Читаем Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 полностью

— Ну здалося тады, — Грынюк зябка пастукаў абцасам аб заднік. — Фляжачку б для сугрэву, га? Маханькоў, у цябе там нічога не засталося?

Маханькоў здзіўлена паглядзеў на яго, не адказаўшы, і той, відаць, зразумеў, што турбавала нас.

— Кіньце вы гараваць, лейтэнант.

— Ага, кінеш! Вунь гадзіна засталася.

— Го! Цэлая гадзіна! Цэлая гадзіна — гэта ого!

Я маўчаў. Ён мяне злаваў, гэты няпрошаны аптыміст, які, прытанцоўваючы ад марозу, казаў, на мой погляд, абсалютную недарэчнасць.

— Гадзіну — яе перажыць трэба.

— Вы — перажывіцё.

— Можа, перажыву, а можа, і не. На вайне яно ўсяляк бывае.

Грынюк патопаў яшчэ і апусціўся на калені ля акопчыка. Затым, паціраючы рукі, даволі бадзёра, з нейкім нават уздымам падаўся да Маханькова.

— Закурым, ці што, дзяцюк. Каб дома не журыліся.

Я адвярнуўся. Было, бадай што, агідна глядзець на гэтую яго беспадстаўную бадзёрасць, якая злавала мяне, акалелага ад сцюжы, змарнелага ад пакут гэтай жахлівай для мяне ночы. А тут яшчэ нясцерпна мерзлі ногі, але ўставаць і грэць іх няхітрым салдацкім спосабам у мяне проста не было сілы. Сцяўшы ў рукавіцах азяблыя рукі, я журботна глядзеў у начныя прыцемкі, дзе знікала дарога і дзе быў палкавы НП. I, пэўна, таму я адразу ж пачуў у тым баку адзіночны вінтовачны стрэл, які рэзка бахнуў у чуйнай ранішняй цішыні. Праўда, мая ўвага амаль не затрымалася на ім: ці мала страляюць уначы на перадавой ды і ў тыле. Але ў той жа момант таропка бабахнула яшчэ і яшчэ. I праз секунду затрашчала, зашыпела, заохала. Трасіруючыя, мабыць, з рыкашэта, веерам, разляцеліся над пагоркам.

Маханькоў і Грынюк з недакручанымі цыгаркамі збянтэжана знерухомелі каля акопа.

— Што такое?

— Ачумелі яны там, ці што?

— Вартавы, можа? З упуду, — сказаў хтосьці ў канаве. Не, мабыць, гэта не з перапуду. На выпадковы перапалох гэта наогул было мала падобна — дужа ўжо ашалела трашчэлі аўтаматы. Грымнуў, мабыць, гранатны выбух, і зноў — аўтаматы і рэдкае важкае баханне вінтовак.

— Што за халера?

Грынюк сунуў непрыкураную цыгарку за адварот шапкі і ўскочыў на ногі.

— Бадай, нелады. Трэба б паслаць каго.

— Ось і давай! Бяры аддзяленне і — бягом!

Малодшы сяржант кінуўся ўздоўж канавы, і Маханькоў таксама пераскочыў акопчык.

— I я.

На секунду ён затрымаўся, чакаючы мае згоды, але я трохі памарудзіў — штось ва мне раптам запярэчыла супраць таго, каб і ён бег туды. Пэўна, падзеі апошняй ночы зблізілі нас, і цяпер мне проста не хацелася заставацца тут без яго. Але я ўспомніў, колькі ўжо мала засталося хвілінак з майго апошняга часу, і махнуў рукой. Сем чалавек Грынюка выбягалі на дарогу, і Маханькоў, закінуўшы за плячо аўтамат, дагнаў іх.

