Тады ездавы, абапёршыся аб дол рукамі, сеў на травяністай імшарыне побач са сваёй вінтоўкай і ўжо не спрабаваў стрымацца. Канчаткова ахапіўшая яго роспач выціснула з грудзей цяжкі, пакутлівы енк. Гэты енк, спалохаўшы ў цішы самога Максіма, нечакана абудзіў яго, прымусіў зірнуць на сяб е аднекуль збоку, вачыма другога чалавека, чалавека разумнейшага ў жыцці і мацнейшага ў барацьбе. Потым ён адчуў асуджэнне і дакор сабе, агідна бездапаможнаму ў такі рашаючы час. Цяжкія няўцешныя думкі, поўныя бязлітаснай насмешкі над сабой, паплылі ў немаладой яго галаве. Хоць і не першы раз у жыцці напаткала Максіма бяда, але гэтая была зусім іншага складу, чым усе перажытыя. Яна агіднай ганьбай запляміла чалавечую яго вартасць, падсекла надзеі, дарэшты зняславіла ранейшае жыццё чалавека. Як было пасля такога здарэння ісці ў батальён, дзе кожны дзень паміралі людзі, маладыя і больш вартыя, чым ён? Як было жыць, калі пасля гэтага ўжо нічога не заставалася ў душы, апрача вечнай агіды да сябе?
Дык няўжо гэта канец? Няўжо толькі пагібель з’явіцца справядлівай збаўцай ад нясцерпных пакут? Чаму ж тады ён павінен так недарэчна, пагана памерці, а злачынцы-ворагі застануцца жыць і ўчыняць яшчэ не адну смерць добрым людзям.
Усвядоміўшы глыбіню сваёй бяды, ездавы зразумеў, што ёсць у ім нешта мацнейшае за звычайную чалавечую смерць. Пачуццё салдата паступова, але рашуча пачало браць верх, заглушыўшы ўсё іншае, асабістае, якое цяпер выявілася ў ім самым благім чынам.
Усё настойлівей з’яўлялася жаданне дзейнічаць, яно хутка аформілася ў намер і стала непахісным. І хоць вялікі быў яшчэ маральны боль, але на сэрцы ўжо палягчэла, і памалу пачало ўзнаўляцца ранейшае адчуванне злосці. Гэта вярнула сілы, і баец хутка ўзняўся, падхапіўшы вінтоўку.
Дзіўна нават было, адкуль узялося ў Максіма гэтулькі энергіі і спрыту, калі ён пусціўся наўздагон ворагам. Каржакаваты і нязграбны, ён шпаркім крокам сігаў па полі, то прыгінаючыся да зямлі, каб лепш бачыць наперадзе, то намагаючыся ступаць як мага хутчэй і цішэй. У гэтыя хвіліны ездавы ні аб чым не думаў і нічога не адчуваў, апрача ўпартага жадання дагнаць праціўніка.
Невядома, ці доўга ён гнаўся, як пашанцавала яму не збіцца з кірунку, але нарэшце ўбачыў Максім знаёмы сілуэт сваёй фурманкі з няпрошанымі седакамі на перадку. Тады ездавы, на колькі быў здольны, узброіўся хітрасцю і асцярогай, нячутна зайшоў збоку і на хаду прыблізіўся да ворагаў. Яго выстаўленая наперад вінтоўка амаль кранала бліжняга немца. У грудзях моцна білася сэрца, здавалася, вось — вось гучна вырвецца сцятае дыханне і ўсё загіне. Немаладыя ўжо сілы байца падыходзілі к канцу.
Грымотны стрэл рускай трохлінейкі аглушыў усіх — і ворагаў, і Максіма. Крайні немец неяк бясшумна знік пад фурманкай, а другога Максім, дранцвеючы ад жаху, з усяе апошняй сілы выцяў вінтоўкай па галаве.
Далей усё пайшло з нейкім шалёным імпэтам. Максім, падхапіўшы лейцы, вялікім паўколам завярнуў фурманку і дзікім, несваім голасам гікнуў на коней. Ім, напэўна, перадалася ўзрушанасць гаспадара, бо без пугі і новых крыкаў яны так паімчаліся ў цемры, што Максім, паўмёртвы ад перажытага, з вялікім намаганнем трымаўся на возе, які цяжка кідаўся з боку ў бок, грукацеў і падскакваў. Баец зусім не ведаў, куды кіраваць, і ў выбары напрамку цалкам даверыўся коням. І коні імчалі без супынку, наўскасяк мяжыстых палосак шархатлівай збажыны, па глухой мякаці бульбянішчаў, пераехалі неглыбокі высахлы раўчук, асакаватую балацявінку і, нарэшце, непадалёку ад змрочнага лесу выбіліся на нейкую дарогу.
Максім тады спыніў фурманку, прыслухаўся і на поўныя грудзі ўдыхнуў пасвяжэлага падранак паветра. У правым вуху, нібы парваная струна, тоненька звінела ад стрэлу, ва ўсім целе, схаладзелым ад ліпкага поту, з’явілася млявасць, як пасля цяжкай шматгадзіннай працы.
Пачынаўся досвітак. Змрок парадзеў, на ўсходзе святлела неба, гасячы зоры. Наперадзе ля лесу пачуліся галасы, іх адразу пазнаў Максім — то былі свае.
Толькі тады раптоўна неяк зразумеў ездавы, якой вялікай бяды пашанцавала яму пазбыцца ўначы і як пакутліва далася яму маленькая перамога. Ён парадаваўся яшчэ, што ўсе жахі тыя засталіся ззаду, і, хутка губляючы сілы, моцна захацеў спаць. Мабыць, упершыню так выразна адчуў чалавек, што шмат ужо год за плячыма, а за гэтую ноч прыбавілася яшчэ, — бадай, з дзесяць.
1951 г.
Страта
— Матузка, а Матузка! Аглух ты, цi што?
Над шэрай кучай зямлi пад плотам перасталi ўзлятаць угору дробныя камякi i паказалася аблезлая пiлотка i кiрпаты, апечаны сонцам твар.
— Лейтэнант клiча, не чуеш? — сказаў вусаты баец Пiлiпчук, якi, пазвоньваючы медалямі, акопваўся побач.
Матузка зірнуў убок дарогi з вербнымi прысадамi, дзе, высунуўшыся з канавы, нешта махаў яму iх камандзір.
— Матузка!! — гукаў лейтэнант. — Бягом за вёску, перадай Галкiну, каб у лес цераз лагчыну не пусцiў нiводнага фашыста. Сам пакуль што застанешся з iм. Давай хутчэй!