Читаем Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 полностью

Калі добра развіднела, Тэкля ўжо не магла стрымаць сябе і, выйшаўшы на вуліцу, пачала ўглядацца ў дарогу. Спачатку там было пуста, потым з’явілася нейкая фурманка, на ёй сядзела двое мужчын і кабета. Старая ўсё ўглядалася ў іх — пільна і доўга, захлынаючыся ад нецярплівасці, а яны, бесклапотна гутарачы аб нечым і перасмейваючыся, так і мінулі вёску. Потым зноў на дарозе доўга не было нікога, аж пакуль здалёк не паказалася нейкая адзінокая постаць. Яна з’явілася, паматлялася на краявідзе і недзе знікла. У Тэклі адразу адарвалася нешта ўнутры, тупа ўдарыла ў голаў здагадка: «Ён!» Яна прыгледзелася яшчэ і ўжо не магла стрымацца. Не зачыніўшы нават сенцаў, у бахілах набасанож старая хутка пайшла па дарозе. Спачатку яна абмінала гразь, пазіраючы то пад ногі, то на пагорак, потым прыбавіла кроку і ўжо не разбірала дарогі. У нізіне ля калдобін, калі знік з вачэй пагорак, яе ахапіла трывога. Здалося жанчыне, што яна позніцца, што ён упаў там і ляжыць пакалечаны, і маці, цяжка дыхаючы, кінулася подбегам.

Сэрца яе ледзь не разрывалася ад гора і напружання, пакуль яна выйшла з лагчыны. вось — вось, здавалася, яна ўбачыць яго, як у тым сне, на дарозе, зняможанага, пакалечанага. Яна, захліпаючыся ад стомы і хвалявання, узлезла на пагорак, але дарога была пустая. Гэта было першае расчараванне, але яно не пахіснула веры жанчыны. А можа, ён далей, можа, за параснікамі ці ў Лужку, думалася ёй, і старая, не спыняючыся, бегла далей.

Над шырокімі прасцягамі, раллёй і голымі пералескамі непрыкметна зачаўся сумны восеньскі дзень, было ветрана і сцюдзёна. Нізкае неба поўнілася цяжкімі азызлымі хмарамі — яны суцэльным бясконцым статкам плылі з захаду, несучы першы зазімак.

Тэкля не спынілася ні на пагорку, ні ля параснікаў, яна не магла ўжо суцішыць хады — усё ў ёй ірвалася наперад, туды, адкуль яна чакала яго. Увесь час здавалася старой, што вось — вось яна дасягне горкі ці абміне хмызняк і ўбачыць яго, і жанчына ўсё прыбаўляла хады.

Але ён не паказаўся ні з-за горкі, ні з-за параснікаў, а сілы старой пачалі слабець. Адзін раз яна прытулілася да тэлефоннага слупа, нібы ўпершыню здзівіўшыся марнасці надзеі, зірнула назад, наперад. Як добра, падумала старая, што бацька пахаваны дома, на вясковых могілках, што ў яго дагледжаная магілка, а дзе ён? Дзе пахаваны ён? — нема крычала яе душа. Няўжо сапраўды ўсё скончана і ніколі ёй не дачакацца яго і давядзецца падацца ў чужыну да зяця?.. Але чаму пахаваны? Не можа быць, каб памёр ён, ён павінен жыць, ён ідзе гэтай дарогай, дык трэба спяшацца сустрэць яго. І яна шкандыбала па гразі ў невядомую далеч дарогі.

Апоўдні мінула знаёмыя мясціны, вядомыя вёскі. Дарога ўсё вілася ў восеньскіх прасторах, усё з прагнасцю азірала яе маці, але яго не было нідзе. Яна ўсё ішла, але вельмі знемагла ўжо, часта адпачывала на ўзмежках, ля слупа, на камянях. Спыніцца яна не магла, не магла і вярнуцца: ёй здавалася, што жыццё яе сына — у той дарозе.