Страляніна тым часам усё разгаралася, здаецца, сапраўды ў нашым тыле ішоў бой. Дзесьці за хутарам завухкалі нямецкія мінамёты, цяжкія іх міны, скаланаючы зямлю, пачалі рвацца на пазіцыях батальёнаў. Неба завыла, зашуршала, заварушылася. Але я ўсё не мог пагадзіцца з думкай, што праз баявыя парадкі палка прарваліся немцы — у такім разе мы самі апыналіся ў акружэнні, а гэта ўжо было горш за ўсе нашы ранейшыя беды. Аўтаматчыкі ў канаве ўсе насцярожыліся, павярнуліся ў акопчыках і, паглядваючы ў бакі, услухоўваліся ў загадкавую калатнечу.

I тады на дарозе невядома адкуль з’явіўся баец. У непадпяразанай гімнасцёрцы, з аўтаматам у руках ён быў не наш, я адразу сцяміў тое і, нешта адчуўшы, падняўся яму насустрач. Баец, раптам згледзеўшы ўзвод, закрычаў амаль у роспачы, як гэта магчыма, толькі калі трапіш у бяду:

— Аўтаматчыкі?.. Аўтаматчыкі — усім бягом туды! Чуеце? Немцы прарваліся…

— Куды прарваліся? Дзе прарваліся? — ужо ведаючы, што сталася кепскае, зацятым голасам пытаўся я.

— Камандзір, так? Начштаба загадаў: бягом!..

Баец раптам змоўк, нібы праглынуў словы, і пахіснуўся, хапаючыся за бок. Мы ўсе маўчалі, а ён стаў хіліцца ніжай і ніжай, каб не ўпасці, няўпэўнена пераступіў на дарозе.

— Рабяты, бінта…

Нехта кінуўся да яго з канавы, мяне ж у тую хвіліну нібы скаланула штосьці. У свядомасці бліснула здагадка-надзея, і я нават сцяўся ад думкі, што магу спазніцца. Выскачыўшы на палатно дарогі, я крыкнуў узводу: «За мной бягом!» — і ашалела пабег насустрач візгу і ціўканню бою. Ён цяпер не палохаў мяне, самае страшнае — хутар і дарога — заставалася ззаду, а смерць там, на НП, здавалася мне ўзнагародай.

6

I вось я не згінуў, а толькі паранены і нават лёгка — у руку. Тое, што адбылося потым на схіле пагорка з назіральным пунктам, заняло дзесяць хвілін і помніцца цяпер да кожнай драбніцы. Аказваецца, немцы абыходзілі мой узвод, каб ударыць па ім з тылу, ды налезлі ўначы на палкавы НП. На шчасце, мы былі побач і прыбеглі для паратунку ў час. Аўтаматчыкі ўварваліся ў траншэю, калі ў ёй ужо былі немцы — пайшлі ў ход гранаты, лапаты, нажы. Васемнаццаць нямецкіх трупаў засталося на гэтым бугры. Але перапала і нам.

Перейти на страницу:

Все книги серии Васіль Быкаў (зборы)

Похожие книги

Музыкальный приворот
Музыкальный приворот

Можно ли приворожить молодого человека? Можно ли сделать так, чтобы он полюбил тебя, выпив любовного зелья? А можно ли это вообще делать, и будет ли такая любовь настоящей? И что если этот парень — рок-звезда и кумир миллионов?Именно такими вопросами задавалась Катрина — девушка из творческой семьи, живущая в своем собственном спокойном мире. Ведь ее сумасшедшая подруга решила приворожить солиста известной рок-группы и даже провела специальный ритуал! Музыкант-то к ней приворожился — да только, к несчастью, не тот. Да и вообще все пошло как-то не так, и теперь этот самый солист не дает прохода Кате. А еще в жизни Катрины появился странный однокурсник непрезентабельной внешности, которого она раньше совершенно не замечала.Кажется, теперь девушка стоит перед выбором между двумя абсолютно разными молодыми людьми. Популярный рок-музыкант с отвратительным характером или загадочный студент — немногословный, но добрый и заботливый? Красота и успех или забота и нежность? Кого выбрать Катрине и не ошибиться? Ведь по-настоящему ее любит только один…

Анна Джейн

Любовные романы / Современные любовные романы / Проза / Современная проза / Романы