Трымаючы напагатове свой ППШ, сержант абабег домік, запыленымі ботамі трушчачы шкло і паскіданую з даха чарапіцу. У ім усё тлеў невыразны, так і не праяснены смутак аб забітым узводным, у якога, бы эстафету, падхапіў ён чарговы клопат — павярнуць узвод фронтам да кірхі. Лемяшэнка не дужа разумеў, навошта гэта было, але апошні загад камандзіра набыў ужо сілу і вёў яго новым кірункам.
Ад доміка па вузенькай дарожцы, выкладзенай бетоннымі пліткамі, ён дабег да весніц. За шчыкетнай загарадкай цягнуўся нешырокі завулак. Сержант зірнуў у адзін бок, у другі. Дзе-кольвечы сюды выбягалі з панадворкаў байцы і таксама азіраліся. Вунь і яго Ахметаў — выскачыў ля трансфарматарнай будкі, азірнуўся і, згледзеўшы аддзялённага, сярэдзінай вуліцы пашыбаваў да яго. Недзе між садкоў, шэрых катэджаў і домікаў з лютым крэктам разарвалася міна, побач на крутым даху, збітая асколкамі, зрушылася і пасыпалася ўніз чарапіца.
— Улева давай! На кірху!!! — крыкнуў сержант і сам пабег па — над драцяной агарожай, шукаючы дзе якога праходу. Наперадзе з-за курчавай зеляніны недалёкіх дрэў сінім шпілем тырчала ў неба кірха — новы арыенцір іхняга наступлення.
Тым часам у завулак адзін за адным высыпалі аўтаматчыкі; з’явіўся ззаду нізенькі, камлюкаваты, з крывымі ў абмотках нагамі кулямётчык Натужны, за ім — навічок масквіч Тарасаў, які з самага ранку не адставаў ад спрактыкаванага старога байца; з нейкага двара лез цераз загарадзь маруда Бабіч у перакручанай на галаве зімовай шапцы. «Не мог знайсці якога праходу, торба», — вылаяўся ў думках сержант, убачыўшы, як той спачатку перакінуў цераз плот свой аўтамат, а пасля нязграбна пераваліў на вуліцу няўклюднае медзведзяватае цела.
— Сюды, сюды давай! — махнуў ён, злуючы ад таго, што Бабіч, падняўшы аўтамат, пачаў атрэпваць свае запэцканыя калені. — Хутчэй!
Аўтаматчыкі нарэшце зразумелі каманду і, знаходзячы праходы, знікалі ў весніцах, між дамоў, за будынкамі. Лемяшэнка натрапіў на расчыненыя вароты і ўбег у даволі шырокі заасфальтаваны двор, на якім размясцілася нейкая нізкая шэрая будыніна, відаць, гараж. Следам за сержантам убеглі сюды яго падначаленыя — Ахметаў, Натужны, Тарасаў, апошнім трухаў Бабіч.
— Лейтэнанта забіла, — кінуў ім сержант, выглядаючы які-небудзь праход. — Ля белага доміка.
У той час аднекуль зверху і зблізку прагрукацела чарга, і кулі, пакідаючы на асфальце свежыя ямкі і зрыкашэціўшы, імгненна разляталіся ў бакі. Лемяшэнка кінуўся пад сховань глухой бетоннай сцяны, што абгароджвала двор, за ім — астатнія, толькі Ахметаў спатыкнуўся, ухапіўся за біклагу ля пояса, з якой у два струмені нешта лілося.
— Сабакі! Куды ўцэлілі, гітлерчукі праклятыя…
— З кірхі, — сказаў Натужны, пазіраючы праз голле дрэў у бок шпіталя. Яго невясёлы, папсуты воспаю твар агарнуўся клопатам.
За гаражом знайшліся весніцы з завязанай дротам клямкай. Сержант выняў фінку і за два ўзмахі перарэзаў дрот. Яны штурхнулі старыя дзверы і апынуліся пад разложыстымі галіністымі вязамі старога парку, але тут жа пападалі. Лемяшэнка разануў з аўтамата, за ім ударылі чэргамі Ахметаў і Тарасаў — між чорных жылістых камлёў беглі ўрассыпную зялёныя паджарыстыя постаці ворагаў. Непадалёку за дрэвамі праглядваў шырокі прастор нейкай плошчы, і за ім высілася ўжо нічым не затуленая кірха. Там бегалі і стралялі немцы.
Неўзабаве, аднак, ворагі заўважылі іх, і першая кулямётная чарга пырснула жарствой з бетоннай сцяны, абцярушыла парэпаную кару вязаў. Трэба было бегчы далей, да плошчы і кірхі, уссеўшы на ворага, не злазіць з яго карка, не даць яму апамятацца, але іх было мала. Сержант паглядзеў у бакі — болей пакуль ніхто не прабраўся да гэтага парку: чортавы панадворкі і загарадзі сваімі лабірынтамі трымалі людзей.
Кулямёты смалілі па сцяне, па шыферным даху гаража. Байцы распласталіся на драбнюткай далікатнай веснавой траўцы і тыркалі кароткімі аўтаматнымі чэргамі. Натужны выпусціў з паўдыска і сціх — страляць не было куды, немцы пахаваліся ўжо ля кірхі, а іх агонь з кожнай хвілінай гусцеў.
Ахметаў, лежачы побач, толькі соп, злосна раздзімаючы тонкія ноздры, і паглядваў на сержанта. «Ну, а што далей?» — пытаў гэты яго позірк, і Лемяшэнка ведаў, што і іншыя таксама пазіралі на яго, чакалі яго каманды, але скамандаваць што-небудзь было не дужа проста.
— А Бабіч дзе?