А то ёй сустрэўся трактар, ён цягнуў вялізную чырвоную малатарню, а на ёй і на трактары сядзела некалькі хлопцаў. Старая саступіла з дарогі ў бок ад грукату і лязгу і ўважліва агледзела седакоў. Адзін, што сядзеў збоч трактарыста ў кабіне, здаўся ёй неяк вельмі падобны да яе Васількі; трактар праехаў, а яна ўсё глядзела ўслед. Хлопец у расшпіленай ватоўцы на малатарні нешта крыкнуў ёй і засмяяўся — яна не пачула яго слоў, але чамусьці аж схамянулася ад яго маладога свавольніцкага смеху.

Падвечар яна ўжо ледзь брыла дарогай, спынялася, задыхалася ад стомы. Старэчы позірк, што так натхнёна вёў яе ўдалеч, пагас пакрысе, як пагасла і яе нясцерпная надзея сустрэць яго. І ўсё ж яна з дрыготкім сэрцам узіралася ў дарогу з-за кожнай павароткі.

Урэшце беспадстаўная вера жанчыны пачала марнець. Усё часцей вярталася думка, што дарэмныя яе надзеі, бескарысны клопат. Не прыйдзе ён сёння і ніколі, бо яго няма ўжо на белым свеце. Усё быў зман, пустыя спадзяванні, і яна прагла толькі даведацца, дзе пахаваны яе сын. Гэта было іншае пытанне, але яно апанавала маці з гэткай жа нязмернай сілай, як і тое, што датычылася яго жыцця.

У небе ўсё гусцелі барвовыя хмары, яны не плылі цяпер, а збіраліся, тоўпіліся над прасторамі, быццам задумаўшы нешта нядобрае. Расплываўся з-за краявіду сіняваты змрок, далячынь сцямнела, насупілася ў прадчуванні непагадзі. Пэўна, блізіўся вечар, ці мо ад хмар цямнела да часу. На сіверным ветры замільгалі рэдкія сняжынкі.

Тэкля некуды ішла, ужо і сама не ведала, куды і па што. Усё больш апаноўвалі яе роспач і гора, яна ведала пэўна, што шчасце не спаткае яе на гэтай дарозе. Але не магла яна і вярнуцца назад — не было ўжо сілы ў яе на тое вяртанне.

Дарога прывяла старую ў нейкі лясок. Абапал шляху цесна стаялі елкі, шумелі, гулі ў ветранай высі іх верхавіны. На доле шамацела змеценае ў каляіны лісце, блішчалі лужыны рудой, мутнай вады. Тэкля ішла па дарозе, абапіраючыся на кій, ледзь пераступаючы збалелымі натруджанымі нагамі. Аднак лес неўзабаве скончыўся, дарога пабегла ўніз да самотнай пустой лугавіны, і жанчына, схамянуўшыся, раптам спынілася.

Перейти на страницу:

Все книги серии Васіль Быкаў (зборы)

Похожие книги

Музыкальный приворот
Музыкальный приворот

Можно ли приворожить молодого человека? Можно ли сделать так, чтобы он полюбил тебя, выпив любовного зелья? А можно ли это вообще делать, и будет ли такая любовь настоящей? И что если этот парень — рок-звезда и кумир миллионов?Именно такими вопросами задавалась Катрина — девушка из творческой семьи, живущая в своем собственном спокойном мире. Ведь ее сумасшедшая подруга решила приворожить солиста известной рок-группы и даже провела специальный ритуал! Музыкант-то к ней приворожился — да только, к несчастью, не тот. Да и вообще все пошло как-то не так, и теперь этот самый солист не дает прохода Кате. А еще в жизни Катрины появился странный однокурсник непрезентабельной внешности, которого она раньше совершенно не замечала.Кажется, теперь девушка стоит перед выбором между двумя абсолютно разными молодыми людьми. Популярный рок-музыкант с отвратительным характером или загадочный студент — немногословный, но добрый и заботливый? Красота и успех или забота и нежность? Кого выбрать Катрине и не ошибиться? Ведь по-настоящему ее любит только один…

Анна Джейн

Любовные романы / Современные любовные романы / Проза / Современная проза / Романы