Але Астап Ільіч абышоў станок і, убачыўшы занятага справай хлопца, таксама паўтарыў яго просьбу. Старога паслухалі, і Семянчук уключыў станок. З мяккім шэлестам рабочы агрэгат станка прыйшоў у рух, і рабочыя з таго боку ўсе разам перайшлі на гэты. Слаўка, які пільна ўглядаўся ў станочную адтуліну, нечакана гатовы быў зусім збянтэжыцца ад увагі многіх вачэй. Ён больш, чым патрэбна было, глядзеў на цьмянае зіхаценне імклівай шасцярні, але нарэшце ўзняўся. Ніхто не прамовіў ні слова. Скупыя на хвалу рабочыя стаялі некаторы час, сочачы за рухамі станка, а потым, страціўшы цікавасць да яго, ужо спраўнага і працавітага, пачалі разыходзіцца. Слаўка ўпершыню ўзняў вочы, не стрымаўшы жадання ўбачыць кплівага наладчыка, але яго не было тут. Адзін толькі Астап Ільіч усё гладзіў вусы, стоячы побач, і нарэшце сказаў:
— Аднак добра гэта ты справіўся, малайчына.
Слаўка выйшаў пакурыць на якую хвіліну, што заставалася да пачатку змены.
Яркае ранішняе сонца зіхатлівымі праменнямі і вясновай цеплынёй поўніла прасторны заводскі двор; безліч светлых блікаў ад шкла і металу блішчэла наўкола; зеленаватым рэдкім воблачкам быў ахутан малады клёнік, пад якім на скрынках дымілі цыгаркі рабочых. Слаўка накіраваўся туды, але ўбачыў там Прохарава і спыніўся. Не хацелася яму зараз бачыць гэтага свайго ворага. Аднак нешта новае і рашучае з’явілася зараз у ім, і хлопец цвёрда закрочыў да клёніка.
— Ну і спрытна, маэстра, гэты блазан уцёр табе нос, — гойдаючы нагою, загаварыў да Прохарава Зяблікаў. Слаўка з-пад ілба зірнуў на наладчыка, ён чакаў, што той зноў скажа што-небудзь абразлівае, і падрыхтаваўся не змаўчаць, а на гэты раз даць добры адпор. Але Прохараў нечакана спакойна сказаў:
— Ідзі сюды, Слава, сядай і закуры маіх, ленінградскіх.
Ад гэтых слоў Слаўка аж разгубіўся нават і, падпарадкоўваючыся сардэчнасці чалавека, падышоў да наладчыка і няёмка сеў побач. Ён закурыў тых, ленінградскіх, папярос і прыемна адчуваў, як паступова знікае ў ім злосць да гэтага чалавека і з’яўляецца новае, яшчэ нязведанае добрае пачуццё. Нейкі час ён маўчаў, рабочыя ўсмешліва і добразычліва пазіралі на яго, а наладчык сказаў:
— Ты не вельмі крыўдлівы, праўда? Ну і добра.
— А што яму крыўдаваць? — не сунімаўся Зяблікаў. — Ён, глядзі, хітрэйшы за цябе, маэстра.
Прохараў пільна з-пад ілба паглядзеў на франтаватага рабочага:
— А ты маўчы! Ну і хітрэйшы, і разумнейшы, дык што ж? Ён атэстат сталасці мае, а мы што з табой — па сямігодцы?
— Э не! Я больш.
— Усё роўна дурань, — адрэзаў Прохараў. — А ён вось малайчына.
Слаўка сарамліва ўсміхаўся ад наладчыкавых слоў і думаў: як гэта дзівосна атрымліваецца, што нечаканая ўвага нядаўна яшчэ непрыемнага чалавека стала такой прыемнай і жаданай, і сам чалавек гэтак адразу перамяніўся да яго. Але ўсё тое добра, што добра канчаецца. У Слаўкі ж вось апошняя ільдзінка, якая засмучала яго нядаўна, растала ў гэты пагодлівы ранак, і, зірнуўшы ў высокае чыстае неба, хлопец, здаецца, упершыню адчуў прамяністую звонкую радасць вясны.
[1957 г.]
Буйны выйгрыш
У нядзелю ранкам спіш і адчуваеш, што дзень гэты не такі, як усе дні тыдня. Гэта — выходны, і таму у галаву ўжо лезуць іншыя, адметныя ад будзённых думкі, а душу агортваюць святочныя адчуванні. У нядзелю звычайна чакаюць цябе цікавыя з’явы. Вось хоць бы латарэя. Сёння, пэўна ж, табліца выйгрышаў ашчаслівіць тысячы людзей, і хто запэўніць, што ў гэтым ліку не апынецца і мая асоба? Новая думка адразу праганяе сон, я ўскокваю і, накінуўшы хатняе адзенне, выходжу на двор. Але ў скрынцы на дзвярах яшчэ пуста — гэтыя сувязісты ніколі не спяшаюцца, калі вельмі чакаеш іх. Трошкі маркотна ад першага расчаравання, але нішто. Калі вельмі хочаш стаць уласнікам «Волгі» ці «Масквіча», дык мусіш ужо без скаргаў пратрываць якіх пару гадзін.
А ў небе тым часам ужо дужаецца сонца з густой замессю хмар, і на зямлі то праімчыцца іх цень, то нахлыне спякота. Шуміць, пляскае лісцём малады садок, шапацяць агародныя грады. За рэдкім невысокім шчыкетам, у суседзяў на лаўцы ўжо дыміць люлькай дзядзька Пракоп. Гэты пажылы чалавек, худы, але шырокаплечы, з учэпістымі працавітымі рукамі. Ён 30 год пражыў на чужыне, адкуль вынес тую ж беднасць, з якой і ехаў туды, кучу невясёлых успамінаў і новае прозвішча «Пракоп-амерыканец». Я падыходжу да шчыкету, бяруся за яго дашчатыя вастракі і вітаюся.
— Адпачываем, значыць? — кажа дзядзька Пракоп, прыплюшчваючы ад дыму сваё запалае вока.
— Ды ўжо ж, — згаджаюся я. — Выхадны. Газет чакаю: латарэя павінна быць.
— А-а, — зразумеўшы, цягне дзядзька. — Выйграць, значыць, жадаеш?
— Ды не шкодзіла б «Волгу» там ці «Масквіча» ў горшым выпадку.
— Ну, вядомая справа. Унук мой аж дзесяць білетаў набыў, — паведамляе дзядзька Пракоп, нерухома абапёршыся на калені вузлаватымі рукамі. I раптам ён выпростваецца, нібы ўсхопліваецца ад чаго, вымае з роту аздобленую меддзю люльку, і на твары яго з’яўляецца захапленне.