Збянтэжаны тым, што адбылося, не ў стане саўладаць з нервовай дрыготкай у нагах, я прыпёрся плячом да тонкага дрэўца ля акопчыка і сядзеў так, пазіраючы ў поле. Пасля ўсяго, што здарылася, лезці ў акопчык, хавацца было агідна. Чэргі з хутара цяпер не палохалі мяне, здаецца, я ўжо зусім вылечыўся ад страху. Я ўсё чагосьці не мог зразумець, у чымсь не мог разабрацца, я не ведаў, як усё гэта сталася і хто вінаваты. Я толькі адчуваў, што зараз жа трэба нешта зрабіць, каб паправіць становішча. Але што? Было відавочна, што супраць двух бронетранспарцёраў з іх кулямётамі мы бяссільны. У гэты момант я не думаў пра сваю бяспеку, тая стычка на хутары чамусьці не здавалася мне вельмі ўжо страшнай, я проста дрэнна памятаў яе, усё, што здарылася, было як у тумане і ўспаміналася нібы спрасоння. Я праклінаў хітрасць ворага, гарэлку, якая пагубіла Хазяінава, сваю такую недаравальна злачынную бяспечнасць. Маханькоў, мяркуючы па яго самотным выглядзе, не менш за мяне перажываў гэтую бяду і моўчкі сядзеў побач. Нейкім цудам яму ўдалося выскачыць цэлым з тае перапалкі, і цяпер, нібы адчуваючы якуюсь сваю віну, баец увесь час стараўся быць бліжэй да мяне.
— Ось дык пылае!..
Сапраўды, хутар пылаў, нібы цыстэрна з бензінам, і мы з тугой і роспаччу глядзелі на агонь, з якога пашэнціла вынесці ногі. Хоць і не ўсім. Але што мы маглі зрабіць?
— І адкуль яны выскачылі? з-за бугра, пэўна. Мы іх чакалі з сяла, а яны — з-за бугра, — прыціхлым голасам, усё яшчэ здзіўляючыся, казаў Маханькоў. Я задумліва слухаў яго, пакутуючы ад непапраўнасці нашага становішча, як у дальнім канцы канавы пачуўся голас. Неўзабаве ён паўтарыўся бліжэй, клікалі, здаецца, мяне.
— Што такое?
— Таварыш лейтэнант, там завуць.
— Хто заве?
Баец у суседняй ячэйцы, што перадаў мне гэта, аднак, змоўчаў, павярнуўшы голаў у бок дарогі. У начных прыцемках там угадвалася некалькі ценяў, якія, было падобна, кіравалі сюды.
— Дзе камандзір узвода?
Моўчкі я ўскочыў на ногі і ўзбег на дарогу, напружана ўзіраючыся ў шэры паўзмрок ночы. Вядома, я ўжо здагадваўся, хто гэта, і сэрца маё сціснулася ў прадчуванні і яшчэ горшага.
Камандзір палка Варонін, убачыўшы мяне, спыніўся трохі зводдаль, і я, падбегшы, моўчкі стаў перад ім. Няцяжка было здагадацца, якая справа прывяла маёра ва ўзвод аўтаматчыкаў, але слоў для апраўдання ў мяне не было, і я не стараўся знайсці іх.
— Чаму здадзен хутар?
Сударгава сціскаючы рэмень аўтамата на плячы, я маўчаў. Што я мог сказаць яму? Хіба ён сам не бачыў з НП, што адбывалася на гэтым хутары.
— Я пытаюся, чаму здадзен хутар?
— Бронетранспарцёры, таварыш маёр…
— Пляваць мне на бронетранспарцёры! Вы адказвайце, чаму здадзен хутар?
Ведама ж, мае тлумачэнні былі яму зусім непатрэбны, — яму патрэбен быў хутар, а не апраўданні. І я змоўк, гатовы прыняць ад маёра самую цяжкую кару, якую я заслугоўваў. Але ён злавесна маўчаў. Над полем з хутара ўзляцела ракета, у вышыні яна рассыпалася на тры, зорнае неба пыхнула сінявата-дымчатым водсветам. Нас маглі тут убачыць, але маёр нават не варухнуўся, утаропіўшы ў мяне злосны нахмураны позірк. Потым ён выцяг руку і, тыкаючы ёй у поле, ледзяным голасам абвясціў;
— Каб вы мне да раніцы яго ўзялі!
Я маўчаў. Я глядзеў на яго сутулаватую, паверх паў-шубка апяразаную рамянямі постаць, і ў гэты момант для мяне не існавала ў свеце нічога, апроч ягонае гнеўнай улады.
— Вы зразумелі? — не пачуўшы адказу, павысіў голас маёр.
— Зразумеў, таварыш маёр.
— Не возьмеце да васьмі ноль-ноль, я вас расстраляю вось тут, з гэтага вось пісталета.
Ён лёгка выхапіў з расшпіленай кабуры чорны ТТ і ягоным ствалом красамоўна пакруціў перад маім носам.
— Есць! — сказаў я, і голас мой здрыгануўся ад поўнай разгубленасці.
— Вось так! У восем ноль-ноль. Запомніце.
Што ж, запомніў. Я яшчэ дрэнна разумеў усе вынікі гэтага папярэджання, але названую гадзіну я запомніў. Не дужа вясёлы для мяне яго сэнс марудна даходзіў да маёй свядомасці, і калі камандзір палка з двума аўтаматчыкамі далекавата ўжо адышоў па дарозе, я ўсё яшчэ стаяў на месцы, з усяе моцы сілячыся зразумець, што ж мне цяпер рабіць.
Над полем зноў узнялася ракета, затым, калі яна дагарэла, засвяцілася другая — у дрыготкім яе святле пад зоркамі ярка азначыўся выгнуты, растузаны ветрам, след першай. У той жа момант імклівыя пісягі трас замільгалі ад хутара, б’ючыся аб насып дарогі і рыкашэтам пырхаючы з-пад маіх ног — у зараз жа пагусцелы змрок ночы.
— Таварыш лейтэнант!..
Мяне клікалі, за мяне непакоіліся, і я, нібыта ў паўсне, сышоў у свой акопчык пад дрэўцам. Побач, не займаючы яго, ляжаў на баку Маханькоў, неўзабаве аднекуль з ланцуга прыбег і ўпаў побач Грынюк, адзіны ўцалелы ва ўзводзе камандзір аддзялення. Абодва маўчалі, напэўна, чакаючы, што скажу я, але я таксама маўчаў. Да той шматзначнай размовы з камандзірам палка, якую яны ўсе чулі, дадаць мне не было чаго.
Ноч раптам праяснілася, хмары ў небе прарэдзіліся, і ў іх ірваных прагалінах з’явіўся месяц. Немцы яшчэ выпусцілі доўгую чаргу трасіруючых, на гэты раз многа правей уз — вода, у напрамку пагорка, куды пайшоў камандзір палка.