— Гэ, вось, хлопец, да ўспамінаў прыйшло. Ужо колькі год, як зусім забыўся на гэтую гісторыю, а ты вось напомніў. Зухаватая, браце, гэта гісторыя там, у Амерыцы, здарылася. Ты часам не спяшаешся? — пытаецца ён у мяне, і па яго жвавых вачах, якія быццам бы загарэліся на кашчавым голеным твары, я здагадваюся, што гісторыя сапраўды, мусіць, цікавая, бо ўжо вельмі хоча расказаць мне яе гэты чалавек.
— Гэта браце я тады маладзейшы быў і ў гаражы адным працаваў у гэтых Штатах — хай ім пекла без дна. Работа простая — мыць гразь, выціраць плямы, качаць бочкі з бензінам, заліваць масла. I там жа, у нас, працаваў механік — містэр Пік. Гэта быў такі ж наёмны працаўнік, як і ўсе мы, рабочыя гаража, але трымаў ён сябе крышачку гэтак з гонарам — механік усё ж! I хоць у яго, як і ў нас, запэцканыя рукі па локаць, але меў чалавек свой домік на ўскраіне, куплены ў растэрміноўку, святочны гарнітур, радыёпрыёмнік і нават старэнькі двухмесны «Форд». Да таго ж гэты містэр Пік быў працавіты, як вол, памяркоўны, бы старая ўдава, і скупы, як банкір. Ужо ён куфля піва не вып’е без дай прычыны. А сам такі чорны, як цыган, маленькі, тоўсты і вельмі вяртлявы. Дык вось я і хачу расказаць, як адна тамашняя латарэя спарахніла лёс гэтага чалавека.
Уся справа, памятаю, пачалася аднойчы ў нядзелю. Містэр гэты раніцою выйшаў на вуліцу, дзе ўбачыў цэлы гармідар газетчыкаў. Усе крычалі пра выпуск грандлатарэі. Пік, аднак, адмахнуўся ад гэтае назолы і пайшоў у гарадскі парк. Але і там вялізныя рэкламы заклікалі яго купляць латарэйныя білеты. У механіка чамусьці сапсаваўся настрой ад гэтых маляўнічых прызываў, і ён зайшоў у кафэ выпіць шклянку мінеральнай вады. Але і там ужо ўсюды раскіданыя і расклееныя аб’явы навязвалі латарэю. Тады ён вярнуўся дадому, а жонка паведамляе яму навіну: заклікала радыё білеты купляць — выгадная справа. Пік ужо раззлаваўся і, насварыўшыся на жонку, запёрся ў бакоўцы. Але з ганку пастукалі ў дзверы. Ён выйшаў адчыніць, і на яго сунуўся — хто думаеш? Адзін з гэтых крыкуноў-назол, што білеты прадаюць. Ды з такім запалам стаў запэўняць чалавека ў выгадзе гэтай латарэі, так распінацца ў бескарыслівасці яе завадатараў, што містэр Пік неяк прамарудзіў і не зачыніў дзвярэй. А трэба табе сказаць, што калі не зробіш гэтага на першым слове, то потым ужо не ўдасца да канца гаворкі. Ужо гэта такі народ! Пакрысе прадавец білетаў улез у калідор, потым апынуўся ў прыхожай і, урэшце, — у бакоўцы механіка. Праз паўгадзіны містэр Пік ужо не пярэчыў, а, загіпнатызаваны гаваруном, сядзеў насупраць яго і злосна маўчаў. А той усё расхвальваў гэтую справу:
— Вы падумайце, дарагі містэр: долар за білет, што вы страціце? А якія выйгрышы ў вашай перспектыве!!! Колькі цудоўных рэчаў, нават акіянскі параход! Мільённая штука, скажу вам, і білет на тое шчасце — адзін долар.
Скончылася, вядома, тым, што містэр Пік, які ўжо звыкся з думкай аб страце долара, купіў білет. Але прадавец не адчапіўся, пакуль не сунуў яму тры. Пік маркотна паглядзеў на іх, пашкадаваў свае долары і, засмучаны, сеў чытаць тэхнічны часопіс.
Дзядзька Пракоп спяшліва хапаецца за сваю люльку, якая ледзь не пагасла, хуценька цмокае яе, там нешта сіпіць, і перад тварам з’яўляецца клуб шызага дыму. Дзядзька прагна зацягваецца разы са тры — чалавеку, відаць, карціць курыць, але яшчэ больш хочацца расказаць гэты цікавы ўспамін.
— I вось, братка ты мой, мінуў час — месяц ці два, не памятаю ўжо, і адбылася тая латарэя. Містэр Пік газет не чытаў, увесь дзень корпаўся ў рухавіках і гэтую падзею прапусціў незаўважнай. Вядома, чалавек глядзеў на яе, як на баламуцтва, толькі шкадаваў сваіх трох долараў і ўсё бедаваў з прычыны такой страты. Мы, тым часам, жартуючы, супакойвалі яго: нічога, не бядуйце, маўляў, містэр Пік — тры долары не вернуцца, затое «Санта Марыю» выйграеце (так называўся той карабель — самы буйны выйгрыш). Казалі так, а самі смяяліся ў душы з гэтага сур’ёзнага, скупога чалавека, які дапусціў гэткую трохдоларавую слабасць.
Але жонка ўсё ж прымусіла яго знайсці табліцу і праверыць білеты. Праверка адбылася ў нядзелю, гэта я ўжо добра памятаю. Памятаю, бо я тады сядзеў ад суботы галодны, злосны і без цэнта ў кішэні. I раптам паштоўка: містэр Пік тэрмінова запрашае да сябе на сямейны абед з прычыны сямейнай урачыстасці. Што, думаю, за дзіва гэткае? Пяць год прапрацавалі разам — ніколі ў яго чарку віскі не выпіў, а тут — урачыстасць. I вось я ў містэра Піка. Там ужо народу багата — нашыя з гаража, інжынер, знаёмы чыноўнік, суседзі. У чым справа? Лагодны, радасны гаспадар паведамляе: на адзін яго білет выпаў выйгрыш — і думаеце што? Аўтаручка ці жавальная гумка? — Не! Сама «Санта Марыя». Усе дзівуюцца, віншуюць, глядзяць табліцу і той білет — сапраўды так. Наш аўтамеханік — уладальнік мільённага акіянскага парахода!