільганула ў Галінай галаве, і яна засмяялася, нібы падгледзела што — патаемнае і сарамлівае. Адразу ёй стала чамусьці дурасліва і добра, знікла санлявасць і былая кароткая прыкрасць. Дзяўчына крутнулася ад акна і з зухаватай жвавасцю пачала прыбірацца. Двума ўдарамі Яна падбіла падушкі, страсла з коўдры заспанае кацяня, са спрытнай нядбайнасцю захінула пасцель. Пасля з гэткай жа лёгкай рухавасцю памылася, апранула паркалёвую, у сіні гарошак сукенку і, закідваючы перад люстэркам галаву, некалькімі ўзмахамі грэбеня прычасала кароткія валасы. «Усё», — сказала яна сабе і з налёту крутнулася на круглым фартэпіянным зэдліку.
Трэба было іграць надакучлівыя гамы.
Пальцы прызвычаена, самі сабой бегалі па клавішах, піяніна неахвотна выціскала скупыя разрозненыя гукі, а Галя неўзабаве адчула, што ёй карціць другое — паглядзець у акно. Нейкі час яна стрымлівалася, прымушала сябе да музыкі, але ўрэшце зноў расхінула гардзіны і аддалася цікаўнасці.
Лёнька ўжо болей не стукаў той аглушальнаю шлягай, а разам з Архіпам цяпер займаўся новаю справай. Стоячы па абодвух баках катла, яны даўжэзнымі лапатамі нешта мяшалі ў ім. Гэта, відаць, было вельмі цяжка. Стары, падобны на жука ў сваёй зашмальцаванай чорнай вопратцы, неяк памаладому зухавата арудаваў лапатай. Напружваючыся з усяе сілы, ён уладарна падгінаў дзержанок пад сябе, пераварочваў у катле смалістую масу, крактаў ад напружання і задавальнення і паддзяваў зноў. Малады з другога боку, мабыць з яшчэ большай заядласцю, рабіў тое ж самае, намагаючы болей рукамі. На яго загарэлай спіне ад вялікай натугі цвёрдымі жаўлакамі варушыліся мускулы.
— Прысмылела, прыкіпела, надаела — павярнісь! — прыпяваў стары, і Лёнька аж ззяючы бліскучым ад поту тварам, радасна варочаў дымнае чорнае месіва.
Міжвольна паддаючыся чароўнай сіле іх цяжкай працы, Галя ўжо забылася на свае абавязкі — ёй было хораша і забаўна тут, з вышыні другога паверха, назіраць за гэтымі пашчырасці працавітымі вясёлымі людзьмі. Яна ўжо здагадалася, што яны вараць асфальт для вуліцы, і ў дзяўчыны разам з цікавасцю да іх справы з’явілася яшчэ і ўдзячнасць за клопаты, якія мелі дачыненне і да яе.